Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газа ёсьць, сьвечкі ёсьць. Нам ня страшна»


Сотні замеценых сьнегам вёсак суткамі застаюцца без электрычнасьці. Шмат дзе перапынены аўтобусны рух, ня можа даехаць «хуткая дапамога». Як выжываюць у такіх умовах вясковыя жыхары?

Трое сутак заставалася бяз электрычнасьці вёска Красноўка Нараўлянскага раёну. Мясцовы пэнсіянэр спадар Адам кажа, што давялося ўспомніць пра старыя газьнічкі:

«Сьнегу поўна было — і на агарод вывозіў, выцягаў, і праз плот перакідаў. Адкапаўся. Сьвятла не было тры ці нават чатыры дні. Газьніцаю абыходзіўся. Як не было электрасьвятла, то й тэлефон не працаваў, і мабільнікі не працавалі. Калі б давялося хуткую дапамогу выкліка́ць, то ніяк нельга было вы́клікаць. Учорашняй ноччу сьвятло таксама адключылася — усюды моцная наледзь на правадах».

У самы сьнегапад не дабраўся да Красноўкі і аўтобус. Спадар Адам лічыць за выгоду наяўнасьць ў вёсцы фэльчарска-акушэрскага пункту. Калі каго моцна прыцісьне, то першую дапамогу вяскоўцы тут атрымаюць.

З вадой у пэнсіянэра таксама не было асаблівых праблемаў: у гаспадарцы ёсьць і калодзеж, і калёнка для вады, прабітая ў свой час у лазьні.

У Красноўцы цяпер жыве менш за сотню чалавек. Пасьля Чарнобыльскай катастрофы многія зьехалі адсюль. Па зьвестках суразмоўцы, цяпер дзесьці толькі два дзясяткі чалавек рухавейшыя. Астатнія — дажываюць свой век на печы. Гаспадарак, па сутнасьці, ня маюць. Нават курэй не трымаюць, апасаючыся набегаў «чупакабры»:

«І кабанчыкаў мала, і нават курэй мала. А курэй мала, бо куніца. У мяне было больш за дзясятак курэй. Дык куніца залезла й выдушыла ўсе. Падворкаў пяцьдзесят у нас, а калі дзесяць гаспадароў трымаюць курэй, то гэта добра. Я, праўда, паставіў капкан — і злавіў куніцу. Спачатку думаў, што тхор, але злавіў куніцу. Цяпер яны перайшлі ў вёску. А мы сядзім тут, выглядаем — у нас тут побач могілкі — калі туды завязуць».
Газа ёсьць, сьвечкі ёсьць. Нам ня страшна, мы — не Мазыр

У сьнегапад без электрасьвятла некалькі сутак заставалася й вёска Бякі Ельскага раёну. Мясцовы пэнсіянэр Уладзімер з гумарам ставіцца да перажытай сытуацыі:

«Газа ёсьць, сьвечкі ёсьць. Нам ня страшна, мы — не Мазыр. У нас калодзежы — круком набраць ваду ня страшна. Гэта ў Мазыры, калі не было электрычнасьці, то запампаваць немагчыма было — так перадавалі. У нас дровы ёсьць, хлеб ёсьць, бульба й сала ёсьць. Што нам больш трэба!?»

На думку вяскоўца, адно, што зараз трэба, дык гэта, каб варушыліся электрыкі й лясная служба — своечасова вычышчалі лес, дзе праходзяць лініі электраперадач. Каб ад сьнегу не правісала гольле й не замыкала правады:

«Прарэзваць трэба. Трэба, каб лясная служба наўкол лініі абразала дрэвы на належнай адлегласьці, каб такога не паўтарылася. Але штосьці марудна яны дзейнічаюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG