Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны ўжо новыя, а пэнсіі — старыя


Пакупнікі купляюць цукар пакункамі.
Пакупнікі купляюць цукар пакункамі.
У Беларусі працягваецца спажывецкі ажыятаж на тле штодзённага росту коштаў. Людзі раскупляюць харчовыя тавары, перадусім тыя, якія чарговым разам маюць даражэць — цукар, гарэлку, мяса.

ВІЦЕБШЧЫНА


Каб часта не перапісваць цэньнікі, іх проста прыбралі з тавараў

На аршанскім кірмашы гандляры больш ня ставяць цэньнікі на тавары ды прадукты. Лічаць гэта справай марнай, бо кошты мяняюцца штодня ўсьлед за ростам неафіцыйнага курсу даляра, кажа спадар Васіль:

«Камэрсанты, якія гандлююць, — у іх цэньнікаў няма. Калі нешта ты бярэш, то дастаюць калькулятар ды пералічваюць у адпаведнасьці з курсам даляра. Усе да даляра прывязаныя. І крамы свае пазачынялі, правялі пераацэнку тавару. Як яны прыватнікі — дык маюць права!».

Кошты на кірмашы скочылі ўверх, працягвае тэму спадарыня Галіна, таксама жыхарка Воршы:

«Гэта жах! Капуста — 7 тысяч, яблыкі — 10 тысяч, куры падаражэлі ці ня ў два разы… І то — я купляю толькі тое, што мне неабходна, на астатняе нават не гляджу. Але ў нас ходзяць упартыя чуткі, што кірмаш з чэрвеня зачыняецца. А што ж: яны ж тавар бяруць за валюту, а валюты няма! Дык травень дапрацуюць, бо за арэнду месцаў заплацілі. А далей — усё!».
Рынак дапрацуе да канца траўня, а далей — усё!

Спадарыня Тацяна з Полацку мусіла вытрымаць нялёгкую размову з сынам-школьнікам — патлумачыць малому, чаму ўсё даражэе:

«Я мусіла правесьці з сынам гутарку, ці згодны ён галадаваць за свабоду. На поўным сур’ёзе! Я яго рыхтую маральна: паказваю ролікі ў інтэрнэце, як сядзяць у турме за Плошчу, як людзі плачуць пасьля судоў… Дык а што рабіць? Усё, хана! Заробак стаў таньнейшы ў два разы, сродкаў не хапае. Учора пайшла мяса купляць, я даўно не купляла мяса, дык цяпер 30 тысяч каштуе тое, што раней 20! Я хутка там самлею, каля тых паліц!».

Урад паабяцаў праіндэксаваць заробкі працаўнікам бюджэтнай сфэры — даплаціць за травень каля 60 тысяч рублёў. З 1 чэрвеня абяцана падвысіць на 13,7% і пэнсіі. Але да тае пэнсіі яшчэ трэба дажыць, разважае віцебская пэнсіянэрка Галіна Сяргееўна:

«Трэба дажыць, пакуль яе атрымаеш! Бо цэны ўжо новыя, а пэнсія яшчэ старая. На рыбу во я ўжо не гляджу — яна непад’ёмная, той мінтай па 15 тысяч. Проса — ужо 11 тысяч, якім я раней вераб’ёў карміла… Цэны ўзрасьлі ўдвая! Гэта значыць, цэны вырасьлі на 100%, а пэнсія — на 13%? Я проста ня ведаю, як я буду жыць! Той, хто браў на сябе за ўсё адказнасьць, казаў: „Я ведаю, што рабіць і куды йсьці!“. Вось мы і прыйшлі туды, куды нас прывялі…».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Людзі кажуць: «Капут будзе…»

Апошнім часам людзі ўжо заблыталіся ў тым, што найперш трэба купіць, бо даражэе літаральна ўсё. І таму некаторыя проста разводзяць рукамі, бо на ўсе тавары нестае грошай. Вось што, да прыкладу, кажа пакупніца ў мастоўскай краме:

«Цукру няма на паліцах, ні каўбасаў, ні сасісак — нічога. Каўбасы ўсе толькі па 40–50 тысяч, пральны парашок — толькі расейскі, цыбулю вось толькі хадзіла купляла, то пучок 1–2 тысячы, малако — 2 тысячы, хлеб — 2070, 8700 — рыс 900 грамаў, сода харчовая— 3250, больш за 18 тысяч — адзін кіляграм фаршу…».

А вось у Смаргоні перад падаражэньнем людзі ў запас купляюць гарэлку. Распавядае мясцовы прадпрымальнік:

«Ну што ў нас у крамах — бяруць гарэлку скрынямі…».

Далей спадар дадае, што на вачах зьнікаюць тыя грашовыя запасы, якія чалавек зьбіраў гадамі, і даводзіцца іх укладаць у абы-што, каб толькі зусім ня страціць:

«Валюты няма, раскупілі ўжо нерухомасьць, а што далей — невядома. Я вось маю грошы, хацеў бы нешта купіць — а што? Тэлевізары гэтыя беларускія — але колькі іх трэба і потым куды іх дзяваць, каму яны патрэбныя? Людзі кажуць адно: капут будзе».

Хто галасаваў за Лукашэнку, дзясятаму цяпер перакажуць, што гэта было глупства.
Прадпрымальнік са Сьвіслачы, які гандлюе харчовымі таварамі, распавядае, што ўсё таннае людзі раскупілі і шмат якіх тавараў цяпер няма ў продажы. Кожны наступны завоз тавару, зь яго слоў, атрымліваюць па новых цэнах:

«Да прыкладу, цяпер у нас няма запалак, солі, цукру. А вось людзі цяпер кажуць нават тыя, хто галасаваў на Лукашэнку, што дзясятаму чалавеку перакажуць наступным разам, каб не галасаваў за гэтую ўладу — вось такія выказваньні. Абураюцца людзі моцна».

Што думаюць, што адчуваюць у гэтай сытуацыі жыхары Горадні?

Спадарыня: «Я так сабе ўяўляю тое, што цяпер адбываецца: краіна наша атрымала вялікі інфаркт. І вельмі доўга будзе ачувацца ў рэанімацыі. Ці будзе зыход лятальны, ці пойдзе на папраўку? Ніякі доктар ня здолее сказаць — ці выжыве чалавек пасьля такога інфаркту, ці скончыцца вельмі сумна, хаўтурамі».

Малады спадар: «Рэч у тым, што сытуацыя ў краіне з далярамі мяне не задавальняе, але ў палітыку ня ўмешваюся, зь ёю не зьвязаны. Што народу важна: калі будзе эканамічная сытуацыя добрая, будзе ўсё нармальна, вось і ўсё. А хто пры ўладзе — я не ўнікаю ў гэта…».

Спадар: «Мяне больш зьдзівіла, што ня толькі на прадукты, але на такія рэчы — бытавую тэхніку, тэлевізары — на ўсё новыя цэны сталі».

Другі спадар: «Беларускія цэны растуць чаму? Таму што некаторыя зь іх неабгрунтаваныя, гэта сто адсоткаў. Грэчка гэтая нікому не патрэбная была, але яе здуру павывозілі, дык яна ўсім адразу зрабілася патрэбная раптам. Ды не купляй ты яе, навошта яна табе патрэбная?!».

Трэці спадар: «Скупляюць хто? Спэкулянты! Яны ж не прывезьлі гэта, а прададуць потым даражэй. Вось каб дзяржава магла іх накрыць! Узяла б, каб ажыятаж скончыўся, зьменшыла цэны працэнтаў на трыццаць, вось яны тады ў наступны раз не скуплялі б».

Я ўжо дзед. Якая рэакцыя? Успрымаю так, як ёсьць, а што рабіць?
Чацьверты спадар: «А вось цэны зьдзіўляюць сваёй „высокасьцю“. Няўжо ў нас так вытворчасьці расьце сабекошт? Хоць, трэба меркаваць, ва ўсім сьвеце нейкі рост цэнаў ёсьць, але ў нас вельмі адчувальны. Я вам скажу: я ўжо дзед, ну якая рэакцыя? Успрымаю так, як ёсьць, а што рабіць?».

Спадарыня: «Мала — цэны, нават антэна на даху гарадзкая агульная — і тая падаражэла. Як паставілі там жардзіну наверсе, так яна і стаіць, а цана вырасла. Што яны зрабілі, ці палепшылі? Нічога! Як паказвала адзін канал, так і паказвае, як паказвала зь перабоямі, так і паказвае».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Найбольшы ажыятаж у пятніцу — на цукар

У Магілёве на вяршыні сёньняшняга рэйтынгу харчоў з найбольшым ажыятажным попытам апынуўся цукар. Яго бяруць кіляграмамі. Дэфіцытным таварам на працягу некалькіх дзён застаецца мяса птушкі.

Пустуюць паліцы з дыетычным птушыным прадуктам нават у фірмовых спэцыялізаваных крамах. У такой краме аднаго з магілёўскіх мікрараёнаў на вітрыне абвестка — «Цыплят нет».

Каб спажыўцы не даймалі пытаньнямі — «Куранят няма».


Пабачыўшы журналіста, прадавец абвестку прыбірае. Тлумачыць — яна для мясцовага карыстаньня, бо пакупнікі даймаюць пытаньнямі. Чаму няма мяса, прадавец не адказала. У спажыўцоў вэрсіі розныя.

Спадарыня: «Курэй ужо даўно, дні тры ці чатыры, як няма. Цэны ж растуць. Калі па новых цэнах будуць, то тады падсунуць. Тады й сьвініну падсунуць. Усё. Прадаўцы нажываюцца. Трэба прадаўцоў кантраляваць, каб яны ведалі, як прадукт прадаваць. А то нехта нажываецца, а нехта не», — абураецца спадарыня сталага веку.

Сваю вэрсію выказвае яшчэ адна спадарыня:

«Заключылі дамовы з Расеяй. Усё туды пайшло. Цяпер во пустыя прылаўкі — курэй няма».

Цукар у суседняй краме людзі бяруць пакункамі.

«Зайшла ў адну краму — няма. У другую — таксама. Іду далей, а там даюць па пяць кіляграм у адны рукі. Давялося браць. Кажуць, падаражэньне будзе. Больш за пяць тысяч будзе кіляграм. Зайшла ў „Птушку“, краму, — куранят зусім няма. Я нават не чакала такога. Усё бяруць, што можна. Нулі ж прыбіраюцца, кажуць, зь першага чысла».

Маладзейшыя таксама трапляюць пад ажыятажную паніку

Калі раней спажывецкай паніцы паддаваліся людзі старэйшага веку, то цяпер іх шэрагі заўважна памаладзелі. Маладзейшыя пачалі пільней прыглядацца да сытуацыі з цэнамі.

У маладзіцы зь дзьвюма наладаванымі торбамі пытаюся, якія харчы зьнікаюць, а на якія растуць цэны.

«Куры, мяса, каўбасы. Вось усё гэта. Гэта ж заканамерна — разам з павышэньнем курсу даляра ў нас і цэны растуць на ўсё».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG