Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі альбом «Прэс-фота Беларусі 2010»



Сяргей Міхаленка
Юлія Дарашкевіч
Зьміцер Вайцюшкевіч
Вадзім Заміроўскі
У менскай галерэі «Ў» прайшла прэзентацыя альбому пераможцаў першага конкурсу «Прэс-фота Беларусі 2010». У альбоме зьмешчана каля 200 здымкаў 34-х фотарэпарцёраў. Перад публікай выступілі арганізатары конкурсу і яго пераможцы. Адбыўся і аўкцыён, на якім быў прададзены альбом з аўтографамі ўсіх аўтараў і дыскам Зьімітра Вайцюшкевіча.

Працы пераможцаў летась у траўні мінулага году дэманстраваліся ў выставачным цэнтры «Белэкспа», летась па выніках конкурсу было праведзена яшчэ 9 выстаў — у Беларусі, Польшчы, Расеі, Украіне, некалькі мэдыяпрэзэнтацый. І вось найлепшыя працы зьмешчаныя ў альбоме, які друкаваўся ў літоўскім Коўне.

На вокладцы – фота Віктара Драчова, якое атрымала гран-пры конкурсу. Жыхары вёскі Тульгавічы, якая знаходзіцца ў зоне адсяленьня пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС, сядзяць за сталом і адзначаюць сьвята Дабравесьця.

А пад вокладкай – дзесяткі фотаздымкаў са шматлікіх акцыяў пратэсту, партрэты, пэйзажы, глямур і соцыюм.

Адзін з арганізатараў конкурсу, заснавальнік фатаграфічнай кампаніі «ZNЯTA» Сяргей Міхаленка: «На сёньняшні дзень прэс-фатаграфія зьяўляецца адным са значных кірункаў у фатаграфіі, паколькі гэта дакумэнталістыка, і яна захоўвае і паказвае нам, што адбываецца ў нашым сьвеце, у нашай краіне, у нашым горадзе. Менавіта прэс-фатаграфія застанецца тым матэрыялам, які будуць вывучаць праз 10 гадоў, праз 50 і нават праз 100 гадоў».

Галоўны рэдактар выданьня, арганізатарка конкурсу Юлія Дарашкевіч, прадуктам задаволеная:

«Альбом атрымаўся вельмі прыгожы зьнешне і зьмястоўны ўнутры. І мне вельмі хацелася, каб ён выходзіў штогод і фатаграфіі там былі ўсё лепш і цікавей».

Імпрэзу правёў музыка Зьміцер Вайшюшкевіч. Зьміцер сам шмат сьпяваў. А прыканцы прэзэнтацыі адбыўся аўкцыён, дзе прадаваўся альбом з аўтаграфамі ўсіх пераможцаў конкурсу «Прэс-фота Беларусі 2010». Стартавая цана была 30 тысяч:

«150 тысяч раз, 150 тысяч два, 150 тысяч і кампакт-дыск ад Зьмітра Вайцюшкевіча — тры! 150 тысяч, дыск, аўтограф і пацалунак ад Зьмітра Вайцюшкевіча дадаецца да гэтага альбому! Дзякуй вялікі, Леначка, ідзіце забірайце! (аплядысмэнты)».

Фатограф Вадзім Заміроўскі нагадаў, што з 10 лютага ідзе прыём новых работ на конкурс «Прэс-фота Беларусі 2011». Апошні тэрмін падачы здымкаў — 10 сакавіка.

«Хто яшчэ не даслаў фота на конкурс і зьбіраецца гэта зрабіць — не адкладайце на апошні дзень. Мы ўнеслі некалькі зьменаў у конкурс. Да прыкладу, зьявіцца новая намінацыя „Народныя традыцыі“. Таксама аддзялілі сэрыі ад адзіночных здымкаў».

Сёлета працы прымаюцца ў намінацыях «Навіны», «Людзі ў навінах», «Паўсядзённае жыцьцё», «Спорт», «Партрэт», «Мастацтва і забавы», «Прырода». Намінацыю «Глямур, рэкляма» вырашылі замяніць на «Народныя традыцыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG