Апошнім часам у Беларусі шмат размоў пра неабходнасьць мадэрнізацыі. І састарэлая эканоміка, і закасьцянелая аўтарытарная сыстэма ўлады стрымліваюць разьвіцьцё краіны — гэта сёньня відавочна ня толькі апазыцыі, але і многім прадстаўнікам улады.
Пра магчымасьць мадэрнізацыі той палітычнай сыстэмы, якая існуе ў Беларусі, гаварыў нядаўна Аляксандар Лукашэнка перад новым складам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
На гэты выступ зьвярнуў увагу наш слухач Алесь Цадко з Маладэчна, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Спадар Алесь піша:
«Вынік гэтай „мадэрнізацыі па-лукашэнкаўску“ няцяжка прадбачыць ужо зараз. Лукашэнка застанецца пажыцьцёвым прэзыдэнтам, а ў „палатку“ дазволяць трапіць некалькім праўладным марыянэткавым партыям: „Белай Русі“, камуністам-артадоксам, аграрыям ды сацыяльна-спартыўнай партыі...
А чаму б Лукашэнку ня ўзяць прыклад у справе палітычнай сыстэмы са сваіх сябрукоў-дыктатараў? Няхай бы расказалі па БТ, якія эканамічныя, палітычныя, адміністратыўна-судовыя рэформы правёў у Грузіі Міхаіл Саакашвілі. Так далёка зайшоў, што і рэйтынг страціў, і кантроль над парлямэнтам.
Нават у лацінаамэрыканскага сябра Уга Чавэса Лукашэнку ня шкодзіла б павучыцца. Нядаўнія выбары там праходзілі ў напружанай і роўнай барацьбе. У выніку апазыцыя, ня маючы падстаў, на вуліцу пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня на мітынгі пратэсту не выходзіла».
Ня думаю, спадар Алесь, што вы маеце рацыю, называючы Міхаіла Саакашвілі дыктатарам. Тое, як ён успрыняў і прыняў паразу сваёй партыі на нядаўніх парлямэнцкіх выбарах, варта павагі і сьведчыць пра яго як пра палітыка дэмакратычных поглядаў. Цяжка ўявіць, каб гэтак жа разьвітаўся з уладай, напрыклад, Аляксандар Лукашэнка.
Увогуле, любы сцэнар палітычнай мадэрнізацыі, які б абмяжоўваў аднаасобную ўладу прэзыдэнта ці прадугледжваў хуткую зьмену ўлады, цяперашні рэжым наўрад ці прыме — калі толькі яго ня змусяць да гэтага ўнутраныя ці вонкавыя абставіны.
Васіль Валошка з Радашкавічаў свой новы ліст на «Свабоду» напісаў пасьля паведамленьняў пра намер улады значна падвысіць кошты электраэнэргіі. Слухач з гэтай нагоды піша:
«Няхай бы спачатку навялі парадак у Белэнэрга. Памятаю, калі толькі разваліўся Савецкі Саюз, дык нашы літоўскія суседзі ў сваім Літэнэрга скарацілі траціну супрацоўнікаў — выдаткі зьменшыліся, і ўсё нармальна функцыянавала. А што адбываецца ў нас?
Колькасьць пэрсаналу пастаянна павялічваецца — асабліва кіраўнічага і інжынэрна-тэхнічнага складу. Да прадпрыемстваў Белэнэрга прымусова „прышпілілі“ адсталыя калгасы, якія высмоктваюць процьму грошай. Напрыклад, да Маладэчанскіх электрасетак прымацавалі гаспадарку „АграЛебедзева“. А чаму прадпрыемствы Белэнэрга дазваляюць сабе пасекі зь вялізнай колькасьцю вульлёў, гароднінныя цяпліцы, рыбалоўныя ўгодзьдзі, прадукцыя якіх ідзе ня толькі на продаж? Дарэчы, эканамічная мэтазгоднасьць гэтых так званых „падсобных“ гаспадарак вельмі сумнеўная.
У вялікай колькасьці кіраўнікоў Белэнэрга (дырэктары, галоўныя інжынэры ды іхныя намесьнікі) — пэрсанальныя аўтамабілі з вадзіцелямі. Няўжо гэта так неабходна?
Таксама гэтая структура аказвае розныя будаўнічыя і рамонтныя паслугі сваім начальнікам (і ня толькі сваім) — як правіла, па вельмі нізкіх коштах. Вось куды ідуць грошы, сабраныя за электраэнэргію. І ўсё кладзецца на сабекошт. Дык як жа ён можа быць у такіх умовах нізкім?
