Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Арт Сядзібы» адбіраюць памяшканьне


Копія ліста пра скасаваньне дамовы арэнды памяшканьня
Копія ліста пра скасаваньне дамовы арэнды памяшканьня

Дырэктару культурнай адкрытай пляцоўкі «Арт Сядзіба» Паўлу Белавусу загадана да 23 ліпеня вызваліць памяшканьне, якое займае гэтая творчая ўстанова.

Адпаведны пісьмовы загад Паўлу Белавусу 25 чэрвеня ўручыла кіраўніцтва прадпрыемства «Гарызонт», дзе «Арт Сядзіба» арандуе памяшканьне ад сьнежня 2011 году.

Як паведаміў «Свабодзе» Павал Беларус, арандадаўцы патлумачылі сваё рашэньне тым, што нібыта гаспадары «Арт Сядзібы» парушаюць правілы пажарнай бясьпекі і прапускны рэжым, а наведнікі ўстановы шмат кураць.

У сапраўднасьці прычыны адмовы арэнды зусім іншыя, лічыць Павал Белавус:

Апошняй кропляй, відаць, стала правядзеньне сустрэчы з нагоды 10-гадовага юбілею „Бібліятэкі Свабоды“ — кніжнай сэрыі Радыё Свабода
Павал Белавус

«Арт Сядзіба» заўсёды пазыцыянавала сябе як беларускамоўны моладзевы асяродак. За сем месяцаў нашай дзейнасьці ў «Арт Сядзібе» адбылося больш за сто творчых імпрэзаў — гэта кінапаказы, літаратурныя вечарыны, мастацкія выставы і моладзевыя дыскусіі. У нас пабывалі тысячы чалавек, і дагэтуль мы не атрымлівалі ніякіх заўвагаў. Мы не засакрэчвалі сваю дзейнасьць і адкрыта паведамлялі і давалі абвесткі пры свае імпрэзы ў сацыяльных сетках. Гэткім чынам у нас зьбіралася вялікая колькасьць грамадзка актыўнай моладзі. І сустрэчы зь вядомымі палітыкамі, мовазнаўцамі, гісторыкамі ці музыкамі, як, да прыкладу, Вінцуком Вячоркам, Пятром Садоўскім, Ігарам Кузьняцовым ці Лявонам Вольскім, не маглі быць незаўважанымі і з боку ўладаў«.

Белавус адзначае: «Але апошняй кропляй, відаць, стала правядзеньне сустрэчы з нагоды 10-гадовага юбілею „Бібліятэкі Свабоды“ — кніжнай сэрыі Радыё Свабода. Арандадаўцы заяўляюць нам, што мы ня маем права праводзіць сустрэчы і розныя іншыя імпрэзы. Але менавіта пра гэта і гаворыцца ў дамове арэнды, бо мэтай адкрыцьця нашай „Арт Сядзібы“ і была рэалізацыя самых розных творчых моладзевых ініцыятываў. Думаю, што насамрэч гэтае рашэньне было прынятае кімсьці і дзесьці звонку».

Кіраўніцтва «Арт Сядзібы» мае намер зьвярнуцца да сваіх наведнікаў і прыхільнікаў праз сацыяльныя сеткі з прапановай дасылаць кіраўніцтву «Гарызонту» просьбы адмяніць сваё рашэньне пра скасаваньне арэнднай дамовы. Кожнаму з заяўнікаў прапануецца самастойна абгрунтаваць сваю просьбу пра захаваньне моладзевай пляцоўкі ў займаных памяшканьнях. Акрамя таго, арганізатары «Арт Сядзібы» будуць шукаць новае памяшканьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG