«Катрыншчык-італьянец сьпяваў сухотным голасам пра невядомае». Усё. Аднпй фразай згадаў Уладзімер Караткевіч у рамане «Каласы пад сярпом тваім» прафэсію катрыншчыка і празь яе - сам інструмэнт, катрынку.
Створаная на пачатку XVIII стагодзьдзя ў Італіі, катрынка прайшла ўсю Эўропу і толькі ў XIX-ым зьявілася ў Беларусі, каб пасьля адносна нядоўгага йснаваньня, на мяжы 20-30-х гадоў канчаткова зьнікнуць.
Цікава, што зафіксаванае ў савецкіх слоўніках гэтае слова паўсюль падаецца бяз прыкладаў. Слоўнік Янкі Станкевіча - таксама бяз прыкладу - падае яго ў польскай форме катарынка, а слоўнікі Ластоўскага ды Некрашэвіча й Байкова катрынку ігнаруюць наагул. Чаму? Відаць, таму, што гэты інструмэнт праз усё сваё нядоўгае жыцьцё ў Беларусі так і ня стаў для нашага народу блізкім.
Катрынка - падман. Беларусы ўмеюць падманваць самых сябе - гэта значыць, цешыцца ілюзіямі й спадзяваньнямі, верыць у хімэры. Але беларусы ня любяць, калі падманваюць іх. Калі заместа музыкі ім падаюць інструмэнт загадзя заладаваны трыма-чатырма песьнямі, якія нават замяніць на іншыя - немагчыма.
Да таго ж, музыка, якая гучала з катрынкі, ніколі не была беларускай. Першая мэлёдыя інструмэнту - французкая папулярная песенька «Charmante Catherine», ад якой, дарэчы, і паходзіць назва інструмэнту. А далей у рэпэртуары - расейскі жорсткі раманс «Разлука» ці вальс «Разьбітае сэрца». Ці не адсюль Караткевічава «сьпяваў пра невядомае».
Мяжа 20-30-х: маленькі падман - катрынка - сыходзіць са сцэны. Яна саступае дарігу вялікаму падману, дзе ў ролі катрынкі пачынаюць выступаць лідэры краіны, зь іхным дзяржаўным ладам, сьветапоглядам, стаўленьнем да народу. Яны «заводзяць катрынку» - гэта значыць, пачынаюць даўгую й нудную размову ўсё пра тое самае, гэта значыць, граюць тыя самыя чатыры мэлёдыі, якія нават пры вялікім жаданьні ня можна ні зьмяніць, ні паправіць... Іх можна толькі выкінуць, але дзеля гэтага трэба ахвяраваць любоўю... да самападману.
Сяргей Сокалаў-Воюш
Самае папулярнае
1