Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігальскі нагадаў пра Статкевіча ў турме


Марэк Мігальскі
Марэк Мігальскі
Эўрадэпутат Марэк Мігальскі накіраваў зварот да начальніка турмы № 4 у Магілёве і начальніку ДВП МУС Беларусі з патрабаваньнем спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да былога кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча, перадае БелаПАН.

Як паведамляе офіс Мігальскага, падставай для звароту стала інфармацыя аб тым, што адміністрацыя турмы № 4 у Магілёве, у якой знаходзіцца Статкевіч, імкнецца яго цалкам ізаляваць: яму адмаўляюць у сустрэчы з праваслаўным сьвятаром, карэспандэнцыя блякуецца, пасылкі, газэты і брашуры не даходзяць.

У сваім звароце Мігальскі падкрэсьліў, што такія дзеяньні ў дачыненьні да Статкевіча ён расцэньвае як наўмыснае імкненьне ізаляваць зьняволенага ад зьнешняга сьвету, «каб псыхалягічна яго зламаць, пазбавіць яго духоўнай падтрымкі і стварыць ўражаньне, што пра яго ўсе забыліся і пакінулі на волю лёсу». Эўрадэпутат падкрэсьліў, што дзеяньні кіраўніцтва турмы зьяўляюцца нічым іншым, як ціскам, катаваньнем і жорсткім абыходжаньнем, а, згодна з ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь Канвэнцыяй супраць катаваньняў, любыя формы катаваньня і жорсткага абыходжаньня ў турмах недапушчальныя.

Марэк Мігальскі заклікаў спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да Міколы Статкевіча і праінфармаваць яго, чаму адміністрацыя турмы № 4 у Магілёве ад праваслаўнага Вялікадня і да сёньняшняга дня не дазволіла Статкевічу сустрэцца з праваслаўным сьвятаром.

Тыдзень таму офіс эўрадэпутата пачаў кампанію «Свабода x 2» — акцыю салідарнасьці з двума беларускімі палітычнымі вязьнямі — Міколам Статкевічам і лідэрам міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Зьмітром Дашкевічам.

У траўні 2011 году суд Ленінскага раёну Менска прысудзіў Міколу Статкевіча да шасьці гадоў пазбаўленьня волі з абвінавачаньнем у арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзыдэнта 19 сьнежня 2010 году. Палітык адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17, аднак у студзені 2012 году яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцьця пакараньня, перавёўшы ў сьледчы ізалятар Магілёва. Адміністрацыя шклоўскай калёніі палічыла, што асуджаны палітык «ня стаў на шлях выпраўленьня», «да ўмоўна-датэрміновым вызваленьня не імкнецца» і па адбыцьці пакараньня мае намер «весці злачынны лад жыцьця». Паводле інфармацыі яго жонкі Марыны Адамовіч, фармальнай нагодай для гэтых абвінавачаньняў стала адсутнасьць на адзеньні Статкевіча біркі з нумарам зьняволенага, а таксама тое, што ён не ўказаў у сьпісе асабістых рэчаў насоўкі.

Мікола Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, які да гэтага часу ўтрымліваецца ў зьняволеньні. Яму неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, але Статкевіч катэгарычна адмаўляўся гэта зрабіць. Пасьля такіх адмоў ціск на палітвязьня ўзмацніўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG