Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плошчы адвялі пад канцэрты, каб там не зьбіраліся пратэстоўцы


Сёньня ў Менску і яшчэ ў трох дзясятках гарадоў Беларусі актывісты «сеткавай рэвалюцыі» маюць намер сабрацца на цэнтральных плошчах. Пачатак акцыі «маўклівай салідарнасьці» прызначана на 19 гадзіну. Улады імкнуцца гэтаму перашкодзіць.

ВІЦЕБШЧЫНА


На мітынг з удзелам чыноўнікаў прапусьцілі ня кожнага

Урачыстыя мерапрыемствы ў Віцебску прайшлі зранку. Прычым на ўскладаньне кветак да манумэнта Вызваліцелям на плошчы Перамогі, а таксама на мітынг з удзелам гарадзкіх і абласных уладаў трапіць мог далёка ня кожны ахвотны. Журналісту Сяргею Серабро, які паказаў міліцэйскай ахове пасьведчаньне карэспандэнта БелаПАН, гэта не ўдалося:

«Не пускалі, пакуль былі ўрачыстасьці — як перакрылі плошчу з паловы на дзявятую, так у 11 толькі пачалі пускаць. А так — толькі па прапусках, вельмі пэрсанальна — у міліцыянтаў быў нейкі сьпіс быццам бы акрэдытаваных… Але ніхто ж не папярэджваў, што трэба акрэдытавацца ды ўсякае такое…».

Сяргей Серабро распавёў, што плошча была ачэпленая спэцназаўцамі, па пэрымэтры стаялі брамкі-мэталашукальнікі, а вось гледачоў было зусім ня шмат — невялікая купка на ўскрайку плошчы.

Плян дзеяньняў: сабрацца разам, пляскаць у ладкі

А сёмай вечара на плошчы мяркуюць сабрацца ўдзельнікі «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку». Старонка http://vkontakte.ru гэтай падзеі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» працуе, і на ёй расьпісаны плян дзеяньняў: сабрацца ў адным месцы на плошчы Перамогі, пляскаць у ладкі, калі міліцыянты пачнуць разганяць людзей — трымацца за рукі, не адпускаючы адно аднаго.

Плян дзеяньняў быў зьмешчаны і ў камэнтарах на незалежным сайце «Народныя Навіны Віцебску». Але каля трэцяй дня яго нехта выдаліў. І ў гэты самы час рэдактару сайту Сяргею Серабро патэлефанавала невядомая асоба. Спадар назваўся чытачом і паўшчуваў рэдактара за тое, што на сайце пачалі зьяўляцца «недапушчальныя» камэнтары.

Клюб «Віраж» — перашкода «рэвалюцыі»

Тым часам у Полацку на 19:00 на цэнтральнай плошчы прызначылі выступленьні спартоўцаў-картынгістаў з клюбу «Віраж». Дарэчы, свой выступ яны рэпэціравалі штосерады — і праз гэта на плошчы не было месца ўдзельнікам «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку», адзначае жыхарка Полацку спадарыня Ірына:

«Я думала, шчыра кажучы, што будзе хаця б нейкі канцэрт спачатку, а пасьля ўжо картынг… А так — адзін картынг, і ўсё. А што ўжо тады прыдумаюць у наступную сераду? Але пайду сёньня пагляджу, які там у нас народ зьбярэцца і колькі».

У Воршы нават Леніна ўзялі ў загарадкі

У Воршы на плошчы каля помніка Леніну ўвогуле на заплянавана ніякіх імпрэзаў. Тым ня менш яна ўжо абгароджана жалезнымі загарадкамі, кажа спадар Алесь:

«У Воршы сьвяточныя мерапрыемствы пачаліся а 10-й раніцы каля помніка вызваліцелям гораду. Іншыя імпрэзы заплянаваныя на пляцоўцы каля калегіюму езуітаў. Але загарадкі стаяць чамусь на цэнтральнай плошчы, дзе помнік Леніну. Прычына, верагодна, у тым, што тут прайшлі акцыі маўклівага пратэсту 22 і 29 чэрвеня».

Аршанскія ўлады, такім чынам, вырашылі зрабіць захады, каб проста не пусьціць людзей на плошчу.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Міліцыянты палохаюць нават падлеткаў

Актывісты «сеткавай рэвалюцыі» і актыў дэмакратычных сілаў Берасьця атрымліваюць інфармацыю пра тое, што ім ня варта сёньня зьяўляцца на галоўнай плошчы гораду.

Актывіст «Маладога фронту» Яўген Скрабец цяпер заблякаваны ў сваёй кватэры. Каля ягонага пад’езду стаяць два аўтамабілі. У адным — чатыры чалавекі ў цывільным, у другім — чатыры міліцыянты. Яўген Скрабец кажа, што пры падобных абставінах затрыманы ягоныя паплечнікі Іван Стасюк і Зьміцер Шурхай.

Міліцыянты і асобы ў цывільным сёньня наведалі таксама 16-гадовага моладзевага актывіста Сяргея Алексіевіча. Яму прапанавалі праехаць у міліцыю для размовы. Юнак адмовіўся, і тады ягоную маці папярэдзілі, што хлопцу сёньня ня варта зьяўляцца на плошчу.

Сеткавыя актывісты абласнога цэнтру маюць намер сёньня ўвечары сабрацца на галоўнай плошчы гораду — плошчы Леніна. Цяпер там на загад мясцовай улады рыхтуюцца да ўрачыстага канцэрту самадзейныя артысты.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Апазыцыянэрам грозяць затрыманьнямі

У Магілёве актывістаў апазыцыі палохаюць затрыманьнямі, калі яны зьявяцца блізу плошчы Леніна ў час, на які прызначана маўклівая акцыя пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».

Апазыцыянэраў папярэджваюць праз тэлефон невядомыя. Прадстаўляюцца альбо ўчастковымі міліцыянтамі, альбо супрацоўнікамі КДБ.

«Мне патэлефанавалі, прадставіліся супрацоўнікамі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Ва ўльтыматыўнай форме заявілі: „Мы вам раім ня ўдзельнічаць ні ў якіх акцыях. У адваротным выпадку вы будзе прэвэнтыўна затрыманыя на час правядзеньня акцыі“. Гэта яны ад бясьсільля, я думаю, пагрозамі рассыпаюцца», зазначае актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Лапуцін.

Тэлефанавалі й каляжанцы Лапуціна Аксане Самуйлавай. Ёй невядомы прадставіўся супрацоўнікам Кастрычніцкага аддзелу міліцыі Магілёва:

«Ён сказаў: „Па нашых зьвестках, вы зьбіраецеся ўдзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях, наносіць графіці на сьценах“. „І наагул, падсумаваў ён, выказваць вотум недаверу нашаму ўраду“. Ім далі, гэтым нябогам міліцыянтам, паперу са сьпісам, і яны абтэлефаноўваюць. Робяць сваю дурную працу, зусім бессэнсоўную».
Пагражалі мне арыштам, а жонцы — звальненьнем.

У той жа манеры, як і актывістаў кампаніі «Гавары праўду», папярэдзілі журналіста і актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігара Барысава:

«Пагражалі мне адміністрацыйным арыштам, а маёй жонцы — звальненьнем з працы, калі возьмем удзел у маўклівай акцыі пратэсту. Супрацоўнікі міліцыі ўздымаюць старыя сьпісы актывістаў і пачынаюць іх прапрацоўваць. Тут яны ня маюць рацыі. На гэтыя ж акцыі ходзяць людзі розных сацыяльных груп, і не абавязкова гэта прадстаўнікі апазыцыі».

Паводле магілёўскіх праваабаронцаў, аб адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях папярэдзілі актывістаў Максіма Кавалёва, Аляксандра Лёгенькага, Валянціна Лабачова. Прыходзіў участковы і да шматдзетнай маці Натальлі Шкадун. Тая яму не адчыніла. Не адчыніла міліцыянту дзьвярэй і праваабаронца з грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Крысьціна Шацікава. Участковы папярэдзіў аб адказнасьці актывістку Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Галіну Лісіцыну. Міліцыянт засьпеў жанчыну дома, каля тая вярнулася з бальніцы.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Напярэдадні людзей папярэдзілі, як адзначаць афіцыйнае сьвята…»

На Гарадзеншчыне падчас афіцыйных мерапрыемстваў, прысьвечаных 3 ліпеня, удзень «маўклівых» акцыяў не адбывалася. Адмыслоўцы зьвязваюць гэта з запалохваньнем актывістаў праваахоўнымі органамі.

Сёлетнія афіцыйныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасьці ў гарадах Гарадзенскай вобласьці і ў Горадні, як ніколі раней, адзначаліся нешматлікасьцю ўдзельнікаў.

У Горадні, да прыкладу, на плошчы Леніна, па вуліцы Дзяржынскага нават не перапынялі, як зазвычай, рух грамадзкага транспарту. А на самой плошчы было нязвыкла нешматлюдна. Праўда, і «маўклівых» акцый падчас афіцыйных мерапрыемстваў нідзе не назіралася.
Плошча Леніна ў Горадні 3 ліпеня цалкам не запоўненая
Парад войскаў Гарадзенскага гарнізону 3 ліпеня.

Выклікалі ў міліцыю й КДБ, патрабавалі падпіску аб адмове ад удзелу ў акцыі «маўклівых»

Адзін з удзельнікаў акцый распавядае: на гарадзенскім форуме ў інтэрнэце некаторыя ўдзельнікі акцыі паведамілі, што іх выклікалі ў праваахоўныя органы і патрабавалі падпіскі пра тое, што яны ня будуць браць удзелу ў «маўклівых» акцыях. А таксама ў дзяржаўных установах была праведзена адпаведная праца ідэолягаў.

Спадар: «Папярэджаньні былі і ў дзяржаўных установах. Я, да прыкладу, ведаю, што папярэджвалі супрацоўнікаў музэяў, а таксама работніц звычайных крамаў. Іх папярэджвалі, каб не вялі размоваў у грамадзкіх месцах, на працы, у транспарце пра тое, што ў нас адбываецца».

У Лідзе, са слоў удзельніка «маўклівых» акцый, напярэдадні многім удзельнікам акцый тэлефанавалі і пад той ці іншай маркай заваблівалі ў праваахоўныя органы.

Спадар: «Кажуць: прыйдзіце, трэба з вамі паразмаўляць, ёсьць пытаньні. А потым, калі прыходзілі, то пачыналася гутарка, а потым — пішыце расьпіску, што ня будзеце браць удзел у сацыяльных акцыях».

У Бярозаўцы Лідзкага раёну на мінулым тыдні міліцыянты выклікалі ў пастарунак пераважна падлеткаў, якія раней бралі ўдзел у сацыяльных акцыях.

Спадар: «Яшчэ ў аўторак і сераду пабралі ў падлеткаў падпіскі, што тыя болей ня будуць удзельнічаць у сацыяльных акцыях».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG