Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цёмная камора белліту


Літаратурная дыскусія Свабоды:

Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Альгерд Бахарэвіч. Цёмнае мінулае Каяна Лупакі
Рыгор Сітніца: «Нацыянальнае хунвэйбінства трэба спыняць»
Барыс Пятровіч: Люблю чытаць Бахарэвіча
Міхась Скобла. Купала Янка і лаянка

Пра камору


Дыскусію на сайце Свабоды вакол эсэ Альгерда Бахарэвіча «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі» і абразьлівага выказваньня Рыгора Сітніцы ў адрас Альгерда Бахарэвіча ў «Вольнай Cтудыі» Міхася Скоблы я чытаў зь вялікім зацікаўленьнем. Ня памятаю ўжо, калі апошні раз публічная дыскусія пра беларускую літаратуру падышла амаль усутыч да яе цёмнай каморы, зьмесьціва якой да гэтай пары ніхто так і ня браўся дакладна разглядаць і апісваць.

Пра гэтую камору ўсе мы ўвесь час ведаем і помнім, але ці то ад недахопу сьмеласьці, ці то ад недахопу адпаведных словаў трымалі і трымаем яе зачыненую ў падсьвядомасьці. Нешта зь яе непрыгляднага нутра асьмеліўся паказаць у сваім эсэ Бахарэвіч – і нарваўся на хор абураных выкрыкаў, каб зачыніць прачыненыя ім дзьверцы, каб не выпускаць дэманаў цемры навонкі. Маўляў, ня плюй, дзядзька, у «родныя крыніцы», не пагань «нацыянальных сьвятыняў», не «плявузгай», і так далей...

Наколькі я зразумеў эсэ «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі», яно не перакрэсьлівае ні значэньня Янкі Купалы для станаўленьня беларускай нацыі і літаратуры, ні ягоных якасьцяў як паэта. Прачытайце ўважліва, без прадузятасьці, яшчэ і другое эсэ, пра Купалу да 1930 году, і ўсё вам стане на месца. Альгерд Бахарэвіч аддае Купалу належнае, як і ўсе мы, хоць гамбурскі пісьменьнік у сваім бачаньні, калі можна так сказаць, дабальшавіцкага Купалы, расстаўляе акцэнты па-свойму. Яму даспадобы не Купала-мэсія і Купала-народны вяшчун, а Купала-паэт недагаворанасьці. І ўсё...

А вось «Над ракой Арэсай» і тыя іншыя вершыкі...

Пра камунараў і мэліяратараў


Я помню, што гэтая гідота пра камунараў на Палесьсі была таксама ў праграме беларускай мовы ў маёй вясковай школе на Падляшшы. І нам задавалі вывучыць старонкі дзьве або тры з гэтага опусу на памяць. Але нас ратавала тое, што на Падляшшы ўсе тыя рэаліі, апісаныя Купалам, успрымаліся як рэаліі жыцьця на Марсе або яшчэ дзе далей... Я думаю, што ня толькі мы, вучні шостай ці сёмай клясы, ня цямілі, што такое камуна і саўгас, але і наша настаўніца таксама ня ведала, што да чаго. Таму мяне і ўсіх іншых на Падляшшы гэтая паэма, так бы мовіць, ніяк не заела, ні ў сьвядомасьці, ні ў падсьвядомасьці. У кожным разе, я асабіста ніколі ня сьніў ні пра саўгасы, ні пра мэліярацыю.

Я ня ведаю, ці ў снах Альгерда Бахарэвіча зьяўляліся камунары і мэліяратары, але гэта ня так істотна – іх безумоўна хапала ў ягоным рэальным жыцьці. Таму я разумею, чаму ён заеўся якраз на гэтую рэч, а не на драўляныя вершыкі пра хлопчыкаў і лётчыкаў ды тапельцаў у Вісьле...

