Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барадулін — Някляеву: «Нас ні вада не размые, ні сьвіньня не разрые»


"Бацька Бог ды ад мамы голас"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:54 0:00
Наўпроставы лінк
У першы дзень на волі Ўладзімер Някляеў накіраваўся разам з жонкай Вольгай да народнага паэта Рыгора Барадуліна.

Някляеў: «Добры дзень, добры дзень! Давай абдымемся. Дык ты нармалёва выглядаеш! А ўсе мне кажуць: „Састарэў, састарэў“. Рыгор Іванавіч, дазвольце нанесьці вам першы афіцыйны візыт пасьля афіцыйнай турмы».

Вольга Някляева: «Рыгор Іванавіч, між іншым, кожны дзень тэлефанаваў, пакуль Валодзя і ў СІЗА быў, і пад хатнім арыштам, і па два разы на дзень са шпіталю тэлефанаваў».

Барадулін: «Валодзечка, міленькі, як я рады... Нас ні вада не размые, ні сьвіньня не разрые».

Някляеў: «Дзякуй табе. Так, гэтага ня будзе, бо ня можа быць... Ну пайшлі вып’ем, даўно мы з табой не выпівалі».

Карэспандэнтка: «Вось глядзіце, настольная кніга ў Барадуліна — «Уладзімер Някляеў. Паэмы».

Някляеў: «Гэта ты наўмысна падклаў, ведаю я цябе! Будзеш ты мае паэмы чытаць, а то сам пісаць ня ўмееш!»

Барадулін: «Не, не».

Някляеў: «Хітры ты, як быў хітрым, хітрым і застаўся. Гэта ж трэба, вушацкія — яны такія хітрыя! Кніжку падклаў, быццам бы ён паэмы Някляева чытае! Выказваю смаргонскі недавер ушацкаму хітруну. Ой, глянь: я табе і напісаў нешта! У турме гэта напісана, праўда. Каб пасядзець у турме гадоў 10, дык, можа і прывык бы. І нармалёва пісаў бы, а так — цяжкавата:

Дзень і ноч, мой дружа Грыша
Вершы піша, піша, піша.
Я нічога не пішу...
Я сяджу ў турэмнай цішы
І, сумуючы бяз Грышы,
Шлю яму сваю душу.

24 лютага ў Рыгора Іванавіча быў чарговы дзень народзінаў. На жаль, я ня змог прыйсьці... Але наперадзе ў нас з табой яшчэ колькі дзён народзінаў! Калі нам і ёсьць нешта з табой згадаць, дык гэта твае дні народзінаў з гульбішчамі...»

Барадулін: «Як ты сябе пачуваеш?»

Някляеў: «Рыгор Іванавіч, вось у цябе ўжо ня раз пыталіся: „Ты, дзядзька, пражыў вялікае жыцьцё. Скажы, што такое шчасьце?“ Пыталіся ў цябе? І ў мяне пыталіся. Дык я сёньня раніцай зразумеў, што такое шчасьце: калі ты прачынаешся ў сваёй хаце, і ў ёй няма чужых. Аказваецца, ты ў сваёй хаце гаспадар! Я быў такі шчасьлівы, я ў 5 гадзін раніцы праз гэта шчасьце падняўся, і хадзіў з пакою ў пакой: няўжо так, і няма гэтых гэбісцкіх пацукоў?»

Карэспандэнтка: «Уладзімер Пракопавіч, а кажуць, што вы ўчора з пыласосам самі нячысьцікаў ганялі. Гэта праўда?»

Някляеў: «Так, адразу пачалі мыць, саскрабаць усё. Я ўзяў скрабкі, што былі ў хаце, венікі, пыласос, і пачалі чысьціць хату. Гэта вельмі, дарэчы, няпроста... Калі мне сказалі: ідзі пад хатні арышт, я заўпіраўся. Па-першае, я падумаў, што гэта нейкая правакацыя, прычым, скіраваная на Вольгу. Мне нават спатканьне далі ў турме дзеля таго, каб я Вольгу спыніў, супакоіў. Сьледчы кажа: „Что-то она у вас там героиню начала корчить“. Задача была пастаўлена — ахамутаць жонку, каб яна ня біла ў аглоблі. Але яна ўсё ж такі не ахамуталася. Дык я адказаў: „Давайце, я, можа, тут пабуду“. Бо я разумеў: тут, у турме, я адзін арыштаваны, а дома пад арыштам — не адзін. Так і выйшла: сам сядзіш, і нібыта за цябе яшчэ нехта сядзіць. Маральна вельмі цяжка».

На гэту маленькую вытанчаную жанчыну — Вольгу Някляеву — абрынуліся такія выпрабаваньні: зьбіцьцё мужа, выкраданьне яго з рэанімацыі, невядомасьць — ці жывы ён... Потым ня менш складанае выпрабаваньне — хатні арышт, калі і дзень і ноч у кватэры чужыя людзі,,.

Вольга Някляева: «Нібыта нейкая пачвара сышла з дому. Мы яшчэ і не прызвычаіліся, што адны ў кватэры. Сёньня яшчэ паводзілі, быццам бы яны яшчэ тут. Ну, адразу ж прыбраліся ў кватэры. Праветрылі, выветрылі дух. Дома лепш быць гаспадарамі».

Карэспандэнтка: «Ну хоць паводзілі яны прыстойна?»

Вольга Някляева: «Розныя былі. Адзін быў, як я яго называла, хам. Цішыня ў доме была, бо калі хочацца нешта сказаць, а тут замест вушэй лякатары, ды яшчэ падумаеш, казаць ці не. Я ўжо прызвычаілася дома маўчаць».

Някляеў: "І гэта адзін з выдатных момантаў (сьмяецца). Чысьцілі ўсё пасьля іх. Учора яшчэ дождж прайшоў— як знаменьне нейкае. Мы паехалі з суду дахаты, і па дарозе — проста ўпаў дождж зь нябёсаў. Залева.

У мяне такое адчуваньне, што гэты шлях, што застаўся ўжо — у брудзе гэты шлях быў, бо нічога чыстага не прапаноўвалася нікім на гэтым шляху. Бо кантакты ўсе былі зь людзьмі, якія хацелі табе зла. Я ўжо забыўся, каб мяне так штурхалі ў сьпіну. У маральных адносінах, у псыхалягічных адносінах было цяжка. Фізычна ўсё можа чалавек вытрымаць. Былі катаваньні. Гэта сапраўды можна назваць катаваньнямі, але я не зьвяртаў на гэта ўвагі. Я вырас у сыстэме, дзе цябе ў любы момант маглі арыштаваць, забіць. Я малым у ёй быў, але я помню страх за бацьку...

Але трэба верыць! У сям’ю сваю, у каханьне, у сваю жонку, у сваіх дзяцей, у сваіх сяброў, урэшце рэшт, у сваю краіну. І тады гэта вера не дазволіць табе, у першую чаргу, проста схібіць , і тым больш зламацца. Чалавек увесь час стаіць на веры. Не на гэтых зьвязках, што на гэтых расьцяжках лопаюцца. Дарэчы, калі застаўся жывы — пасьля таго, як я думаў, што могуць забіць, калі цягнулі з гэтага шпіталю голым... Ну, што думаеш, калі цягнуць цябе на мароз голага? Думаеш, што гэтыя людзі замысьлілі нешта такое, што табе адзеньне ўжо не спатрэбіцца. І раптам ты жывы! Дык ты ўжо не зважаеш на тое, што цябе на нейкую расьцяжку паставілі, і нешта там лопнула. Ну, адна жыла лопнула, а колькі яшчэ засталося! Аптымістам трэба быць.
Ну, адна жыла лопнула, а колькі яшчэ засталося! Аптымістам трэба быць.
Дарэчы, гэтыя людзі, якія доўга сядзець па турмах, яны выпрацоўваюць у сабе гэты аптымізм, жыцьцёвасьць. Яны мне сплялі матузок для крыжыка. Вольга перадала крыжык, а ланцужок нельга, дык яны зь нейкіх нітак сплялі. Яны ж мяне і апранулі, калі мяне голага ў СІЗА КДБ прывезьлі, скінуліся: хто даў порткі, хто кашулю, хто швэдар.

Карацей, паўсюль можна жыць. І можна жыць у такой Беларусі, якая ёсьць на сёньня — падобнай на турму. Але сказаць, што гэта хораша, я пры ўсім жаданьні не магу. Канечне, мы павінны выйсьці з гэтай турмы, у якой апынулася ўся наша Беларусь. І выйдзем. Яшчэ пры жыцьці Рыгора Іванавіча Барадуліна, які будзе ганаровым старшынём беларускага парлямэнту".

Але больш Уладзімер Някляеў і дзядзька Рыгор казалі пра творчасьць, узгадвалі мінулае. Узгадаў Уладзімер Някляеў, як Барадулін рэдагаваў яго першую кнігу:

«Памятаю, ты сказаў, што добра... А там у выдавецтве Пятрусь Макаль быў, і напісалі рэцэнзію, кшталту, «усё нічога, толькі вось Някляеў у Бога верыць». І ўсе заківалі галовамі: «А, у Бога верыць, якая ж тут кніжка можа быць?» Барадулін кажа: «Нешта я не разумею, а што кепскага ў тым, што чалавек верыць у Бога? У нас у Вушачах тыя людзі, якія вернікі, яны лепшыя за тых, якія нявернікі. Атэісты ты, па-мойму, не сказаў, а сказаў «нявернікі».

Барадулін: «Так, нявернікі»

Някляеў: «Дык я тады падумаў, можа, і някепска, што я ў Бога веру. Дзядзька Рыгор, прачытай які-небудзь апошні верш з Богам».

Барадулін:
«Я цяпер як апошні колас:
Самы блізкія, што засталіся —
Бацька — Бог, ды ад мамы голас...»

Някляеў: «А гэты верш — помніш... Бачыш, адбілі мне мазгі, раней я ўсе вершы як арэхі лускаў: «Мне страшна быць, па-перш, сабой самім... Як там у цябе?... „Я ўжо цяпер як беспрытульны дым, перад якім пазачынялі дзьверы...“ Сумнавата трохі!

Удзячны я за сяброўства і за тое, што ты, як старэйшы таварыш, карэктаваў лінію майго жыцьця. А так бы я зараз быў рускім паэтам, невядома для чаго»

Барадулін: «І было б як са Шклярэўскім — харошы паэт, але ён там сгубіўся».

Някляеў: «Чаго ён там згубіўся? Вось хто не згубіўся зь беларусаў, дык гэта Шклярэўскі. Угрысься ў Маскву!»

Барадуліна цікавіла, што за ўмовы павінен выконваць Уяладзімер Някляеў цягам бліжэйшых двух гадоў, што гэта значыць — два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады. І самае галоўнае, ці дазваляецца Уладзімеру Някляеву куды-небудзь паехаць?

Някляеў: «Я яшчэ сам не разабраўся. Калі я напішу нейкую заяву, і яны дадуць дазвол, то я маю права некуды паехаць. Калі ты маеш на ўвазе за мяжу — гэта ва Ўшачы, то я думаю, асаблівай праблемы ня будзе. (Сьмяюцца разам). Калі, канечне, да гэтага часу вы там не правядзеце рэфэрэндум. Бо да таго ідзе. Мне зямляк адзін ужо патэлефанаваў і кажа: «Штосьці ў краіне таке робіцца, што трэба нам, гарадзенцам, адходзіць да Польшчы. Ну а вы тады з Ушачамі, выходзіць, да Расеі. І застанецца Менская губэрнія і Магілёўская... Так вось мы з табой і падзялілі...»

Барадулін:
«Кот праводзіў рэфэрэндум —
клапаціўся пра мышэй,
Мышы верылі легендамі,
і пішчалі ўсё цішэй».

Някляеў: «Глянь, я мы хутка расправіліся... Дарагі ты мой Рыгор Іванавіч, але хто зрабіў больш, для таго, каб яна была, за цябе? Ты проста паставіў вечна імя Барадулін у беларускай паэзіі. Гэта ня жартачкі... Мацуйся, што нам яшчэ застаецца з табой? Будзем мацавацца».

Ну і ў першы дзень на волі Уладзміер Някляеў сутыкнуўся з новымі эканамічнымі рэаліямі ў краіне, пабачыў кошты ў краме.

Вольга Някляева: «Бачылі б вы іншаплянэцяніна ў краме пасьля пяці месяцаў перапынку».

Някляеў: «Я адвык плаціць. Халява турэмная — яна такая быццам бы харошая штука. Я забыўся, як гэтыя грошы выглядаюць, што за іх трэба нешта купляць. Але потым глянуў, прыкінуў, колькі гэты торцік каштуе, гэта мяне да рэальнасьці вярнула».

Але самае прыемнае — паэта Някляева пазнаюць мінакі. Пазнаюць і дзякуюць.

Мінак: «Усяго самага добрага вам. Здароўя, посьпехаў! Дзякуй Вам».


Уладзімер Някляеў
Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 г. 19 сьнежня быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту.
Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле "Масавыя беспарадкі". 29 студзеня быў пераведзены пад хатні арышт.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

20 траўня судзьдзя Фрунзенскага раённага суду Жана Жукоўская асудзіла Някляева на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG