У гадох 70-х фальклорны хор з палескай вёскі паехаў у Маскву. Пасьля
выступленьня вяскоўцы ўпершыню ў жыцьці вырашылі пайсьці ў рэстаран. З
напояў выбралі самы недарагі і экзатычны – кефір за 8 капеек. Афіцыянт
прынёс цэлы паднос нечага белага ў шклянках – і даяркі зьніякавелі – гэта
было кіслае млека!
Так прызвычайваліся да кефіру, які ў адрозненне ад сыраквашы
набыў новую якасьць: ён сквашваўся ня шляхам натуральнага браджэньня, а
спэцыяльным кефірным грыбком. Паходжаньне слова, як і самога напою,
тлумачаць цюркскімі каранямі – кефір роднасны кумысу, словамі “чыхір”
альбо “чакыр” многія цюркскія народы называюць віно.
Кефір – напой таксама дэмакратычны, як і гарэлка. Яго паважаюць
пэнсіянэры, студэнты, алкаголікі. Для аматарак пахудзець ёсьць спэцыяльная
кефірная дыета. Гэта калі цэлы дзень – нічога акрамя кефіру.
Заява “усё, пераходжу на кефір” – адзін з шырокаўжываных спосабаў
пачаць новы, здаровы лад жыцьця. Клятвы такія зазвычай такія ж нямоцныя,
як поліэтыленавы пакет з кефірам.
Кефір распачаў цэлую сэрыю пераўтварэнняў малака ў ХХ стагоддзі
– ацыдафілін, ражанка, ёгурт. Але застаўся ў гэтым шэрагу лідэрам .
Кефір у крамах зьнікае хутчэй чым малако. Зімой на кефір
малыя спадзяванні. Сакрэт у тым, што ён не вырабляецца з парашковага малака.
Алена Ціхановіч
Самае папулярнае
1