Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як напісаць «Дон Кіхота»*


Адзін высокапастаўлены таварыш не-не дый запатрабуе ад пісьменьнікаў «вялікіх
кніг». Ну ня пішуць нашы пісьменьнікі нічога «вялікага». (Ці, можа, ён не чытае?) Як ні круці, вялікія кнігі нараджаюцца зь вялікай рэчаіснасьці, а ня з другаснага бытнаваньня краіны ў форме «невялікага калгаса» (той самы таварыш), дзе й пасада пісьменьніка не прадугледжаная штатным раскладам.

А яшчэ – столькі ўсяго пішацца, што ніводзін літаратурны крытык не дасочыць. Дзе там разьбярэсься, што вялікае, а што не.

Але я паспрабую. Падысьці зь іншага боку.

Насамрэч існуюць аб'ектыўныя законы разьвіцьця літаратуры, і да вялікіх кніг яна мусіць дарасьці, дасталець, дасьпець. Ніякай пугай гэты працэс не прысьпешыш.

Беларуская літаратура сучаснай фармацыі зусім юная. Яна (як від творчасьці) пачалася ў 1950-я гады на дашчэнту вычышчаным рэпрэсіямі месцы. І пачынальнікамі яе сталі зусім маладыя людзі, якія ўвайшлі ў гісторыю пад імем філялягічнага пакаленьня.

Яны былі надзвычай амбітныя і арыентаваліся на найлепшыя ўзоры даступных у тыя часы літаратур. Яны напісалі шмат выдатных кніг, галоўным здабыткам якіх стаў стыль. Гэта кнігі 1960-70-х гадоў. Аўтары не саромеліся вучыцца і пераймаць у Буніна ды іншых, пераважна расейскіх клясыкаў.

Пакаленьне іх дзяцей кампэнсавала пэўную аднабаковасьць перайманьнем стылю на Захадзе, у амэрыканцаў, у японцаў. На гэта пайшлі 1980-90-я гады.

Што ў выніку? Сёньня мы маем стылёва разьвітае літаратурнае поле і ўзіраемся, куды рухацца далей. Натуральна, да «вялікіх кніг» (возьмем гэта за мэту пры ўсёй умоўнасьці тэрміна).

Што ўвогуле адрозьнівае вялікую кнігу ад невялікай? Пазачасавасьць. Вялікая цікавая і сёньня і ўчора і пасьлязаўтра. Аднаго стылю для гэтага недастаткова. Патрэбны афарызм.

Ня раз даводзілася зьдзіўляцца такому парадоксу. Пісьменьнік выпусьціў кнігу афарызмаў, а сьледам надрукаваў аповесьць. І ў аповесьці няма ніводнага афарызма, адзін стыль. Чаму ж тады афарызмы Бэрнарда Шоў ці Марка Твэна мы бярэм зь іхных аповесьцяў і п'есаў, а наўмысных кніг афарызмаў яны не пісалі?

Вядома, у сьвеце створана вялікае мноства кніг у адмысловым жанры афарызмаў. Але літаратуры яны ня робяць. У якой ступені мы можам сказаць, што клясык гэтага жанру Станіслаў Ежы Лец – стваральнік польскай літаратуры? Афарызмы – не літаратураўтваральны жанр.

Гэта як спэцыі да стравы.

Такім чынам, спалучэньне стылю і афарыстычнасьці і прыводзіць да ўзьнікненьня вялікіх кніг. У польскай ці расейскай літаратуры тое адбылося на стагодзьдзе раней. Там зьявіліся вялікія кнігі, якія далучылі свае нацыі да лігі сусьветных літаратур. Яшчэ да камунізму польская і расейская літаратуры пасьпелі адбыцца.

У беларускай зьяднаньне стылю і афарызма мусіць адбывацца на нашых вачах. Няхай тое, што мы называем «малымі формамі» не існуе толькі асобна, а складзецца ў формы буйныя, і атрымаецца вялікая кніга.

Ясна, што я спрашчаю карціну, але вось просты прыклад: хто найбольш чытаны беларускі пісьменьнік? Вядома, Караткевіч. А ў каго ў творах мы знаходзім найболей афарызмаў? Вядома, у Караткевіча.

Летась мне выпала праводзіць конкурс на найлепшыя беларускія афарызмы. І амаль на працягу ўсяго лета даводзілася разьбірацца, што ж такое афарызм. Гэта думка, якая стала вобразам. Яна мусіць быць арыгінальнай, завершанай і канвэртабэльнай, г.зн. не губляць сэнсу і ўнікальнасьці ў перакладзе на іншыя мовы.

Тое, што ў нас масава выдаюць за афарызмы, гэта, у найлепшым выпадку, прыгожыя фразы, а найчасьцей – банальнасьць. «Мой родны кут, як ты мне мілы» – выдатнае лірычнае прызнаньне, але не афарызм. «Кожны чалавек імкнецца да шчасьця» – банальнасьць. Афарызм ня можа не зьдзіўляць: «Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў».

З дасланых на конкурс соцень і соцень выказваньняў, сапраўдных афарызмаў не набіраецца і сотні. Паралельна з вывучэньнем гэтых допісаў я пераглядаў шмат кніг, у тым ліку і так званыя зборнікі афарызмаў. І вось што з гэтага ўсяго выснавалася: беларуская літаратура зусім неафарыстычная. Нават на ценькую кніжачку праўдзівых афарызмаў не набярэш.

Натуральна, я засмуціўся. Але, як пасьля зразумеў, беспадстаўна. Гэта ўсяго толькі этап росту. Галоўнае, што літаратура разьвіваецца. Яна ўжо змагла стаць стыльнай, зможа стаць і афарыстычнай.

Афарыстычнасьці мусіць дасягаць сказ, сюжэт, афарыстычным (назыўным) павінен станавіцца герой.

Гэта зусім ня значыць, што літаратура вяртаецца ў 19 стагодзьдзе. Мы ж ня кажам, што нашы дзеці жывуць у 1960-я гады толькі таму, што яны дзеці. Яны цалкам сучасныя, але яшчэ дзеці, і пераскочыць гэты этап сталеньня нельга. Прынамсі, нельга было. Толькі перажыўшы яго, мы патрапім у лігу дарослых літаратур сьвету. А там, як кажуць, сто дарог, адна твая. І толькі там можна будзе разважаць пра састарэласьць усяго і ўся ў літаратуры ці ўвогуле пісаць аднымі кропкамі. Але сьпярша трэба дасталець.

Ня думаю, што этап шуканьня стылю моцна зацягнуўся, хоць многія
«ультрасучасныя» творы і прасякнутыя атмасфэрай 1980-х. Проста мы стаім перад новым вялікім пераходам усёй літаратуры і няма ніякіх падставаў думаць, што яна яго не адолее.

Зразумела, што атрымаецца не ва ўсіх. Але ніхто ж і не казаў, што вялікіх кніг можа быць шмат.

------------------------------------

*Нобэлеўскі інстытут прызнаў «Дон Кіхота» Мігеля дэ Сэрвантэса найвялікшай аўтарскай кнігай усіх часоў і народаў (С. 258).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG