Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя беларусы патрабуюць вызваліць палітвязьняў


Адміністрацыя прэзыдэнта
Адміністрацыя прэзыдэнта

Прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі Беларусі падпісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім заклікаюць вызваліць палітвязьняў.

Дакумэнт апублікавала «Народная воля». Зварот падпісалі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, народныя артысты Зінаіда Бандарэнка і Віктар Дашук, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Радзім Гарэцкі, прафэсар, доктар гістарычных навук Леанід Лыч.

У звароце прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі пішуць: «Так здарылася, што жыцьцё адразу некалькіх вядомых беларусаў залежыць менавіта ад Вас. Гэтыя людзі зьяўляюцца Вашымі палітычнымі апанэнтамі, але яны ня ворагі беларускага народа. Таму пераканаўча просім Вас: выпусьціце іх на волю».

Народны артыст Рэспублікі Беларусь, рэжысэр Віктар Дашук кажа, што гэтыя людзі зьняволеныя за свае перакананьні, але па ўсіх юрыдычных законах, пачынаючы з Рымскай імпэрыі і нават раней — з Хрыста — за тое, што чалавек думае, яго ня маюць права перасьледаваць:

«Нельга трымаць за кратамі тых, хто не зрабіў аніякай шкоды для ніводнага чалавека ў гэтай краіне — ну, можа, для аднаго нейкую маральную шкоду і прынёс (для таго, хто вырашае, сядзець ім далей ці выпусьціць на волю). Таму я і праз ваша радыё хачу зьвярнуцца да Аляксандра Рыгоравіча. Спадзяюся, ягоныя памочнікі данясуць хаця б гэтую думку, калі ня словы: вельмі прашу выпусьціць на волю людзей, якіх чакаюць дома сем’і. Проста як чалавек гэтай Зямлі я зьвяртаюся да такога ж жыхара нашай Зямлі і прашу памілаваць людзей без усялякіх умоваў».
Проста як чалавек гэтай Зямлі я зьвяртаюся да такога ж жыхара нашай Зямлі і прашу памілаваць людзей без усялякіх умоваў.

«Кожны дзень пазбаўляе палітзьняволеных здароўя, забірае ў іх гады жыцьця. Гэтыя людзі сёньня знаходзяцца ў турмах, хоць яны не злачынцы. Наадварот, яны рабілі ўсё магчымае дзеля таго, каб жыцьцё ў Беларусі стала лепшым. Рабілі так, як таго патрабавала іх сумленьне», — гаворыцца ў звароце.

Акадэмік Радзім Гарэцкі, што да спадзяваньняў, ці прыслухаецца да іх галасоў кіраўнік краіны, кажа:

«Спадзяваньні слабаватыя… Але нешта рабіць трэба! Што мы яшчэ можам? Заклікаць людзей неяк рэагаваць на гэту сытуацыю. Там у іх сытуацыя невыносная: людзі ні за што пакутуюць. Я за іх вельмі хвалююся. Таму гатовы што заўгодна падпісаць і да каго заўгодна зьвярнуцца, толькі б вызваліць іх адтуль».

Аўтары ўпэўнены, што гэты зварот падтрымае большасьць беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG