Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дапамагаю тым, каго несправядліва кінулі ў турму»


Валянтэры на ўправе БНФ.
Валянтэры на ўправе БНФ.
Актывісты палітычных, праваабарончых, грамадзкіх арганізацый, а таксама прыватныя асобы працягваюць дапамагаць тым, каго зьняволілі за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня. Гэтымі днямі валанцёры перадаюць у турмы пасылкі зь цёплым адзеньнем і вадой, а таксама рыхтуюцца сустрэць першых зьняволеных, якія былі асуджаныя на 10 сутак арышту.

Сядзіба партыі БНФ гэтымі днямі нагадвае склад рэчаў: у шматлікіх пакунках — швэдры, цёплыя шкарпэткі, цыгарэты, лекі, балёны з вадой. Штораніцы валанцёры забіраюць пакункі, каб перадаць у турму, папярэдне паклаўшы туды цыдулкі зь імёнамі зьняволеных і віншавальныя паштоўкі з Калядамі і Новым годам:

Карэспандэнтка: «Каму вы несяце перадачы?»

Дзяўчына: «У прынцыпе, незнаёмым людзям нясём. А робім гэта таму, што лічым — несправядліва сядзяць».

Юнак: «Я сам там ня раз быў — таксама забіралі з розных акцыяў пратэсту. І тое, што я апынуўся па іншы бок плота, абавязвае мяне дапамагаць тым, хто зараз за кратамі».

Юнак: «Мяне зваць Мікіта, я працую праграмістам. Сёньня маю выходны дзень і таму прыйшоў сюды, вось зараз падпісваю паштоўкі, а пасьля вазьму пакункі з рэчамі і павязу, каб перадаць вязьням у турму на Акрэсьціна — працую валанцёрам».

Карэспандэнтка: «Вас нехта заклікаў да гэтай працы ці з уласнай ініцыятывы гэта робіце?»

Юнак: «Я сам гэта раблю, бо разумею, што адчуваюць гэтыя людзі, што сам мог бы апынуцца на іх месцы. Мяне таксама ўражваюць маштабы — колькі людзей далучаецца да дапамогі».

Акцыю грамадзкай дапамогі зьняволеным паводле асабістай ініцыятывы арганізавала адна асоба — Дар’я Каткоўская, якая заклікала людзей да салідарнасьці праз інтэрнэт:

Штодня сюды прыходзяць сотні чалавек з рэчамі, грашыма.
«Раніца — самы цяжкі час для нас, бо прыяжджае шмат валанцёраў, ім трэба паведаміць, куды яны мусяць ехаць, якія прозьвішчы яны мусяць называць, распавесьці, як гэта правільна рабіць для тых, хто не знаёмы з працэдурай, бо яна дастаткова складаная. Гэта такая грамадзянская акцыя — штодня сюды прыходзяць сотні чалавек з рэчамі, грашыма. Гэтая акцыя скончыцца, калі скончыцца патрэба ў дапамозе вязьням».

Ужо заўтра, 29 сьнежня, на свабоду выйдуць тыя зьняволеныя, які былі асуджаныя на 10 сутак турмы. Пра іх сустрэчу, а таксама іншую дапамогу клапоцяцца праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку «Вясна», рух «За свабоду», камітэт «Салідарнасьць».

Актывістка «Салідарнасьці» Эніра Браніцкая: «Мы разам з рухам „За Свабоду“ перадавалі пасылкі ў Жодзіна, а зараз рыхтуемся да сустрэчы вязьняў — транспарт і ўсё, што патрэбна для сустрэчы. Таксама сустракаемся зь сем’ямі зьняволеных паводле крымінальнай справы, стараемся дапамагчы. І таксама будзем арганізоўваць юрыдычную дапамогу па вызваленьні».

З мэтай скаардынаваць і ўзмацніць супольныя намаганьні ў справе ўсебаковай дапамогі палітрэпрэсаваным і іх сем’ям таксама быў створаны Каардынацыйны камітэт грамадзкай салідарнасьці з палітвязьнямі.

Сябра камітэту Ўладзімер Колас: «Мы будзем зьбіраць жонак арыштаваных кандыдатаў у прэзыдэнты, каб высьветліць, якая ім патрэбная дапамога, будзем апекавацца студэнтамі, каб яны не былі выключаныя з ВНУ, а таксама займацца іншымі падобнымі пытаньнямі».

Як паведаміў Уладзімер Колас, Каардынацыйны камітэт таксама мае на мэце зьвярнуцца па дапамогу да краін Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG