Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевічу дазволілі сустрэчу зь сьвятаром


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Палітвязень Мікола Статкевіч напісаў у лісьце да жонкі, што 1 лістапада яго нарэшце вывелі да сьвятара.

«Прайшоў усяго толькі месяц і тыдзень пасьля візыту нунцыя, калі Міколу паабяцалі, што гэтая праблема будзе вырашана. Ён піша, што сьвятар малады, але вельмі дасьціпны і прыязны, нядаўна браў удзел у дыскусіі пра казіно на БТ», — апавяла жонка палітвязьня Марына Адамовіч пасьля вяртаньня з Брусэлю ў Менск.

Таксама Мікола напісаў, што камэру, у якой ён сядзеў са студзеня, паставілі на рамонт.

«Са столі там капала вада ад пачатку вясны. А цяпер стала слаямі адвальвацца пабелка. Мікола піша, што цяпер сядзіць з тым жа самым суседам у іншай камэры, безумоўна, у сьледчым корпусе, бо з „крытай“ турмы пераводзіць не хочуць. Але са столі ня капае, ды і падлога, як ва ўсіх камэрах для турэмнага рэжыму, драўляная. У камэры, што на рамонце, яе таксама пасьцеляць, як належыць, па правілах. Бо каменная падлога, як кажуць бывалыя людзі, істотна павялічвае імавернасьць сухотаў і рэўматызму», — цытуе Марына Адамовіч ліст ад Міколы Статкевіча.

У другім лісьце Мікола паведаміў, што турэмны доктар будзе дазваляць яму атрымліваць мэдычную бандэроль толькі раз на чатыры месяцы.

«Але заканадаўства ня ўтрымлівае ніякіх абмежаваньняў, і зьняволеныя іх могуць атрымліваць столькі, колькі трэба. Напрыклад, калі ў бандэролі ёсьць кроплі для вачэй, якія Міколу вельмі патрэбныя, яны іх ускрываюць. А пасьля ўскрыцьця кроплі могуць захоўвацца месяц-два. А гэта само па сабе азначае, што яны парушаюць звычайныя мэдычныя, гігіенічныя патрабаваньні», — кажа Марына Адамовіч.

Таксама Мікола піша пра свае неаднаразовыя спробы высьветліць, чаму асуджаным не выдаюць туалетную паперу і аднаразовыя станкі. Мікола піша: «Днямі мне паведамілі, што грошы на гэтыя рэчы з маёй пэнсіі не выліваюцца. Але паведамілі, што са студзеня ў гэтай турме пачнуць выдаваць тыя станкі і паперу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG