Мяжа. Гэтае гоцкае слова са значэньнем «той, што знаходзіцца пасярэдзіне» ёсьць у тым ці іншым значэньні ва ўсіх славянскіх, а таксама балцкіх мовах.
Ад пачатку 80-ых яно актыўна і пасьпяхова пачало выціскаць з нашае мовы запазычанае з расейскай «граніца». Граніца здалася хутка, а вось пагранічнікі біліся да апошняга, пакуль урэшце ня выкінулі белы сьцяг перад памежнікамі. Цяпер пагранічнікі засталіся толькі ў некаторых афіцыйных пэрыёдыках ды ў лексыцы малаадукаваных людзей.
Замежны, замежнік -- два гэтыя вытворныя словы для савецкага ў поглядах чалавека мусілі азначаць непажаданы, непрымальны, чужы, варожы. Для нармальнага - прыймальны, магчымы, свой, сяброўскі.
Адмежавацца, разьмежавацца. У нашым стагодзьдзі гэтыя вытворныя з шэрагаў гаспадарчых перайшлі ў шэрагі палітычныя. Цэлыя пакаленьні абмежаваных насельнікаў краю адмяжоўваліся ад выказваньняў сваіх нацыянальных лідэраў, ад творчасьці сваіх нацыянальных геніяў, ад сваёй гісторыі, культуры, мовы, традыцыяў, яны разьмяжоўваліся з братамі па пяру і ўяўнымі адшчапенцамі. Гэта пераходзіла межы ня толькі здаровага сэнсу але й прыстойнасьці.
Мяжа, межачка, узьмежак, межавы й памежны слупы, межавыя знакі а таксама безьмеж, бязьмежжа, прамежкавы, прамежны -- словы й выразы аднаго гнязда.
Цягам ХХ стагодзьдзя межы Беларусі мяняліся некалькі разоў. Яны дзялілі краіну на Ўсходнюю і Заходнюю, яны забіралі зь ейнага складу абшары для суседзяў і потым часткова вярталі забранае. У выніку, тэрытарыяльна абкрадзеная краіна знаходзіцца цяпер у межах, якія не адпавядаюць ані гістарычным, ані этнаграфічным, ані якім іншым межам беларускага народу. Затое цяпер Беларусь набыла мяжу, якой яна ня мела раней. За заходняй мяжой краіны пачынаецца цывілізаваны сьвет з усімі ненавіснымі ўладам дэмакратыямі, свабодамі і дабрабытамі. А ад сёньняшняга дня там яшчэ й пачынаюцца межы Паўночна-Атлянтычнае супольнасьці -- НАТА.
Сяржук Сокалаў-Воюш
Самае папулярнае
1