Удар кулаком аб стол - апошні вядомы нам жэст Купалы.
Кулак - слова цюрскае, якое ўзыходзіць ад турэцкага kol - рука.
Кулак - зброя. "Ударам кулака быка валіць" - кажуць пра дужага чалавека.
Кулачны бой - ці не адзін зь першых відаў спорту ў Беларусі. Кулаком почасту
вырашаюць спрэчныя пытаньні.
"Ісьці на кулачкі" - удзельнічаць у бойцы.
"Ударыць кулаком аб стол" - кажуць пра таго, хто пры дапамозе такога
ўдару спадзяецца развязаць свае праблемы з начальствам, або пра начальніка,
які хоча гэткім чынам псыхалягічна заатакаваць падначаленых.
Кулак - вораг савецкай улады, багаты селянін-уласьнік, які не зьмірыўся
з бальшавіцкім рабаваньнем вёскі і са зброяй у руках пайшоў бараніць
сваё права на працу і прыстойнае жыцьцё.
Трагічны кантэкст ХХ стагоддзя - раскулачваньне. Гэтае слова, паводле
слоўнікаў, азначае пазбавіць кулакоў зямлі і сродкаў вытворчасьці. Паводле
жыцьця, яно азначае - арышт, допыты, катаваньні, высылку або растрэл. Прычым
савецкая ўлада почасту называла кулакамі адносна небагатых сялянаў. Калі
ж чалавек не пасаваў ні ў адну з названых катэгорыяў, ён трапляў у шэраг
падкулачнікаў.
Шмат хто з гэтых людзей, баронячы сваё жыцьцё, з надзеяй на незалежнасьць
краіны ішлі ў лясы, бралі ўдзел у руху Зялёнадубаўцаў, кіравалі антысавецкай
партызанкай.
Сяржук Сокалаў - Воюш.
Самае папулярнае
1