Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інэса Крутая: Я ня раз пашкадавала, што выжыла ў тым тэракце


Аляксандар Круты
Аляксандар Круты

Аляксандра Крутога перавядуць з Навінак, дзе ён адбываў прымусовае лекаваньне, на амбуляторнае назіраньне па месцы жыхарства.

Такое рашэньне прыняў 11 сьнежня суд Маскоўскага раёну Менску. Аляксандар Круты прадстаўляў на працэсе аб тэракце ў мэтро інтарэсы сваёй дачкі Інэсы, якая пацярпела ад выбуху. Выступаючы ў судзе, ён задаваў шмат пытаньняў, а на шосты дзень пасьля пачатку працэсу быў затрыманы. Ужо паўгода ён на прымусовым лячэньні ў Навінках.

Суд сабраў каля паўтара дзясятка чалавек і адбываўся ў закрытым рэжыме. Пракурор заявіў адпаведнае хадайніцтва, бо на судзе разгалошваліся зьвесткі пра стан здароўя падсуднага. Праўда, адвакатка паведаміла, што сам Круты просіць зрабіць суд публічным, аднак суд задаволіў хадайніцтва пракурора. Інтарэсы падсуднага прадстаўляла юрыстка 25-й паліклінікі Менску, якая ажыцьцяўляе апеку над тымі, хто прызнаны недзеяздольным. Інэса Крутая, дачка Аляксандра, аднак, лічыць, што паліклініка ня мела права прадстаўляць бацьку ў судзе, бо не было суду пра прызнаньне бацькі недзеяздольным: «Калі б суд быў, яму б пэнсію прызначылі. Гэта абразьліва, канечне. Але вырашылася б пытаньне з харчаваньнем, было б за што жыць!»

Інэса Крутая: Я ня раз пашкадавала, што выжыла ў тым тэракце
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:32 0:00

На судзе таксама прысутнічалі праваабаронцы Андрэй Бандарэнка, Людміла Гразнова і стрыечны брат Аляксандра Мікалай Бамбіза.

Сам працэс праходзіў нэрвова. Інэсу Крутую абурыла рашэньне судьдзі не дапускаць сваякоў у залю суду. Да таго ж, самога рашэньня давялося чакаць некалькі гадзінаў. Усе, хто прыйшоў выказаць салідарнасьць з Аляксандрам Крутым, правялі гэты час у калідорах. Ахова катэгарычна забараняла журналістам весьці аўдыёзапіс у памяшканьні суду і ўвесь час пільна сачыла, каб не вялося фота- і відэаздымкаў.

У выніку — прымусовае лячэньне ў Навінках Аляксандру Крутому замянілі на прымусовае амбуляторнае назіраньне па месцы жыхарства. Гэтае рашэньне хоць і можна лічыць перамогай, аднак сваякі, дый сам Аляксандар Круты, яму ня радыя. Па-першае, таму, што Аляксандар будзе вымушаны паехаць жыць у Нясьвіж, дзе ён прапісаны. Па-другое, рашэньне пачне дзейнічаць толькі праз 10 дзён, а дачка Інэса спадзявалася, што бацьку вызваляць ужо сёньня.

Аляксандар Круты дагэтуль знаходзіцца ў псыхіятрычнай лякарні, адтуль і дае камэнтар для Радыё Свабода:

«Тое, што адбываецца цяпер, гэта і ёсьць цынізм з асаблівай жорсткасьцю. І гэты цынізм не ў дачыненьні да мяне, а да дачкі маёй, якая пацярпела пры выбуху ў мэтро. Яна дагэтуль знаходзіцца бяз сродкаў да існаваньня. І так званыя судьдзі цудоўна пра гэта ведаюць. Гэта і ёсьць цынізм. Гэта і ёсьць жорсткасьць. Гэта і ёсьць крывадушша».

Сям’я Інэсы сапраўды знаходзіцца ў цяжкім фінансавым стане. Па яе словах, жывуць толькі на пэнсію маці. У Нясьвіжы, куды перанакіруюць Аляксандра паводле рашэньня суду, яму фактычна няма дзе жыць, а на працу, як ён кажа, яго ніхто ня возьме.

Інэса Крутая
Інэса Крутая
Інэса Крутая: «Калі дактары лічаць, што ён здаровы, яго незаконна ўтрымліваць яшчэ 10 дзён! Ужо немагчыма гэта ўсё трываць, я чакала, што яго адразу вызваляць! Гэта катаваньні на працягу больш як двух гадоў. Для яго цяжка ведаць, што мы пакутуем. Гэта сапраўдыя катаваньні кожны дзень. За гэтыя паўтара году я ня раз пашкадавала, што выжыла ў тым тэракце».

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, кіраўнік «Плятформы», кажа, што справа Крутога відавочна мае палітычную матывацыю: «Круты быў абвешчаны ў вышук у момант дачы паказаньняў у судзе. Сама справа яшчэ не дасьледаваная, бо амаль усе паседжаньні былі закрытыя. Але можна ўжо казаць пра тое, што дзяржава ў якасьці мэтадаў ціску выкарыстоўвае прымусовае псыхіятрычнае лекаваньне».

Аляксандар Круты заўжды лічыў свой працэс палітычным: «Калі б я заставаўся на працэсе, то даказаў бы, што Канавалаў і Кавалёў ні пры чым». Кажа, што ня быў ані на водным з шасьці судоў, у якіх яго абвінавачвалі.

Інэса Крутая кажа, што для бацькі застаецца небясьпека. «На той момант ён перашкаджаў растраляць хлопцаў. Дзеля таго, каб іх спакойна расстралялі, яго і ўпяклі ў турму. І для таго, каб запалохаць астатніх. Бо калі б усе пабачылі, што можна расказваць, то было б па-іншаму. Яны ад яго не адступяцца. Я для яго нават ня бачу магчымасьці выжыць».


Дачка Аляксандра Інэса Крутая пацярпела ад выбуху ў мэтро. Спадар Круты ўдзельнічаў у працэсе Кавалёва-Канавалава як прадстаўнік пацярпелай, задаваў шмат пытаньняў, але на шосты дзень пасьля пачатку працэсу быў затрыманы.

22 верасьня Аляксандар Федарцоў, які старшыняваў на працэсе Кавалёва і Канавалава, часткова зачытаў пастанову пра затрыманьне Крутога:

«17 жніўня, знаходзячыся ў кабінэце адной з мэдыцынскіх устаноў Менску, наўмысна зьдзейсьніў хуліганскія дзеяньні з асаблівым цынізмам і пагардай да нормаў маралі (…) выліў зьмесьціва двух слоікаў з мачой на галоўнага лекара».

7 сьнежня 2011 году судзьдзя Маскоўскага раёну Аляксандар Кострыкаў на закрытым пасяджэньні прызнаў Аляксандра Крутога псыхічна неўраўнаважаным і прызначыў яму прымусовае лячэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG