Меч - адзін з элемэнтаў нашага нацыянальнага гербу "Пагоня" і
знак Вялікакняжацкай улады ў Вялікім Княстве Беларуска-літоўскім.
Выявы мяча почасту сустракаюцца на гярбах беларускае шляхты.
На адным з праектаў гербу бальшавіцкай дзяржавы таксама быў меч,
які, паводле легенды, Ленін загадаў прыбраць, каб паказаць міралюбны характар
бальшавікоў, маўляў - "перакуём мячы на аралы". Скасаваны
так званым правадыром меч ім жа самім і быў укладзены ў рукі ЧК,
пасьля чаго гэтую зброю пачалі называць карным мячом рэвалюцыі.
70 гадоў ён лютаваў у Беларусі паводле прынцыпу "Мой меч - твая галава
з плеч". Інтэлігенцыя, рабочыя, сяляне, ды й самі бальшавікі
скаштавалі яго напоўніцу.
Скрыжаваць мячы. Падняць меч. Прыйсьці зь
мячом. Дамоклаў меч. Выразы зразумелыя кожнаму.
Мечнік - службовая асоба і ганаровае званьне ў Вялікім Княстве,
а таксама ваяр зь мячом і збройнік, які вырабляў гэты тып узбраеньня.
Меч - слова, якое ў тых ці іншых варыянтах гучаньня маюць усе
эўрапейскія мовы. У нашай ад яго ўтварыліся: мечападобны,
мячовы, мечаваты.
Вобраз мяча - адзін з асноўных атрыбутаў вуснае народнае творчасьці.
"Я ж тых маскалёў мячом пасяку" - сьпяваюць сьвяточнымі зімовымі
вечарамі калядоўшчыкі.
Мячыслаў - Беларускае імя, у якім чуецца: мечаны славай,
альбо ўслаўлены мячом.
"Біце ў сэрцы іх, біце мячамі, не давайце чужынцамі быць", -
напісаў у вечна надзённым вершы "Пагоня" Максім Багдановіч пра тых, хто
здрадзіў нашай Бацькаўшчыне.
Сяржук Сокалаў-Воюш
Самае папулярнае
1