Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва — гатова, Беларусь — думае


Пагадненьне аб спрошчанай працэдуры перасячэньня мяжы для жыхароў прымежных рэгіёнаў Літвы і Беларусі было падпісана 20 кастрычніка 2010 году.

Парлямэнты абедзьвюх дзяржаваў ратыфікавалі дакумэнт у 2011 годзе. 1 сакавіка 2012 году літоўскі бок абвясьціў пра поўную гатоўнасьць пачаць малы прымежны рух. Чаму беларускі бок ня дзейнічае сынхронна зь літоўцамі?

Пагадненьне дазволіць жыхарам памежных рэгіёнаў перасякаць мяжу бязь візаў, паводле дазволаў. Мяркуецца, што пропускі будуць выдавацца тэрмінам ад 1 да 5 гадоў і каштаваць 20 эўра. (Для параўнаньня: і аднаразовая, і шматкротная шэнгенская віза каштуе для беларусаў 60 эўра).

Дырэктар Дэпартамэнту турызму Літвы Раймонда Балнене: «1 сакавіка Літва ўжо завяршыла ўсе падрыхтоўчыя працы і афіцыйна паведаміла беларускаму боку, што яна скончыла ўсе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры. Так што цяпер чарга — за беларускім бокам. І пасьля таго як Беларусь завершыць сваю працу ў гэтым кірунку, празь месяц адкрыецца 5-кілямэтровая зона».

Начальнік упраўленьня інфармацыі беларускага МЗС Андрэй Савіных сказаў, што беларускі бок вядзе працу па завяршэньні сваіх унутрыдзяржаўных працэдур. Паводле спадара Савіных, гэта праца дастаткова складаная, закранае вялікую колькасьць міністэрстваў, ведамстваў:

«То бок нам трэба атрымаць пацьверджаньне ад усіх мясцовых Саветаў, органаў унутраных спраў, ад усіх зацікаўленых арганізацыяў, якія нейкім чынам уключаныя ў дзеяньне пагадненьня. Калі гэты працэс будзе завершаны, мы таксама накіруем літоўскаму боку ноту ў адказ, і пагадненьне ўступіць у сілу».

Карэспандэнтка: «А як хутка гэта можа быць?»

«Улічваючы, што працэс носіць міжведамасны характар, я не бяруся назваць дакладную дату. Але магу сказаць, што мы знаходзімся на дастаткова прасунутай стадыі правядзеньня гэтых працэдур».

1 лютага 2012 году малы прымежны рух адкрыўся паміж Латвіяй і Беларусьсю. Што да Польшчы, пагадненьне аб малым прымежным руху зь якой было падпісана 12 лютага 2010 году, Андрэй Савіных адказаў так:

«Пытаньне пакуль разглядаецца з улікам дастаткова складанай палітычнай абстаноўкі і той пазыцыі, якую польскія ўлады займаюць у дачыненьні да Рэспублікі Беларусь».
Я думаю, беларускія ўлады не зацікаўленыя, каб простыя беларусы болей езьдзілі.

На думку палітоляга Аляксандра Класкоўскага, відавочна, што працэс замаруджвае найперш беларускі бок:

«Палякам у свой час беларускія чыноўнікі наўпрост фактычна сказалі, сэнс быў такі: „Калі вы сябе так кепска паводзіце, заклікаеце на нас усялякія жорсткія захады, дык чаго ж вы хочаце?“ Відавочна, што сытуацыя палітычная. І зь Літвой таксама. Хоць тут і вялікія бізнэс-інтарэсы. Але разам з тым Літва мусіць ісьці зараз у фарватэры Брусэлю, у фарватэры жорсткіх падыходаў, і, натуральна, халаднаватыя цяпер стасункі. Гэта такі „наш адказ Чэмбэрлену“. Хоць гэта адбіваецца на інтарэсах простых грамадзянаў. Я думаю, беларускія ўлады не зацікаўленыя, каб простыя беларусы болей езьдзілі і на свае вочы бачылі, што Эўропа не такая, як яе паказвае беларуская прапаганда».

У сумежнай зь Літвой зоне на беларускім баку пражывае каля 600 тысяч жыхароў, з Польшчай — каля 800 тысяч, і каля 200 тысяч — з Латвіяй. Такім чынам, у разьвіцьці малога памежнага руху зацікаўлена больш за паўтара мільёна беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG