Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада правоў чалавека ААН прагаласавала за спэцдакладчыка па Беларусі


За такое рашэньне выступілі 22 краіны, супраць — 5, устрымаліся — 20. Беларусь заявіла, што не прызнае мандат спэцдакладчыка і ня будзе зь ім супрацоўнічаць.

У рэзалюцыі па Беларусі, прынятай 5 ліпеня на сэсіі Рада правоў чалавека ААН у Жэневе, утрымліваецца заклік да беларускіх уладаў «неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязьняў», правесьці «поўнае і транспарэнтнае расьсьледаваньне ўсіх паведамленьняў аб прымяненьні катаваньняў і негуманным абыходжаньні з палітзьняволенымі», «неадкладна спыніць практыку адміністрацыйных затрыманьняў прадстаўнікоў апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, журналістаў і праваабаронцаў і не перашкаджаць іх свабоднаму перамяшчэньню, у тым ліку выездам за межы краіны».

Дакумэнт заклікае афіцыйны Мінск выканаць усе рэкамэндацыі, што ўтрымліваюцца ў дакладзе вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб сытуацыі ў Беларусі, які быў прадстаўлены падчас сэсіі.

Рэзалюцыя таксама ўтрымлівае заклік да беларускага ўраду аб паўнацэнным супрацоўніцтве са спэцдакладчыкам, прадастаўленьні яму усёй неабходнай інфармацыі і магчымасьцяў наведаць краіну.

27–28 чэрвеня на сэсіі Рады правоў чалавека ААН быў прадстаўлены даклад вярхоўнага камісара Наві Пілэй аб сытуацыі ў Беларусі, які закранаў пэрыяд са сьнежня 2010 году па сакавік гэтага.

На сёньняшнім пасяджэньні Рады рэзалюцыю па Беларусі ад імя Эўразьвязу і дзяржаў, што яе падтрымалі, прадставіў Кіпр, які зь 1 ліпеня старшынюе ў ЭЗ. Прадстаўнік гэтай краіны падкрэсьліў, што пагаршэньне сытуацыі і парушэньні правоў чалавека прадоўжыліся ў Беларусі і пасьля закранутага ў дакладзе камісара пэрыяду. Ён таксама заявіў, што ЭЗ заклапочаны прымяненьнем сьмяротнай кары ў Беларусі і заклікае да ўвядзеньня мараторыя на гэты від пакараньня.

У сваю чаргу пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэнэве Міхаіл Хвастоў нагадаў, што мандат спэцдакладчыка ААН па Беларусі ўжо існаваў, але Рада правоў чалавека ААН скасавала яго ў 2007 годзе. «Гэтае рашэньне было абсалютна лягічным. Спэцдакладчык прадэманстраваў сваю няслушнасьць, нацэленасьць на распальваньне канфрантацыі ўнутры нашай краіны, гвалтоўную зьмену ўлады, зьневажальна характарызаваў беларускі народ як такі, што ня мае нацыянальнай ідэнтычнасьці», — заявіў Хвастоў, гаворачы пра дзейнасьць Адрыяна Севярына.

«Сёньня тая ж група дзяржаў спрабуе зноў навязаць мандат спэцдакладчыка па Беларусі і міжнароднай супольнасьці, — заявіў Хвастоў. — Матывы гэтай ініцыятывы Эўразьвязу ніякім чынам ня зьвязаныя з правамі чалавека. ЭЗ такім чынам прасоўвае ў Радзе свой палітычны парадак дня і прымушае вярхоўнага камісара дзейнічаць у гэтых мэтах. Галоўная задача, якую ставіць ЭЗ перад гэтым мандатам, — гэта мэтанакіраваная антыўрадавая дзейнасьць у Беларусі пад прыкрыцьцём ААН».

Хвастоў асабліва падкрэсьліў, што Беларусь не прызнае мандат спэцдакладчыка і ня будзе зь ім узаемадзейнічаць. «Але мы прызнаем неабходнасьць міжнародных мэханізмаў назіраньня за становішчам спраў у галіне правоў чалавека ў сьвеце. Мы будзем супрацоўнічаць з тымі зь іх, якія працуюць аб`ектыўна, невыбіральна і вызнаюць унівэрсальныя каштоўнасьці і падыходы, ужо закладзеныя ва Ўнівэрсальным пэрыядычным аглядзе», — сказаў ён.

Расея, Кітай, Куба, Эквадор і Індыя прагаласавалі супраць прыняцьця распрацаванай Эўразьвязам рэзалюцыі.

Чакаецца, што кандыдатура спэцдакладчыка будзе ўхваленая ў верасьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG