Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў у калёніі сустрэўся зь Мікітам Ліхавідам


У Новаполацкай калёніі ў Андрэя Саньнікава – ніжняе спальнае месца і льняныя прасьціны. Да Аляксандра Малчанава ў Магілёўскай калёніі наведаўся пракурор. Улады не даюць дазволы на пікеты ў падтрымку палітвязьняў.

Жонка Андрэя Саньнікава Ірына Халіп атрымала два лісты ад мужа з Наваполацкай калёніі, куды яго днямі этапавалі з Валадаркі. Прычым, лісты ішлі ўсяго па два дні, што сталася сюрпрызам для Ірыны. Яшчэ больш узрадаваў іх зьмест, бо ўмовы ў каранціне ў Андрэя даволі добрыя:

Андрэй Саньнікаў

"Людзей там няшмат, такім чынам, у майго мужа ўперышню за 8 месяцаў ніжняе спальнае месца. Мала таго – ім выдалі льняныя прасьціны, на якіх вельмі камфортна спаць. Нарэшце, атрымаў магчымасьць радавацца небу, дрэўцам, траўцы. Людзі яго сустрэлі добра, а камары – ня вельмі добра... З мінусаў ён пакуль адзначае толькі экалёгію, піша, што часам у паветры стаіць такі моцны ўгарны дым, быццам бы побач паляць гумавыя пакрышкі".

У Наваполацкай калёніі Андрэй Саньнікаў сустрэўся зь Мікітам Ліхавідам. Ім удалося нават пагутарыць, кажа Ірына Халіп:

Мікіта вельмі крануў Андрэя сваім першым пытаньнем: "Як там Данік?" ...

"Мікіта Ліхавід выглядае значна лепш, чым Андрэй чакаў убачыць пасьля ўсіх ягоных карцэраў. Мікіта вельмі крануў Андрэя сваім першым пытаньнем: "Як там Данік?" І яшчэ Андрэй адразу, як прыехаў, атрымаў 5 лістоў падтрымкі ад незнаёмых людзей і ліст ад Паўла Севярынца – вось такія прыемныя сюрпрызы. У мяне першы раз за гэты час сапраўды добры настрой!"

У суботу, 30 ліпеня, пасьля 19-й гадзіны павінна выйсці на волю маці Мікіты Ліхавіда спадарыня Алена. Яе затрымалі 20 ліпеня каля кінатэатру "Перамога" пасьля маўклівай акцыі пратэсту і асудзілі на 10 сутак арышту.

Аляксандар Малчанаў

Маці Аляксандра Малчанава – інвалід, і ня можа наведаць сына ў Магілёўскай калёніі. Таму кантактуюць толькі праз лісты, ды зрэдку Аляксандар тэлефануе. Спадарыня Галіна вельмі занепакоеная: сына наведаў пракурор. Да таго ж, Аляксандар атрымаў вымову:

"Яму хтосьці напісаў ліст, а Сашу гэты ліст не ўручылі. Як я зразумела, ліст назад вярнулі. А ад каго быў гэты ліст, Саша нават ня ведае. І з гэтай нагоды да яго прыходзіў пракурор. А лісты, якія піша Саша сябрам, даходзяць ня ўсе. Да таго ж, Сашу аб'явілі вымову".

Ільля Васілевіч

Бацька і сястра Ільлі Васілевіча наведалі Магілёўскую калёнію і сустрэліся зь вязьням. Распавядае маці Ільлі спадарыня Тамара:

"Ільля такі прыгнечаны – пакуль разгаварылі яны яго. Кажа, што сьпіць каля дзьвярэй камэры, пастаянны ўначы ўламваюцца з праверкамі, сьвецяць ліхтаром у твар. Я яго бачыла пасьля суду, а дачка больш за паўгода ня бачыла, кажа, што ён вельмі схуднеў. Хаця сам Ільля кажа, што кормяць добра, нават часам ня ходзіць на абед. Але я ня веру. З ангельскай мовы ўжо не перакладае. Чытае "Амэрыканскую трагедыю" Драйзера".

Зьміцер Даронін

Зьміцер Даронін, які адбывае пакараньне ў калёніі "Віцьба-3" – са шматдзетнай сям'і, у яго бацькоў васьмёра дзяцей. Ён старэйшы, быў кармільцам у сям'і. У калёніі трымаецца мужна, кажа яго маці Галіна:

"Кожны дзень мы яму пішам, ён нам піша – сям'я вялікая, ёсьць каму пісаць. Піша, што ўсё нармальна, каб мы не перажывалі, лепш чым на Валадарцы. У камэры 50 чалавек, а ў атрадзе 200. Зь ім разам Саша Атрашчанкаў. Займаюцца спортам, газэты, кнігі чытаюць, красворды разгадваюць. Бадзёрыя лісты піша, а як там насамрэч? Можа, ён віду не падае, каб нас не расстройваць!.

______________________________________________

Актывісты Руху "За Свабоду!" падалі больш за 100 заявак на правядзеньне пікетаў у падтрымку палітвязьняў па ўсёй краіне. Дазволы не даюць нават у адмыслова адведзеных месцах. Пікет у падтрымку Мікіты Ліхавіда, які адбывае тэрмін у Новаполацкай калёніі, менскія ўлады забаранілі і ў Кіеўскім скверы – быццам бы на пляцоўцы ля фантану плянуецца рамонт, і на плошчы Бангалор, і каля ўнівэрсаму "Першамайскі". Юрась Губарэвіч кажа:

Юрась Губарэвіч

"Сытуацыя, у прынцыпе, чаканая – улады крайне не зацікаўленыя, каб грамадзтва мела магчымасьць пачуць інфармацыю пра палітвязьняў. Рух "За Свабоду" падаў больш за 100 заявак у 30 гарадах. Мы зараз атрымліваем першыя адказы зь мясцовых адміністрацыяў. У асноўным – гэта адмовы. У кожным разе ўлада знаходзіць нейкія зачэпкі. Ёсьць і кур'ёзныя адказы, калі нашы пікеты перанакіроўваюць наагул у бязлюдныя месцы, дзе чыстае поле і пасуцца каровы..."

Так, у Мазыры ўлады далі дазвол правесьці пікет у падтрымку Мікіты Ліхавіда на стадыёне ў вёсцы Козенкі. Заяўнікі адмаўляюцца ад такіх прапановаў і распаўсюджваюць улёткі пра палітвязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG