Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зварот Вацлава Гаўла да беларусаў трымаюць у КДБ


Мікола Статкевіч прыслаў ліст, у якім пацьвердзіў, што спыніў галадоўку і распавёў, як пачуваецца. Што сталася зь лістом Вацлава Гаўла, які перад арыштам мела пры сабе журналістка Натальля Радзіна? Ірына Халіп паведаміла бацькам, што пачала атрымліваць ад іх лісты.

Мікалай Статкевіч
Экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч спыніў галадоўку праз тры тыдні пасьля арышту 19 сьнежня. Аб прычынах спыненьня пратэставай акцыі жонка палітыка Марына Адамовіч даведалася зь ягонага апошняга ліста.

«12-га позна ўвечары стан здароўя рэзка пагоршыўся, і ён вырашыў спыніць галадоўку. Ня ведаю дакладна, як ён сам гэта рабіў, але вось так ён піша. З далейшага ў лісьце — што яго выводзіў з галадоўкі лекар, і што была кропельніца — можна зрабіць выснову, што, хутчэй за ўсё, гэта было недзе ў шпіталі ці ў турэмным лязарэце. Яшчэ напісаў, каб я не хвалявалася за ягоны псыхалягічны стан, што ён ня зробіць ніколі нічога, за што было б сорамна. Напісаў, каб перадала знаёмым і журналістам, што спыніў галадоўку і каб за яго не хваляваліся. Яшчэ піша, што аднавіў штодзённыя прагулкі і падчас іх займаецца гімнастыкай: „Мой галодны, злы арганізм зьеў большую частку маёй мускулатуры, і цяпер я яе аднаўляю“. Гэта цалкам ў ягоным стылі».

Пра ўмовы ўтрыманьня Мікалай Статкевіч не паведамляе. Адвакат вязьня Тацяна Станкевіч у пятніцу 28 студзеня ўвесь дзень чакала ў прымальні КДБ спатканьня з Статкевічам, але марна. Напярэдадні на прэсавай канфэрэнцыі генпракурор Рыгор Васілевіч выказаўся за тое, каб адвакатам далі магчымасьць сустракацца з падабароннымі таксама і ў выходныя дні, калі ў будны дзень не хапае пакояў для канфідэнцыйных сустрэч.

Марына Адамовіч спадзяецца, што ў КДБ яшчэ прыслухаюцца да гэтага меркаваньня генпракурора: «Так яна пакуль да яго і ня трапіла. Я кажу, можа, у выходныя пусьцяць? Мы зь ёй дамовіліся, што яна нікуды не паедзе і будзе чакаць, калі паклічуць. Проста мы спадзяемся, што да 31-га яны павінны нешта ўсё ж такі зрабіць».

У канцы тыдня з адвакатамі сустрэліся Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў, а вось вязьням «амэрыканкі» Алесю Міхалевічу, Зьмітру Бандарэнку, Алесю Атрошчанкаву і большасьці іншых фігурантаў справы 19 сьнежня сустрэч з адвакатамі не дазволілі. Зь невядомых прычын адмянілі сустрэчу з абаронцам Насьце Палажанцы, але сьледчыя не выключаюць, што сустрэча адбудзецца 1 лютага. У лісьце дамоў Наста працягвае жартаваць з свайго становішча, кажа бацька актывісткі Ўладзімер Палажанка.

Натальля Радзіна
«Просіць перадаць падзяку ўсім сябрам з „Маладога фронту“, а далей ідуць жарты. Каб не прысылалі болей цукерак, бо іх ужо столькі, што можна гандляваць, а гэтага тут не дазваляюць. Яшчэ піша, што калі выйдзе на волю, ня зможа глядзець на сыравэнджаныя каўбасы, але каб пакуль іх усё ж прысылалі, бо гэта адзіная радасьць у жыцьці…»

Адзінкам зь вязьняў «амэрыканкі» мяняюць меру стрыманьня ў лепшы бок. На гэтым тыдні былі вызваленыя з-пад варты кіраўнік выбарчага штабу Саньнікава Ўладзімер Кобец і рэдактарка сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна. Ім належыць да суду жыць па месцы прапіскі бяз права ад’езду.

Натальля Радзіна распавяла, што зь ёй у камэры быў зварот Вацлава Гаўла да беларусаў, які публічна зачытвалі на мітынгу 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы Менску. Дзе цяпер ліст былога чэскага прэзыдэнта?

Наста Палажанка
«На Кастрычніцкай плошчы быў зачытаны ліст Вацлава Гаўла да беларускага народу. І я папрасіла гэты ліст у чалавека, які яго зачытваў, каб зьмясьціць яго на сайце „Хартыі-97“. Узяла і паклала ў кішэню курткі. У чатыры ночы мяне арыштавалі, потым складалі розныя паперы, прывезьлі праз 5 гадзінаў у вельмі стомленым стане ў ізалятар, там афармлялі. І гэты ліст мне дазволілі ўзяць з сабой. Я зь ім была ўсе 40 дзён арышту, але калі сыходзіла з турмы, яго ў мяне забралі».

Арышты новых фігурантаў справы 19 сьнежня працягваюцца. Паводле праваабаронцаў 37-м абвінавачаным стаў актывіст Арцём Грыбко. Таксама стала вядома, што ў «амэрыканку» трапіў па гэтай жа справе актывіст «Маладога фронту» Ўладзь Яроменак, які раней адбыў два адміністрацыйныя пакараньні ў ізалятары на Акрэсьціна, а таксама намесьнік кіраўніка «Маладога фронту» Аляксандар Кіркевіч. Яшчэ адзін удзельнік мітынгу, актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Сяргей Казакоў, знаходзіцца ў ізалятары на Валадарскага ў статусе падазраванага.

Міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў паведаміў 26 студзеня журналістам, што падазрэньні ў справе выстаўленыя ўжо 50 чалавекам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG