Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касманаўт


Пачынаючы з 12 красавіка 1961 году, калі Юры Гагарын быў, як тады казалі, «запушчаны ў космас», слова «касманаўт» зрабілася на добрае дзесяцігодзьдзе ці ня самым папулярным.

У менскім музэі Янкі Купалы экспануецца кніжка, на якой рукою маці першага касманаўта напісана, што Купалаў верш «Хлопчык і лётчык» у дзяцінстве быў любімым вершам Юрыя Гагарына.

Касманаўтамі ганарыліся, іх біяграфію і колькасьць праведзеных у космасе гадзінаў ведалі на памяць. Іх фотаздымкі ў касьмічных шлемах несьлі на дэманстрацыях, выстаўлялі ў вітрынах крамаў, вешалі над ложкамі ў студэнцкіх інтэрнатах. Кожны школьнік у 60-тых гадох марыў стаць касманаўтам, што пазьней выразна ўвасобілася ў некаторых апавяданьнях Уладзімера Арлова. Ледзь не ўва ўсіх гарадах Беларусі ёсьць вуліцы Гагарына, Цітова і Церашковай.

Эйфарыя перамогі над Усясьветам зьнікла пасьля гібелі касманаўта Камарова, а пасьля высадкі амэрыканскіх астранаўтаў на Месяц прайшоў і гонар, што «мы — першыя».

Слова «касманаўт» зноў замільгацела на старонках беларускіх газэтаў у 70-тых гадох, ужо прывязанае да Пятра Клімука і Ўладзімера Кавалёнка. Зусім няшмат краінаў, акрамя Расеі і ЗША, могуць пахваліцца наяўнасьцю двух касманаўтаў, якія да таго ж тройчы пакідалі межы стратасфэры. Аднак у даведніках Клімук і Кавалёнак усё часьцей пазначаюцца як «касманаўты Расеі».

У 1991 годзе касманаўт Кавалёнак быў адным з тых, хто ўнёс у залю беларускага парлямэнту бел-чырвона-белы сьцяг, але потым стаў адным зь першых, хто адмовіўся ад беларускага грамадзянства дзеля працы ў Маскве.

Бацька мой быў добра знаёмы з Гагарыным і неяк прывёз з Масквы цюбік касьмічнай ежы, які зьнешне быў зусім як ненавісная тады зубная паста. Смак таго парэчкавага джэму застаўся ў памяці зь дзяцінства.

Аднак дзень 12 красавіка для мяне назаўсёды будзе зьвязаны ня з тварам Гагарына ў касьмічным шлеме, а з падзеямі ў Авальнай залі Дома ўраду, калі нас, дэпутатаў апазыцыі, зьбівалі людзі ў чорных масках і спэцназаўскіх шлемах — за тое, што мы жадалі, каб будучыя беларускія касманаўты маглі чытаць любімы верш Гагарына на роднай мове.

Сяргей Навумчык

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG