Наста Палажанка – дзяўчына-абаронца. Пад такім нікам (abaronca) дзяўчыну ведаюць у сацыяльных сетках, так яно ёсьць і ў жыцьці.
Крохкая дзяўчына – моцная апора для маладафронтаўцаў (ды і не толькі): заўжды маючы безьліч сваіх праблемаў, Наста знаходзіць час кожнага падтрымаць, парадаваць, натхніць. А каму пашчасьціць – і накарміць салянкаю ці якою іншаю смакатою, бо Наста – выдатная гаспадыня. Гэта адная з тых нефармальных яскравых рысаў дзяўчыны, якія вядомыя толькі сябрам Насты.
У СМІ інфармацыя пра Насту зьяўляецца часта: дзяўчыну выяўляюць беларускаю Жанаю Д’Арк, нязломнаю і адважнаю. Гэта праўда, але гэта толькі адзін бок Насты. Насамрэч Наста вельмі пяшчотная, чульлівая, мяккая, элегантная дзяўчына, якая нават на Акрэсьціна патрапіла ў спаднічцы і на абцасах. Нямногія ведаюць, што Наста па прыкладзе сваёй матулі, што заўчасна памерла ад хваробы шмат год таму, хацела стаць школьнаю настаўніцаю.
Пад пагрозаю выключэньня са школы, Наста Палажанка зьмяніла некалькі навучальных установаў у 11-м класе. Дзяўчыне дазволілі атрымаць сярэднюю адукацыю, але вышэйшая адукацыя ў Беларусі ёй “не сьвяціла”. Замест Беларускага пэдагагічнага унівэрсытэта Наста паступіла на дыстанцыйнае аддзяленьне ЭГУ па спэцыяльнасьці “паліталёгія” – не захацела зьяжджаць з краіны, аднак, дзяўчына не забывае сваёй юнацкай мары, і спадзяецца, што жыцьцё з часам пакажа ёй правільны накірунак: пэдагогіка ці палітыка.
Яшчэ Наста любіць сьпяваць. А маладафронтаўцы любяць слухаць яе сьпевы. Першыя песьні Наста запісала ва ўзросьце 14-ці год у складзе гурту “Іншыя” і нават была запрошаная на адборачны тур “Басовішча”, але з-за нязгоды бацькі паўдзельнічаць у музычным спаборніцтве не змагла.
Зараз МФ і вучоба адбіраюць увесь час дзяўчыны, таму сьпяваць яна перастала. І толькі зрэдку мы атрымоўваем асалоду паслухаць яе чысты і моцны голас, калі Наста сьпявае беларускія нацыянальныя песьні падчас вулічных шэсьцяў ці пікетаў.
Наста Палажанка прываблівае сваёю шчырасьцю і спачувальнасьцю – калі раптам каго-небудзь затрымоўваюць, яна ўдзень і ўначы першай будзе стаяць пад дзьвярыма РАЎСу/суду з пакункам ежы і цёплаю вопраткаю ў руках. Наста заўсёды побач, калі некаму патрэбная дапамога. Зараз падтрымка неабходна Насьце. Абаронім яе!
Тацяна Шапуцька, актывістка «Маладога фронту»
Наста Палажанка – 20-гадовая намесьніца старшыні “Маладога Фронту”. Зьяўляецца сябрам МФ з 2004 году. Уначы на 20 сьнежня 2010 году была арыштаваная ва ўласнай кватэры і зьняволеная ў турме КДБ, дзе правяла практычна два месяцы. Зьяўляецца абвінавачанай па справе аб парушэньні грамадзкага парадку.