Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палкоўнік Замяталін больш не кіруе «Беларусьфільмам»


Уладзімер Замяталін
Уладзімер Замяталін

Уладзімер Замяталін, які са сьнежня 2006 году працаваў генэральным дырэктарам нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», звольнены з гэтай пасады. Міністэрства культуры не працягнула зь ім кантракт.

22 сьнежня на кінастудыі «Беларусьфільм» адбыўся сход, дзе прапанавалі сабраць подпісы ў падтрымку былога дырэктара і накіраваць хадайніцтва ў Міністэрства культуры. Чуткі пра адстаўку Замяталіна хадзілі больш за год, пасьля таго як на пасаду міністра культуры прызначылі Паўла Латушку. Год таму Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з Уладзімірам Замяталіным. Падчас сустрэчы кіраўнік дзяржавы прыгадаў, што, прызначаючы Замяталіна на пасаду кіраўніка «Беларусьфільму», ставіў перад ім задачу зрабіць беларускае кіно самаакупным. Гэтую задачу выканаць пакуль не ўдалося.

Да прыкладу, як адзначыў у студзені 2010 году на калегіі Міністэрства культуры міністар Павал Латушка, выдаткі на вытворчасьць карціны «Дняпроўскі рубеж» склалі 6 мiльярдаў рублёў дзяржаўных сродкаў. Выручаная сума з нацыянальнага паказу склала 100 мiльёнаў рублёў — у 60 разоў менш.

Пераемнікам Замяталіна на пасадзе гендырэктара «Беларусьфільму» можа стаць выканаўца абавязкаў дырэктара дэпартамэнту кінэматаграфіі Міністэрства культуры Андрэй Бычкоў.

Уладзімір Замяталін 20 гадоў працаваў на палітрабоце ў Савецкай Арміі, даслужыўся да палкоўніка. У 1994 годзе быў прызначаны прэсавым сакратаром старшыні Савету Міністраў Вячаслава Кебіча. Падчас першай прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году абвінавачваўся асноўным канкурэнтам Кебіча ў арганізацыі мноства паклёпніцкіх матэрыялаў. Пасьля паразы Кебіча на выбарах знаходзіўся ў рэзэрве, а пасьля адстаўкі начальніка Ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандра Фядуты заняў яго месца.

Пазьней працаваў старшынёй Дзяржаўнага камітэту друку, намесьнікам старшыні Савету Міністраў, першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG