Да ХХ стагодзьдзя гетаў ў нашым краі ня ведалі. Геты былі
на захадзе, былі на ўсходзе, але ня ў нас.
Само слова гэтае – “гета” – прабіралася да нас з Эўропы. Зь эўрапейскіх
моваў першаю зьведала яго італьянская. На Апэнінскі паўвостраў прынесьлі
слова разам з сабою габрэі. Выпадала ім, найчасьцей з прымусу, ізаляцыя.
Заставалася для іх – гета.
Гета на смутак і на радасьць, на добрае і благое. Гета
як прыпынішча сярод чужых, як выспа свайго парадку.
У беларускіх местах было горай: геты пазаводзілі акупанты пад
час апошняй вайны. Кожны ў нас ведае, куды вяла дарога з тых гетаў.
Геты пладзілі горыч. У гетах цярпелі людзі. У гетах
раскашаваў страх і віжавала сьмерць. Быў гэта сьвет, у якім ня будзеш рады
сьвету. Сьвет, калючым дротам аддзелены ад таго жыцьця, дзе блазнуюць на
карузэлях гулякі і вецер разьвівае жанчынам сукенкі.
У безнадзейным сьвеце гета жылі ў надзеі загнаныя сьляпою сілай
у пастку людзі. На гэнай вайне яны былі найпершымі з ахвяраў.
Вось чаму цягам усіх паваенных дзесяцігодзьдзяў, ажыўляючы ў памяці
гэтае прышлае слова “гета”, наш чалавек звычайна не зьвяртаецца
па прыклады здалёк. Навуку спачуваць і памагаць мы праходзім, дазнаючыся
пра кашмар, сьведкі якога пакуль яшчэ ёсьць сярод нас.
Юрась Бушлякоў
Самае папулярнае
1