А яшчэ трэба ўлічыць, што заробкі ў Белэнэрга — адны з самых высокіх у краіне. Вось і атрымліваецца: плацім за электраэнэргію ўсё болей, а энэргетыкі сьцьвярджаюць, што працэнт аплаты адносна сабекошту ў іх толькі зьніжаецца. Мы, нібыта, кампэнсуем ім толькі 30 працэнтаў выдаткаў.
Каб няспынна падвышаць тарыфы, вялікага розуму ня трэба. А вось разабрацца ва ўсім гэтым ды навесьці парадак — гэта для кіраўнікоў краіны, відаць, вышэйшая матэматыка».
Так, спадар Васіль, такая лёгіка паводзінаў любога манапаліста на рынку. Вунь як наракаюць на свой бядотны стан кіраўнікі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі: і брудныя пад’езды, і выбітыя шыбы, і дзіравыя трубы — усё апраўдваюць тым, што ім мала плацяць. Пры гэтым ЖКГ атрымлівае вялізныя кампэнсацыі зь дзяржбюджэту.
У шматкватэрным доме, дзе я жыву, адмовіліся ад паслугаў ЖЭСу і стварылі таварыства ўласьнікаў, адміністрацыя якога сама займаецца ўсімі гаспадарчымі праблемамі будынка. Што адметна: і пад’езды сталі чысьцейшымі, і двор прыбраны, і трубы перасталі цячы. А камунальныя плацяжы засталіся тыя ж... Абыякавасьць і марнатраўства манапаліста заканчваюцца там, дзе пачынаецца рынкавая канкурэнцыя і прыватная ўласнасьць.
Ня першы год спрабуе данесьці да ўлады праўду пра варты жалю стан шпіталяў ды іншых сацыяльных аб’ектаў дзіцячы доктар Ігар Пасноў зь Віцебску. У сваім новым лісьце на «Свабоду» ён паведамляе пра некаторыя вынікі гэтага змаганьня (цытую ліст):
«Ну вось я і дапісаўся: да загадчыцы маёй паліклінікі наведваліся „людзі ў цывільным“ — са спэцслужбаў. Наколькі я ведаю, доўга ў яе дапытваліся пра „доктара-бунтаўшчыка“, які залішне шмат гаворыць „не па справе“ на „Белсаце“, па „Свабодзе“, у інтэрнэце, „дэстабілізуе“ і гэтак далей... Мяне яны не выклікалі. Яно і зразумела: абвінаваціць жа няма ў чым. У нас на Віцебшчыне сытуацыя — як у вядомай казцы пра голага караля. Чэлядзь дружна захапляецца цудоўнымі ўборамі, і толькі адзін хлопчык адважыўся крыкнуць праўду: „Кароль жа — голы!“
...Усё больш пераконваюся, што прэзыдэнт не валодае праўдзівай сытуацыяй. Паўсюль — прыпіскі, паказуха, хлусьня. На гэтай глебе — хабар, карупцыя. Самы сьвежы прыклад — арышт мэра Гомеля, які раней працаваў памочнікам прэзыдэнта па Віцебскай вобласьці.
...Нядаўна прыяжджаў да нас міністар аховы здароўя. Але паехаў наведваць зноў жа не так званую „Даліну сьмерці“ — занядбаны шпіталь, а зусім прыстойную абласную бальніцу ў Нікрапольлі. Так будзе і далей — пакуль цярпіць наш замбаваны афіцыйнай прапагандай люд.
Дактары — як шэрыя мышы, пазбаўленыя пачуцьця годнасьці і справядлівасьці. Насельніцтва сьпіваецца, дэградуе. Амаль штодня — зьвесткі пра раптоўныя сьмерці на глебе п’янства, пра самагубствы. А праўды — баяцца. Варта было сказаць пару праўдзівых слоў на „Белсаце“ — адразу спалохаліся, забегалі. Няўжо гэта дзяржаўная таямніца, што кароль — голы? Але ў нас цяпер не 37-ы год: праўду не схаваеш. І я пайду да канца. Гэта — мой адказ людзям у цывільным. І не дапытвайце маіх кіраўнікоў — сьціплых і сумленных жанчын, не прымушайце іх сьведчыць супраць мяне. 37-ы год ня пройдзе!».
Некаторыя мае знаёмыя, якія ведаюць пра шматгадовае адкрытае змаганьне доктара Паснова зь віцебскімі ўладамі, зьдзіўляюцца: як яму дагэтуль дазваляюць працаваць у дзяржаўнай паліклініцы? Сапраўды, на працягу апошняга часу мы распавядалі пра дзясяткі, сотні выпадкаў, калі ад «праўдашукальнікаў» адміністрацыя дзяржаўных устаноў пазбаўлялася пры першай жа зручнай нагодзе: ці кантракт у актывіста скончыўся, ці на работу ён спазьніўся, ці нейкае дробнае парушэньне дапусьціў... Відаць, для спадара Ігара пакуль робяць выключэньне таму, што змаганьне сваё ён вядзе не праз апазыцыйныя структуры, а самастойна, пры гэтым шырока інфармуючы розныя дзяржаўныя ўстановы. У кожным разе — ваша, спадар Ігар, пазыцыя і тая пасьлядоўнасьць і настойлівасьць, зь якімі вы спрабуеце прабіць бюракратычную сьцяну, вартыя павагі і пашаны. Ня надта шмат у сёньняшняй Беларусі такіх людзей.
З шэрагам заўваг і пытаньняў зьвяртаецца ў сваім лісьце на «Свабоду» Валянцін Цьвірко зь Менску. Слухач піша:
«Ніводнага разу ня чуў, якую ж стратэгічную мэту вы перад сабой ставіце, калі так шмат часу адводзіце асьвятленьню тэмаў адраджэньня, гістарычнай спадчыны, Бацькаўшчыны, незалежнасьці і гэтак далей. Дык так наўпрост і скажыце: Радыё Свабода хоча, каб у канчатковым выніку ўсё насельніцтва Беларусі размаўляла, пісала і думала выключна па-беларуску. Каб усе газэты, законы, кнігі пісаліся альбо перакладаліся на беларускую мову. І гэта пры тым, што цяпер расейская мова ў Беларусі цалкам пераважае, а многія людзі гавораць не па-беларуску, а на „трасянцы“. Ці не прывядзе гэта ў будучыні да грамадзянскага канфлікту паміж беларускамоўнымі і расейскамоўнымі грамадзянамі Беларусі?
Увогуле, падобна на тое, што мы яшчэ доўга будзем гаварыць гэтак жа, як кіраўнік нашай дзяржавы.
Асабіста я ня супраць беларускай мовы. Больш як 60 год таму я яе вывучаў у школе і, дарэчы, быў здольным вучнем. Але я — за дзьвюхмоўе. Трэба, каб у Беларусі былі і беларуская, і расейская мовы. А як ставіцца да гэтай праблемы Радыё Свабода? Вельмі цікава было б даведацца».
Місія Радыё Свабода сёньня — тая ж, што і больш як паўстагодзьдзя таму, калі яно стваралася. Гэта — прапаганда дэмакратычных каштоўнасьцяў і інстытутаў праз распаўсюд праўдзівай інфармацыі ды разнастайных ідэяў. Стваральнікі Радыё Свабода зыходзілі зь перакананьня, што найпершая перадумова дэмакратыі — гэта добра інфармаванае насельніцтва. Калі чалавек ведае аб’ектыўную і поўную інфармацыю пра сваю краіну, пра навакольны сьвет — ён здольны самастойна прыняць правільнае рашэньне наконт таго, як найлепшым чынам уладкаваць сваё жыцьцё, якая палітычная сыстэма павінна быць у ягонай краіне.
Мы шмат увагі і эфірнага часу аддаём тэмам, зьвязаным з праўдзівай нацыянальнай гісторыяй, з адраджэньнем культуры, з катастрафічным станам беларускай мовы, бо якраз гэтыя тэмы ігнаруюцца альбо знарок падаюцца перадузята, у скажоным сьвятле ў афіцыйных беларускіх мэдыях, у выступах тых палітыкаў, якія вызначаюць жыцьцё ў сёньняшняй Беларусі.
Так, у Беларусі заканадаўча замацаваныя ў якасьці дзьвюх дзяржаўных моў беларуская і расейская. Але ці існуе рэальнае дзьвюхмоўе? Ці маюць беларускамоўныя грамадзяне тыя ж магчымасьці, што і расейскамоўныя? Ці ня церпяць яны ад дыскрымінацыі? Калі вы лічыце, што роўнасьць забясьпечаная, дык паспрабуйце дамагчыся, каб чыноўнік вёў з вамі размову па-беларуску. Альбо паспрабуйце атрымаць вышэйшую адукацыю на фармальна дзяржаўнай беларускай мове.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by