Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцемій Троіцкі: Хутка вашым "дзяржымордам" будзе вельмі дрэнна


Арцемій Троіцкі
Арцемій Троіцкі
Вядомы расейскі публіцыст, музычны крытык, адзін зь першых прапагандыстаў рок-музыкі ў СССР Арцемій Троіцкі паставіў палітычны дыягназ беларускім уладам, якія, сьледам за прыкладам савецкай цэнзуры, у масавым парадку забараняюць сваіх ды замежных творцаў.

Падставай да размовы — нядаўняе табу на песьні культавага выканаўцы, лідэра гурту "Кіно" Віктара Цоя, які трагічна загінуў больш за 20 гадоў таму, але і цяпер не дае спакою кіраўніцтву Беларусі.


— Арцемій Ківавіч, дык як вы ставіцеся да таго, што Віктар Цой і на тым сьвеце стаў фактычна пэрсонай нон-грата ў Беларусі?

— Я чуў пра тое, што забаранілі адну зь яго песень — "Мы ждем перемен"...

— Ня толькі. 10 сутак арышту атрымаў малады чалавек, які слухаў у машыне якраз згаданую песьню…

— Няўжо толькі за тое, што ў сваёй машыне слухаў Віктара Цоя? Яго што, адмыслова спыніла міліцыя?

— Падчас акцыі машына стаяла на паркоўцы, а праз адкрытыя вокны гучэла песьня "Перемен". І ўжо пасьля гэтага была забарона на Цоя на дзяржаўным радыё, на камэрцыйных станцыях…

— Толькі адну гэту песьню ці штосьці яшчэ з творчасьці Цоя? І якая фармулёўка? Ці проста без фармулёўкі, а так, па-ціхаму, далі на радыёстанцыі і тэлеканалы разнарадку, каб Цоя не было?

— Так, забаранілі ціха. Але ў прынцыпе, фактычна, пашырылі ранейшы сьпіс, у якім з расейскіх гуртоў фігуравалі таксама ДДТ, "Тараканы", "Noize MC" і г.д. Цяпер туды трапіў і Віктар Цой.

— Зразумела. Вядома, ня нам, расейцам, нешта раіць беларусам, таму што ў нас апошнім часам адбываецца прыкладна тое ж самае, што і ў вас — з нашмат большым маштабам і нашмат большым цынізмам. Але што характэрна: у Беларусі гэта ўсё з боку ўладаў, асабіста ад "бацькі" паходзіць — вельмі адыёзным, няўмелым і, я б сказаў, "уколатым" чынам. Таму тут ёсьць свая адметнасьць. Вядома, што тычыцца таго, каб забараніць Цоя, то я перакананы: у Расеі на гэта ніхто б не пайшоў. Таму што гэта было б дзіка непапулярна, гэта было б страшна адыёзна; амаль тое ж самае, што, скажам, забараніць Высоцкага. Гэта значыць — адабраць у людзей адну зь іх любімых іконаў.

— Іншымі словамі, у Беларусі з палітычным піярам зусім дрэнна?

— Больш-менш кемлівыя палітыкі, людзі, якія хоць нешта разумеюць у сацыяльным маркетынгу, у палітычным піяры, вядома, такога не зрабілі б. І я перакананы: пры тым, што песьні Цоя, у прыватнасьці песьня "Перемен" — адзін з гімнаў расейскай апазыцыі, я абсалютна выключаю таго, што ў Расеі забаранілі б Цоя. Калі, зразумела, наша ўлада ня будзе сябе паводзіць проста самазабойча. А тое, што гэта адбываецца ў Беларусі, азначае адно: беларуская сыстэма канчаткова дэградавала. Цой такой увагай мог бы толькі ганарыцца, але я чарговым разам выказваю сваё спачуваньне беларускім людзям увогуле і мэляманам у прыватнасьці з нагоды новага акту абсалютна ідыёцкага і зламыснага самадурства.

— Як у шмат якіх гарадах Расеі, у Менску таксама ёсьць свая сьцяна Цоя. Пасьля таго прыкрага выпадку гэтае месца зноў набыло падвышаную папулярнасьць. Вам не падаецца, што ўлады могуць дасягнуць адваротнага эфэкту? Не забароніш жа слухаць тое ж "Кіно" дома?

— Так, натуральна. Дарэчы, мне ў гэтай сувязі проста вельмі шкада, што,
Усё ж трэба яшчэ паднаціснуць, бо, як на мой погляд, ужо ўсё, па-мойму, канец блізкі ...

