У перакладзе з грэцкай мовы слова Metropolis азначае галоўны горад.
Ці сталіца. Ад гэтага кораню ўтварылася шмат якіх словаў, у тым ліку й
французскае metropolitain. У 1984-м годзе сваё мэтро зьявілася і
ў беларусаў, у Менску.
А першы ў сьвеце мэтрапалітэн быў адкрыты ў Лёндане, тады, калі пад
Менскам ішлі баі паміж паўстанцамі Каліноўскага й расейскай арміяй. Мне,
чкамусьці, цяжка спалучыць гэтыя падзеі ў адным часе: "У нас няма дваран"
і "Асьцярожна! Дзьверы зачыняюцца", -- такую, здаецца, далёкую гісторыю
і такі сучасны від транспарту.
Зрэшты, у ХХ ст. мэтро разглядалася ня толькі як зручны транспарт. Гэта
быў і яшчэ адзін моцны сродак савецкай манумэнтальнай прапаганды.
Ад "Плошчы Леніна" мы праз "Кастрычніцкую" ехалі да канечнай станцыі "Маскоўская"
і ганарыліся сваёй далучанасьцю да клюбу мэгаполісаў. Да букету менскага
паветра дадаўся цёплы, смалісты пах шпалаў, а ў лексыкон менчукоў паступова
ўваходзілі новыя фразы: "Сустрэнемся ў мэтро", "Трэба пасьпець на апошні
цягнік", "Ля якой станцыі Вы жывяце?". Казалася ўсё гэта, вядома,
не па-беларуску. Але тое, што моваю падземкі была менавіта беларуская мова,
успрымалася цалкам натуральна.
З набыцьцём незалежнасьці была нават ідэя, што мэтро аўтаматычна станецца
прапагандыстам беларушчыны. Але станцыяў "Кальварыйская" ці "Цівалі"
мы так і не дачакаліся. Ня стала нашае мэтро й дзейснаю зброяй незалежнага
прафсаюзнага руху. Для ўсяго гэтага патрэбныя зьмены наверсе.
Паводле былых савецкіх плянаў сёлета мусіла запрацаваць трэцяя, апошняя
лінія. Але мэтро - штука дарагая. Асабліва пры кошце праезду ў адзін амэрыканскі
цэнт. Можа, менавіта на трэцяй лініі мы калі-небудзь пачуем: "Станцыя
"Каліноўская". Наступная станцыя -- "Плошча 25 сакавіка". Каб ужо
ніколі не праехаць праз сваё.
Зьміцер Бартосік
Самае папулярнае
1