Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя забараніла Васільеву выказваць меркаваньні ў пытаньнях

абноўлена

У Менскім абласным судзе працягваецца працэс над былым першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Васільевым, якога абвінавачваюць ў хабарніцтве памерам паўмільёна даляраў.

У Менскім абласным судзе працягваецца працэс над былым першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Васільевым, якога абвінавачваюць у хабарніцтве ў паўмільёна даляраў.

Цягам трэцяга дня працэсу, як і днём раней, суд дапытваў адказных супрацоўнікаў Менгарвыканкаму. Тацяна Краўчанка, якая працуе першым намесьнікам начальніка камітэту эканомікі, пазнала дакумэнт, на якім стаіць рэзалюцыя старшыні Менарвыканкаму Мікалая Ладуцькі. Той даручыў выкананьне дамовы Васільеву, ёй, Лаўнічуку, іншым. У дакумэнтах аб паседжаньні выканкаму 31 сакавіка 2011 году, калі была заключана дамова з чэхамі, яна пазначаная як дакладчык, але насамрэч яе на паседжаньні не было, а пытаньне вырашылася ў працоўным парадку. Сьведка патлумачыла, што такое магчыма. Таксама яна не была на ўрачыстым падпісаньні дамовы 16 сакавіка, калі подпіс пад дамовай аб будаўніцтве пад Менскам чэскага заводу па перапрацоўцы сьмецьця паставіў старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька. Як магло так здарыцца, што дамова заключаная 31 сакавіка, а ўрачыста падпісалі яе яшчэ 16-га? Сьведка адказала, што ня ведае.

Таксама быў дапытаны Мікалай Ахраменка, начальнік управы інвэстыцый камітэту эканомікі Менгарвыканкаму. Сьведка згадаў, што праца над дамовай з чэхамі пачалася ў сьнежні 2010 году. Да дамовы былі заўвагі, але на паседжаньні камісіі па інвэстыцыях, калі дамову ўхвалілі, яны не абмяркоўваліся. Маўляў, была дадзеная прынцыповая згода, а далей звычайна заўвагі прапрацоўваюцца. Таксама сьведка Ахраменка патлумачыў чаму ўзяліся дадатковыя абавязкі, якія прыкладзеныя да дамовы. Што звычайна ў інвэстдамовах такога не бывае, але тут дамаўляліся ня толькі пра пабудову завода, але і пра далейшую яго працу. Горад браў абавязкі па пастаўцы пэўных аб’ёмаў сьмецьця і па тарыфах за іх перапрацоўку: «Інвэстар інакш не хацеў заключаць дамову».

Сьведка не ўзгадаў, хто з чэхаў падпісваў дамову 16 сакавіка і 31 сакавіка, калі рашэньне прымаў выканкам. Пасьля гэтага пракурор Андрэй Лыцін настаяў, каб прачыталі паказаньні сьведкі, якія ён даваў на сьледзтве. Тады спадар Ахраменка казаў пра чэскага юрыста Вацлава Аўбрэхта, які прадстаўляў інтарэсы фірмы «Эка клін энэрджы АС». Мікалай Ахраменка прызнаў, што гэта было, а сёньня ў судзе ён памыліўся.

Хто ўзгадніў тарыфы на перапрацоўку сьмецьця, закладзеныя ў дамову, сьведка ня памятае. Не згадаў спадар Ахрамэнка і абставінаў абмеркаваньня на камісіі інвэстдамовы з чэхамі. Тое, што супрацоўнік Менгарвыканкаму Давыдаў, які вёў пратакол паседжаньня, сьцьвярджае, што ніякага абмеркаваньня дамовы не было, сьведка пракамэнтаваў гэтак: «Ня думаю, што так магло быць». Чаму на выкананьне рашэньня аб выдзяленьні чэскай фірме зямлі пад завод у рашэньні было дадзена толькі 2 дні? На гэтае пытаньне суду чыноўнік адказаў, што гаворка толькі пра працэдуру, а выкананьне рашэньня, безумоўна, заняло болей часу.

Былы загадчык аддзелу энэргетыкі Анатоль Лаўнічук апавёў суду, як пачыналася рэалізацыя дамовы з чэхамі. Што гэта было ў канцы 2010 году, яго паклікаў у кабінэт Ігар Васільеў. Там былі таксама спадары Ананьеў, Сьмятанін і Татун, пра якіх Васільеў сказаў, што гэта прадстаўнікі чэскай фірмы і яны прапануюць пабудаваць завод па спальваньні сьмецьця. «Спачатку інвэстары хацелі, каб завод будавалі мы, але мы адказалі, каб будавалі і потым эксплюатавалі яны, а мы будзем пастаўляць сьмецьце», згадаў сьведка.

А вось як заканчвалася, паводле Лаўнічука, гэтае супрацоўніцтва. На апошняй сустрэчы ў Васільева за месяц да яго затрыманьня ў ліпені 2012 году прадстаўнікам чэскай фірмы Ананьневу і Татуну быў пастаўлены жорсткі ўльтыматум: альбо яны пачынаюць актыўныя дзеяньні, альбо празь месяц Менгарвыканкам скасуе дамову. Ананьеў і Татун запэўнілі, што гэтым разам усё зробяць, паведаміў сьведка Лаўнічук. Празь нейкі час Ананьеў пазваніў яму і сказаў, што хоча сустрэцца з Васільевым. Лаўнічук адказаў, што трэба пазваніць памочніку віцэ-мэра. Больш з Ананьевым ён не кантактаваў, а празь некалькі дзён Ігара Васільева затрымалі. Пасьля гэтых паказаньняў пракурор дамогся цытаваньня допыту спадара Лаўнічука на папярэднім сьледзтве. Тады сьведка казаў сьледчым, што ў 2010 годзе, калі праект толькі пачыналі, Ананьеў і Сьмятанін, каб трапіць да Васільева, маглі прайсьці да яго наўпрост, а не праз дамову з падначаленымі.

Сёньня ўпершыню падчас допыту сьведак падсудны Ігар Васільеў пачаў задаваць сьведкам пытаньні. Але судзьдзя Натальля Аляхновіч уважліва сочыць, каб акрамя пытаньняў не гучалі меркаваньні.

Падсудны Васільеў: «Пад пэўнага Сьмятаніна, ці гэта была звычайная практыка?»

Сьведка Лаўнічук: «Так, звычайная практыка».

Падсудны Васільеў: «То бок вас можна зразумець гэтак, што людзі, якія прыходзяць зь нейкімі прапановамі…»

Судзьдзя Аляхновіч: «Васільеў! Вы не развагі свае выказвайце, а пытаньні. Пытаньне было зададзенае, адказ атрыманы. Наступнае пытаньне».

У залі, акрамя журналістаў, сёньня было некалькі чалавек са звычайнай публікі, а таксама сваякі падсуднага Ігара Васільева.

Працэс над першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму адновіцца 26 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG