Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьвет даведаўся, што беларусы ня хочуць жыць пры дыктатуры»


Актыўны ўдзел у падзеях Плошчы 2010 году бралі актывісты з Гарадзеншчыны. Многія зь іх былі асуджаны. Як яны сёньня ацэньваюць тое, што адбылося ў Беларусі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў на плошчы Незалежнасьці ў Менску?

Маладафронтавец з Горадні Алесь Кіркевіч за ўдзел у падзеях на Плошчы быў асуджаны да 4 гадоў узмоцненага рэжыму, адседзеў сем месяцаў і быў адпушчаны. Аналізуючы падзеі двухгадовай даўніны, прызнае, што апазыцыяй тады было дапушчана багата памылак, многае было не падрыхтавана:

Алесь Кіркевіч
Алесь Кіркевіч
«Мы таксама ўзгадваем і пра паўстаньне Каліноўскага, якое было не падрыхтавана. Але гэта не зьмяняе чын людзей, якія выйшлі, якія знайшлі ў сабе сілы і зрабілі тое, што зрабілі. Цяпер мы маем цудоўны эпізод найноўшае гісторыі Беларусі, які будуць вывучаць нашы дзеці ў школах. Цяпер задача не паўтарыць памылак, а пабольшыць тое жаданьне да свабоды, той імпэт, які быў у нашага народа якраз 19 сьнежня».

Барыс Кучынскі
Барыс Кучынскі
Сябра БХД Барыс Кучынскі са Слоніма за ўдзел у Плошчы адбыў 15 сутак на Акрэсьціна. Ён і сёньня перакананы, што выхад людзей на вуліцу быў адзіна правільным выйсьцем у той сытуацыі. Толькі, на яго думку, для перамогі патрэбна было стаяць на Плошчы, узяўшыся за рукі, і не сыходзіць:

«Але як бы там не было, калі б мы ня выйшлі на вуліцу, то ўвесь сьвет не даведаўся б, якая ў Беларусі дыктатура — гэта першае. А па-другое, увесь сьвет пабачыў, што беларусы ня хочуць жыць пры дыктатуры і не баяцца змагацца за свабоду».

Уладзімер Хільмановіч
Уладзімер Хільмановіч
Гарадзенскі праваабаронца Уладзімер Хільмановіч кажа, што тады на Плошчы панаваў вельмі эмацыйны ўздым, колькасьць людзей расла, была надзея, што ўдасца мірным шляхам давесьці праўду пра выбары. Ён кажа, што людзей было настолькі шмат, што многія нават ня бачылі, як адбываўся непасрэдна разгон:

«Я ацэньваю гэтыя падзеі як яшчэ адзін крок да высьпяваньня нацыі, да высьпяваньня сьвядомасьці таго, што ў краіне патрэбны перамены. Як доказ таго, што бальшыня людзей не падтрымлівае сёньняшні рэжым і такую палітыку, якая праводзіцца ў РБ. Большасьць людзей хоча вольных выбараў і пераменаў».

Іван Бедка
Іван Бедка
Сябра БХД са Слоніма Іван Бедка адбыў на Акрэсьціна за ўдзел у Плошчы 15 сутак. Ён лічыць, што ўлады ўчынілі сапраўдную правакацыю супраць мірных дэманстрантаў. Але, на яго думку, шмат у чым апазыцыя была непадрыхтаванай да акцыі і не былі ўлічаныя многія магчымыя варыянты разьвіцьця падзей:

«Усё ж нешта трэба было рабіць у той сытуацыі, каб адрэагаваць на тое махлярства ўлады, трэба было выказацца людзям. Таму лічу, што падобная акцыя ў тых умовах была патрэбнай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG