Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі пілі, п’юць і будуць піць ад нашага не адбытага як сьлед жыцьця»


Набор напояў на дзень цьвярозасьці — гарэлка з сардэчным прэпаратам «Карвалол». Фота зробленае ў адным з двароў на цэнтральнай магілёўскай вуліцы Ленінскай.
Набор напояў на дзень цьвярозасьці — гарэлка з сардэчным прэпаратам «Карвалол». Фота зробленае ў адным з двароў на цэнтральнай магілёўскай вуліцы Ленінскай.
15 сьнежня ў Магілёве, як і па ўсёй Беларусі, цэлы дзень дзейнічалі абмежаваньні на продаж алькагольных напояў і піва. Дзень цьвярозасьці праходзіў «у сувязі з рэспубліканскай акцыяй «Прафіляктыка і ты». Як пазначана на абвестках у магілёўскіх крамах, абмежаваньні на продаж алькаголю ўвялі ў межах выкананьня дырэктывы прэзыдэнта «Аб захадах па ўмацаваньні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны», а таксама дзеля папярэджаньня правапарушэньняў і п’янства сярод насельніцтва.

Дзень цьвярозасьці ў Магілёве для многіх пітушчых стаўся неспадзяванкай. У віна-гарэлачных аддзелах крамаў наведнікаў абвесткай інфармавалі, што продаж алькагольных напояў 15 сьнежня абмежаваны. Рэакцыя людзей, якія наведаліся па алькаголь на пахмелку, была прадказальна чаканай. У мікрараёне «Юбілейны» гутару з двума мужчынамі, якія выйшлі з аптэкі:

«Мы сёньня падняліся, абышлі ўсе крамы — нідзе не даюць, нават піва не даюць. Такое было 1 верасьня, калі дзеці ў школы пайшлі, ну, дык гэта зразумела, а сёньня, перад новым годам — мы не разумеем, навошта…»

Карэспандэнт: «Чым будзеце лячыцца?»

Мужчыны: «Ну во ў аптэку зайшлі настойку глогу ўзялі. Альбо „ламінат“ (прэпарат „Ламівіт“), калі натрапім. Ён 95 градусаў стограмовая бутэлька — пакруцей гарэлкі будзе. Цяпер пойдзем у другую аптэку. А так нідзе болей. Во абышлі мы, нябогі, усё».

Ля іншай крамы гутару з падпітым хлопцам. Пра дзень цьвярозасьці, кажа ён, пачуць пасьпеў яшчэ ўчора па радыё:

«Я падтрымліваю гэты дзень, але ж у дзень цьвярозасьці п’яных яшчэ больш паводле статыстыкі. Я пра тое ведаю. Людзі п’юць пастаянна, гэта не залежыць ад таго, ёсьць дзень цьвярозасьці ці не. Калі ў крамах сьпіртнога няма, яны ідуць на „кропкі“».
Абвесткі ў крамах для тых, хто ідзе туды па пахмелку і ня толькі
Абвесткі ў крамах для тых, хто ідзе туды па пахмелку і ня толькі

Меркаваньне яшчэ аднаго наведніка крамы:

Карэспандэнт: «Сёньня дзень цьвярозасьці!»

Мужчына: «Дужа добра!»

Карэспандэнт: «Падтрымліваеце такую ініцыятыву, ці ня дужа?»

Мужчына: «Падтрымліваю, бо дома гарэлка ёсьць. Пайду вып’ю ды спаць буду. Яны проста пазбаўляюць крамы выручкі. У іх абароту няма ніякага. Маленькія крамы, што яны будуць прадаваць — хлеб, ці што? За што яны будуць жыць самі?».

Катэгарычна падтрымліваюць супрацьалькагольную акцыю ўладаў, як высьветлілася ля крамаў «Юбілейнага», жанчыны:

«Сем’яў распадаецца дужа шмат. Дома скандалы. Каму гэта прыемна, калі муж п’е. Нават многа жанчын цяпер сьпіваецца».

Карэспандэнт: «А можа, гэта ад жыцьця нашага адбываецца такога няпростага?»

Спадарыня: «Ну, калі няма жаданьня такога, мы не сап’емся».

Яшчэ адна спадарыня: «Я падтрымліваю такую ініцыятыву. Гэта дужа правільна, паколькі наш народ цяпер перастаў верыць і ў Бога і ў чорта. А верыць толькі ў гэтае „чарніла“. Няхай бы яго і век не было. Кожны сваё жыцьцё разумее па-свойму. Ёсьць шмат цікавага. І трэба рабіць тое, што цікава».
Некаторыя крамы, што спэцыялізуюцца на продажы алькаголю, наагул у дзень цьвярозасьці не адчыняліся
Некаторыя крамы, што спэцыялізуюцца на продажы алькаголю, наагул у дзень цьвярозасьці не адчыняліся

Меркаваньне мужчынаў супрацьлеглае.

Спадар: «Гэта поўнае трызьненьне. Я нават узяў во тут, каб яго адзначыць. Наагул выходныя — чалавеку трэба зьняць стрэс. А ў нас, па-мойму, акрамя гарэлкі няма нічога. Што вы хочаце яму прапанаваць — пайсьці ў тэатар, кіно? Таму гэта адзіны даступны спосаб нямнога разьняволіцца».

Яшчэ адзін спадар: «Той, хто захоча выпіць, той знойдзе заўжды. Будуць труціцца — набываць на руках. Яны хочуць, каб народ ня піў, але гэта цяжка. Гэта ў крыві закладзена. Людзі пілі, п’юць і будуць піць ад нашага не адбытага як сьлед жыцьця. Няма грошай, няма нічога. Практычна людзям няма куды падзецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG