Хто цяпер ведае, што французкае лёгкае і вясёлае слоўца насамрэч колісь
у арабскай мове гаварыла пра насьміханьне.
Пра ўдзельнікаў маскараду гэтак сказаць адпаведна. Кім толькі
не бываем у карнавальных вірах, схаваўшыся пад зьвярынай мордай ці яшчэ
пад якой мудрагелістай прыдумкай. Але якія кпіны з чалавека ў супрацьгазавай
масцы альбо ў масцы мэдычнай? Не пасьмяесься і з маскі,
зьнятай зь нябошчыка.
Затое хораша і насалодна ўдосталь насьмяяцца, быццам выплюхнуць з душы
горыч ды расчараваньне, ў тэатры маскаў.
Непазнавальна пазнавальнае, да болю знаёмае аблічча краіны і часу. Аблічча
кожнага з нас, чыньнікаў вялікае ды трагічнае драмы беларускага жыцьця.
Падаецца часам, што маскі прырасьлі да нашых твараў навечна і сарваць
іх анікому не пад сілу. О гэты няспынны, неўтаймаваны маскарад нашага
прыстасаванства! якое даўно не ратуе, не засланяе, а ўсяго толькі надае
хісткае пэўнасьці што жывем. Прылаўчыліся.
Кабеты шпарка мажуць па тварах розную гародніну і садавіну, намагаючыся
захаваць маладжавасьць, а мужчынам, прынамсі бальшыні зь іх, найзручней
маскавацца пад мужных ды адважных прагна глытнуўшы п’янага зельля.
Хаваем, прыніжана хаваем сваю баязьлівасьць і пакору. Божа магутны!
Здымі з нас гэтую агідлую маску, другое ж тысячагодзьдзе падступае
– дзея драмы зьмяняецца. Старыя дэкарацыі і маскі струхлелі…
Антаніна Хатэнка
Самае папулярнае
1