канечне, неяк вяла ў вас уся гэтая апазыцыйная гісторыя разьвіваецца. Усё ж трэба яшчэ паднаціснуць, бо, як на мой погляд, ужо ўсё, па-мойму, канец блізкі. Трэба проста не губляць таго, што па-ангельску называецца momentum, то бок ня страчваць вось гэтай сілы інэрцыі, гэтага імпульсу, які ўжо набраўся. Бо я ня думаю, што Расея будзе яго ратаваць, расейскім кіраўнікам ён таксама на фіг ужо не патрэбны. Гэта, вядома, з майго боку вельмі цынічная заўвага, але я насамрэч ня думаю, што Пуцін зь Мядзьведзевым, калі пад "бацькам" там ужо ўсё максымальна моцна закалышацца, працягнуць яму руку дапамогі. Думаю, што не.

— Лічыце, што Крэмль такім чынам сябе толькі запляміць?

— Так. Натуральна, што ў Лукашэнкі ёсьць нейкае лобі ў Расеі. Той жа Пал Палыч Барадзін. Але Пал Палыч — пэнсіянэр, і нават добрыя сувязі ды тое, што ён адзін з чальцоў ельцынскай сям'і, нічым Лукашэнку не дапамогуць. Бо гэта ўжо ня дзейная фігура. І я мяркую, што мацнейшых лабістаў, чым Барадзін, у Лукашэнкі ў Расеі ўжо няма. Усе нашы прагматычныя газавікі, нафтавікі, прамыславікі і г.д., дык яны нічога ня мелі б супраць таго, каб Лукашэнку зваліць. Ну, а калі гаварыць пра палітычную эліту, то я думаю, што ён ім таксама надзвычай нязручны і ўжо даўно надакучыў. Я не перакананы, што гэта будзе для Беларусі самы годны выхад, бо, хутчэй за ўсё, у выніку Беларусь проста ператворыцца ў гэткага больш ляяльнага расейскага сатэліта. Але ў пляне эканомікі, у пляне нейкіх элемэнтарных базавых свабодаў, якіх цяпер, па-мойму, пры Лукашэнку практычна няма, усё ж людзям будзе лепш.

— Немалая колькасьць беларусаў падзяляе такую думку, але шмат хто зьвязаны кантрактамі, шмат хто напужаны рэпрэсіямі. За месяц так званых маўклівых акцый больш за 2 тысячы чалавек затрымалі, асудзілі…

— Гэта ўсё так, але справа яшчэ і ў тым, што становішча ў Лукашэнкі проста адчайнае. Ён сам давёў сытуацыю да такой кропкі, калі яму ўжо не сысьці, як, скажам, былому прэзыдэнту Ўкраіны Кучму ці нейкаму іншаму дзяржаўнаму чыноўніку, які зьлёгку сябе скампрамэтаваў і добра надакучыў людзям. То бок у Лукашэнкі ў лепшым выпадку будзе варыянт Мілошавіча, а ў горшым — варыянт Чаўшэску. І ён гэта цудоўна разумее. Дакладна гэтак жа ўсё гэта разумеюць усе гэтыя вашы "дзяржыморды" зь беларускага КДБ, міліцыі і г.д. Што калі ўлада зьменіцца, то ім будзе вельмі дрэнна. Менавіта за тое, што яны цяпер робяць. Таму яны ідуць на нейкія адчайныя, на мой погляд, абсалютна самазабойчыя акцыі.

— Думаеце, гэтыя людзі насамрэч не ўсьведамляюць, што робяць?

— Вельмі складана знайсьці лягічнае тлумачэньне таму, што ўвогуле адбываецца ў Беларусі. Але нават той факт, што ў Беларусі фактычна забаронены Віктар Цой, азначае, што беларуская сыстэма ўжо відавочна пайшла ўразнос. Таму што такія рэчы робяць, на мой погляд, толькі палітычныя камікадзэ. Так што забраць у людзей Цоя — ну, гэта значыць папросту абсалютна зганьбіць сябе ў вачах вялізнай масы насельніцтва. У прынцыпе ўсё гэта яшчэ знойдзе свой адэкватны працяг, я ў гэтым перакананы. Я з вамі заўсёды салідарны, Віця Цой з намі і з вамі і застанецца з усімі свабодалюбнымі людзьмі заўсёды.

Арцемій Троіцкі нарадзіўся ў 1955 годзе ў Яраслаўлі. Пры канцы 1970-х — на пачатку 1980-х пачаў займацца арганізацыяй так званых "кватэрнікаў" — падпольных выступаў забароненых гуртоў і выканаўцаў, а таксама рок-канцэртаў і фэстываляў. Праз рукі Троіцкага прайшлі такія папулярныя ў СССР калектывы, як "Машина времени", "Зоопарк", "Кино" ды іншыя. Аўтар шматлікіх публікацыяў, прысьвечаных савецкай рок-музыцы і ўсясьветнай музычнай культуры. У сярэдзіне 1980-х ягоныя працы былі ў савецкім друку пад забаронай, аднак гэта не перашкаджала яму друкавацца на Захадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG