Замарожаны дэсэрт -- марозіва -- вынайшлі ў Кітаі. І адбылося гэта за 2000
гадоў да Хрыстовага нараджэньня. Якраз тады пачалі кітайскія сяляне даіць
свойскую жывёлу -- найважнейшы кампанэнт марозіва быў забясьпечаны. Новы
прадукт упадабалі імпэратары Кітаю.
Хронікі данесьлі да нас зьвесткі пра паляваньні велічнага Нэрона --
і там на сталох было ўжо марозіва.
У ХVII стагодзьдзі сваім марозівам славілася Венэцыя, у ХVIІІ-м яго
завезьлі ўв Амэрыку. Гатуючы яго тады, малако, цукар, яйкі ды ўсялякія
прысмакі, зьбіралі ў ёмістасьць, абкружаную мешанінаю лёду і буйназярністае
солі. І чакалі, пакуль не ўтворыцца аднародная маса.
У Беларусі марозіва пачало прыжывацца зь мінулага стагодзьдзя. Называлі
яго па-рознаму, прыкладам, на польскі лад -- лёды, або на расейскі -- марожанае.
Былі вось марожанае мяса або рыба марожаная, а тут паявілася
проста марожанае.
Таму рупіліся з пачатку гэтага стагодзьдзя моватворцы беларускія пра
свой, не чужы, назоў. І ў выніку, як былі ў нашай мове малодзіва з прадзівам,
так паявілася ў спадзейныя 20-я гады марозіва.
Любіў гэтае слова Максім Гарэцкі.
Зьявіліся і іншыя беларускія словы абазначыць усё болей і болей ведамы
ў нас ласунак. На чэскі ўзор Вацлаў Ластоўскі выштукаваў зморазь,
а Янка Станкевіч без усякіх узораў у традыцыйнай сваёй самачыннасьці пашыраў
варыянт мярзьлёнка. Прыжылося пакуль збольшага толькі марозіва.
За савецкім часам, з аўтаматызацыяй малочнае прамысловасьці, марозіва
трывала асвоілася сьпярша ў большых гарадох, а тады і ў меншых. Карані
пусьціла сетка кафэ-марозіваў. Пра адно з такіх пісаў некалі ў лірычных
запісах Янка Брыль.
Марозіва прападае без маразільніка. таму зь вёскаю было іначай. Вяскоўцы
частаваліся марозівам, як выяжджалі ў месты, калі грошы й час заставаліся.
Нехта любіў, а хто і ня вельмі.
У нашыя дні ў гарадзкіх крамах прадаюць марозіва сваё і прывезенае.
Першае ведама ж -- таньнейшае, яго пераважна й купляюць. Сярод назоваў
марозіва я заўважыў, нарэшце, днямі нацыянальны -- менскае эскімо. Шкада
толькі, што на абгортках марозіва не прынята ў Беларусі пісаць па-беларуску.
Юрась Бушлякоў
Самае папулярнае
1