А калі яшчэ ўсьвядоміць сабе, што гэтая саўгасная паэма стала для Беларусі значна больш прарочай, чым вершы і паэмы, якія Янка Купала напісаў да 1929 году, дык можна зразумець патас эсэ Бахарэвіча. Падумайце крыху і адгадайце, калі ня зь першага, дык з трэцяга разу: каго больш нагадвае сёньняшні ўладар сінявокай: Прарока і Песьняра з раньняй паэзіі Купалы ці таварыша Модзіна з «Над ракой Арэсай»?

Ну вось, Купалу зламалі ня толькі як паэта і як сымбаль беларускага духу, але і зрабілі апалягетам сыстэмы, якая ў сваіх мэтастазах трывае ў Беларусі і па сёньняшні дзень.

Пра выбар


Ці быў у Купалы іншы выбар? Канешне, быў, хоць і абмежаваны. Ён мог падацца ў эміграцыю, ён мог пакончыць самагубствам (спрабаваў жа гэтага), ён мог сказаць «не» бальшавікам і ўпасьці ў дол у Курапатах, або – ён мог бы напісаць нешта, што прасьлізнулася б празь сетку бальшавіцкай цэнзуры і засталося нам у спадчыну як сымбаль нескаронасьці духу перад дулам пісталета. Нічога такога Купала не зрабіў. Ён пакінуў пасьля сябе «спадчыну», якую мы засунулі ў цёмную камору падсьвядомасьці белліту ды сёньня называем «хунвэйбінамі» тых, хто спрабуе разабрацца, што насамрэч сталася зь беларускай літаратурай у 1930-х...

Калі б справа была толькі ў адзіночным выпадку Янкі Купалы, можна было б гэтай цёмнай каморкі не адчыняць. Але сутнасьць у тым, што мэтастаз Купалы ў 1930-х заклаў новую парадыгму дачыненьняў усёй беларускай літаратуры з уладай. Каб працягваць, мне спатрэбіцца невялікае інтэрмэца...

Польскае інтэрмэца


У польскай літаратуры быў такі пісьменьнік, Анджэй Кусьневіч (1904-1993). Ён нарадзіўся ў шляхецкай сям’і, на польска-украінскім этнічным памежжы ў Аўстра-Вугоршчыне. Перад ІІ сусьветнай вайной вывучаў жывапіс, юрыспрудэнцыю, грамадзкія навукі ды вёў жыцьцё сьвецкага bon vivant’а. У 1936 годзе пайшоў у дыпляматыю, працаваў у консульстве ў Вужгарадзе (Закарпацкая Русь), потым у Тулюзе ў Францыі. Пасьля выбуху вайны працаваў для брытанскай выведкі і францускага руху супраціву. Немцы арыштавалі яго ў 1943-м, да канца вайны Кусьневіч праседзеў у фашыстоўскіх вязьніцах і канцлягеры Маўтхаўзэн. Выжыў, вярнуўся ў дыпляматычную службу ўжо камуністычнай Польшчы. У апагеі сталінізму камуністы вярнулі яго ў Варшаву, не давяраючы чалавеку, які меў раней кантакты з брытанцамі і французамі. Дэбютаваў Кусьневіч у 1956 годзе, зборнікам вершаў. Але славу пісьменьніка прыдбаў сабе дзясяткам раманаў. Кусьневіч быў, што называецца, рэжымным пісьменьнікам. Ён належаў да партыі, праводзіў партыйную лінію ў асяродзьдзі пісьменьнікаў, атрымаў кучу дзяржаўных узнагародаў. Адны яго ненавідзелі, іншыя баяліся, аднак усе прызнавалі, хоць і ня ўсе з ахвотай, што Кусьневіч – першаклясны пісьменьнік. Паводле сваіх інтэлектуальных якасьцяў ён быў ці не адзіным сапраўдным эўрапейцам сярод польскіх пісьменьнікаў, начытаным эрудытам, чалавекам, які шмат што пабачыў у сьвеце і шмат што з убачанага зразумеў. Скразной тэмай ягонай творчасьці быў пошук чалавечай аўтэнтычнасьці, якой не заглушыў і не задушыў друз ідэалёгіі, культуры і палітыкі. У пасьляваеннай польскай літаратуры Кусьневіч быў бадай ці не адзіным, хоць і моцна запозьненым, мадэрністам – калі мець на ўвазе мадэрнізм Робэрта Музіля і Томаса Мана, а ня Джэймса Джойса. У 1989 годзе Кусьневіч, як першы паляк у гісторыі, стаў сябрам францускай Акадэміі Ганкураў.

