У каваля на Зямлі свой адвечны клопат -- каваць. Каваль -- стваральнік.
Выкоўваючы мэтал, ён куе сваю долю.
У нашага каваля шмат славянскіх блізьнятаў. Разам з рамяством,
замацавалася гэтае слова яшчэ ў праславянскую пару. Беларускія кавалі ў
даўніну былі адначасна гуднікамі, вытаплялі з руды жалеза. Пазьней,
у часе кавальскага буму не рабілі ўсе кавалі аднаго й таго ж самага --
мелі свае дзялянкі. Адзін працаваў мечнікам, другі замкі вырабляў, а трэйці
-- толькі за нажы браўся.
Ня менш як тры гады займала навука кавальства. Пасьля кавалёвы вучні
станавіліся кавалькамі. Каб прызналі за майстра, мусіў кавалёк зрабіць
штуку -- выкаваць што-колечы бяз помачы.
На мяжы мінулага й нашага стагодзьдзяў пакідалі ў нас кавалі грамадзкія
кузьні ў гарадох, куплялі ўласныя кузьні ды асядалі ў вёсках. А там заўжды
было поўна працы: калёсы акаваць, коней падкаваць, зрабіць сярпок ці матычку,
сякерку або сьвярдзёлак.
Цанілі каваля -- вялікі ён чалавек на зямлі!
Але прыйшла савецкая індустрыялізацыя і клопат кавалёў абмежавала. Шчыравалі
тыя ў калгасных майстроўнях, куючы разам з мільёнамі суайчыньнікаў інакшую,
нечуваную на сьвеце, долю. Былі "лепшае будучыні кавалямі". І так ад кавальства
даўнейшага адступіліся, але й шчасьця супольнага не прычакалі.
Застаюцца цяпер прыканцы стагодзьдзя на нашай выбоістай беларускай дарозе,
дзе так ня проста стаць кавалём свайго шчасьця.
Юрась Бушлякоў
Самае папулярнае
1