У 2007 годзе ў архівах камуністычнай службы бясьпекі былі знойдзеныя тэчкі Анджэя Кусьневіча, зь якіх вынікае, што ён больш чым 30 гадоў быў тайным супрацоўнікам гэтай службы. Інакш кажучы, стукачом. Ён пісаў польскім чэкістам характарыстыкі сваіх калегаў па пяру і апісваў настроі ў пісьменьніцкім асяродзьдзі.

Якая з гэтага выснова, запытаеце? Можна быць у жыцьці падонкам і пісаць знакамітыя кнігі? Безумоўна, так. Але тут яшчэ і іншае. Пісьменьніку можна выбачыць здраду калегаў і таварышаў, можна выбачыць здраду ідэалаў, але нельга выбачыць здрады літаратуры. Бо здрада літаратуры аўтаматычна стаўляе аўтара па-за літаратурай. Пісьменьнік тады зьнікае, а зьяўляецца ідэоляг, агітатар, голэм, Каян Лупака...

Кусьневіч не напісаў ні радка, які ўхваляў бы ці падтрымліваў польскі ці які-небудзь іншы камунізм і таталітарызм. Для нас, якія жывем пасьля яго, ён застаўся пісьменьнікам.

Яшчэ раз пра камору


Купала ў 1930-х здрадзіў ня толькі ідэалам сваёй маладосьці і сваім маладым калегам, якія падалі з кулямі ў патыліцы ў ямы ў Курапатах, але і здрадзіў літаратуры. Ён перастаў быць паэтам, а стаў агітатарам або яшчэ кімсьці значна горшым...

Валасы дыбарам падымаюцца, калі сёньня пачытаць такія Купалавы вершы таго пэрыяду, як «Сьмерць забойцам А.М. Горкага» або «Мала іх павесіць (Да працэсу над бандай трацкістаў-дывэрсантаў)». У цёмнай каморы, якую стараўся прачыніць Альгерд Бахарэвіч, гэтыя вершы – абсалютнае, так бы мовіць, «сэрца цемры», нешта зусім невытлумачальнае, безназоўнае... Жах у сваім аголеным выглядзе.

Заснавальнік беларускай літаратуры прадаўся камуністам, нічога ні для гэтай літаратуры, ні для сябе самога не набыўшы (калі не лічыць чорнага шэўрале).

Як чалавека, Купалу можна і трэба апраўдваць. Як прароку і паэту, яму няма апраўданьня.

Ну, здавалася б, усё ясна. Пра гэта і напісаў Альгерд Бахарэвіч. Чаму ж тады ўсе кінуліся пляжыць яго такім кагалам і дапікаць яму нямецкімі грантамі? Трэба разумець, калі б ён браў расейскія або кітайскія гранты, было б ОК? Ці, можа, ён павінен браць гранты толькі ад «таварыша Модзіна»?

Дык вось, бачыце, тая цёмная беларуская камора, пра якую нам усім так няёмка гаварыць, цягам наступнага паўстагодзьдзя пасьля Купалы значна пашырылася і павысілася. І далей яшчэ пашыраецца і павышаецца новымі легіёнамі аўтараў, якія лічаць, што ім можна прадацца «таварышу Модзіну», каб ня толькі стаць пісьменьнікамі і паэтамі, але пры нагодзе яшчэ і паслужыць народу...

Я тут не выступаю супраць таго, каб прадавацца. (Прыгадаў жа цёмную гісторыю Анджэя Кусьневіча!). Як кажа Шэкспір: «Sell when you can: you are not for all markets». Але кожны, хто прадаецца, павінен сабе ўсьведамляць, што некалі нехта можа яму выставіць і гамбурскі рахунак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG