Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замяталін: На “Беларусьфільме” сталі менш піць і больш працаваць


Уладзімер Замяталін
Уладзімер Замяталін

«Беларусьфільм» сёлета выпусьціць ня менш за дзясятак мастацкіх і тэлевізійных фільмаў. Сярод іх — чатырохсэрыйны тэлевізійны фільм пра Янку Купалу і поўнамэтражны чатырохсэрыйны фільм да 80-годзьдзя Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». На кінастудыі за апошнія 3 гады выпусьцілі ў два з паловай разы больш фільмаў, чым за ўсе папярэднія гады сувэрэнітэту краіны. Таму што перасталі піць, а навучыліся працаваць. Пра гэта распавёў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі па выніках 2009 году і плянах на будучыню кіраўнік «Беларусьфільму».

У 2009 годзе на «Беларусьфільме» зьнялі 8 мастацкіх стужак. На «Дняпроўскі рубеж» (рэжысэр Дзяніс Скварцоў, сцэнарыст Аляксей Дудараў) пайшло 36 мільярдаў рублёў (больш за 2 мільёны даляраў), а «адбіць» удалося ўсяго 100 мільёнаў рублёў. Два тыдні таму на выніковай калегіі Міністэрства культуры міністар Павел Латушка заявіў: «У Беларусі дагэтуль ня створаны ніводзін пасьпяховы кінапрадукт, які б атрымаў эканамічны эфэкт, а таксама прызнаньне на айчынным і замежным рынку».

Сёньня ж генэральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімер Замяталін гаварыў зусім адваротнае: пра тое, што беларускія фільмы вельмі высокім коштам купляюць расейскія тэлеканалы яшчэ на стадыі напісаньня сцэнару альбо сынопсысу. Што да тэхнічнага ўзбраеньня і абсталяваньня, спадар Замяталін кажа:

«Я прыйшоў на кінастудыю на пачатку 2007 году — кінастудыя мела тэхналягічныя магчымасьці поўнага цыклю вытворчасьці толькі на 40%. Сёньня „Беларусьфільм“ мае вытворчасьці на ўсе 100%. Сёньня кінастудыя можа здымаць па тэхналёгіях Галівуду».

На «Беларусьфільме» за 3 гады пры спадару Замяталіне выпусьцілі ў два з паловай разы больш фільмаў, чым за ўсе папярэднія сувэрэнныя гады. І ўсё таму, што новы дырэктар за вушы адцягнуў разбэшчаны калектыў ад п’янства, плётак ды іншых грахоў:

«У нас стала значна менш п’янак, а карціна была прыкрая... І не з-за таго, што Замяталін прымушае, як у казарме, ня піць, а таму, што ёсьць праца».

За гэтыя тры гады вывучылі магчымасьці і здольнасьці ўсіх рэжысэраў — і хто вучыўся ў Турава, Пташука, і старых, якія па 10-15 гадоў не здымалі, і тых, хто вярнуўся з-за «ўсходняга кардону», як выказаўся спадар Замяталін.
На ўсялякіх фэстывалях вынікі даўно ўжо купленыя, прапітыя.
Вынік ня вельмі аптымістычны: у Беларусі няма школы драматургіі, няма школы падрыхтоўкі рэжысэраў, апэратараў і кінаактораў. Генэральны дырэктар «Беларусьфільму» Ўладзімер Замяталін кажа:

«Кінастудыя разумее, што рэсурс кадраў сёньня надзвычай абмежаваны: у нашай „выдатнай“ Акадэміі мастацтваў студэнт, які вучыцца на кінарэжысэра, ні разу не здымаў ніякую кантрольную работу жывую. Мы цудоўна разумеем, што на апэратарскім аддзяленьні няма ніводнай апэратарскай камэры».

Замяталін паскардзіўся, што не падазраваў раней, што ў кінэматографе і пракаце фільмаў усё «куплена» і «прапіта»:

«Я як наіўны чалавек, які трапіў на кінастудыю, спадзяваўся, што ў гэтай справе існуе нейкая чысьціня нораваў, зьвязаная з задумамі, мэтамі і вынікам. Не! На ўсялякіх фэстывалях вынікі даўно ўжо купленыя, прапітыя. За выключэньнем тых твораў, ад якіх нельга так проста адвярнуцца і адмовіцца».

У 2009 годзе толькі адзін беларускі мастацкі фільм — «Снайпэр» Аляксандра Яфрэмава — заваяваў прыз: «срэбра» на фэстывалі «Лістапад» у Менску.

Паскардзіўся спадар Замяталін і на тое, як цяжка і нават немагчыма працаваць з расейскім кінапракатам, і на тое, што беларускі кінапракат ставіць айчынныя фільмы ня ў лепшы час — з 12 да 16 гадзін, «заганяючы туды школьнікаў».

Што да плянаў на 2010 год, вялікія надзеі ўскладаюцца на містычны трылер «Масакра». Яго здымае Андрэй Кудзіненка, які ўрэшце вярнуўся з Расеі на радзіму. Будзе і нацыянальнае кіно, кажа галоўны рэдактар «Беларусьфільму» Натальля Сьцяжко:

Натальля Сьцяжко
«Нам вельмі прыемна, што вярнуліся нашы рэжысэры, якія вымушаныя былі працаваць у Расеі — ім не дазвалялі тут здымаць. У нас вельмі амбітныя пляны — па загадзе Міністэрства культуры сёньня мы працуем над сцэнарам фільму пра творчасьць Янкі Купалы — чатырохсэрыйны тэлевізійны мастацкі фільм, аўтар сцэнару — Вячаслаў Бандарэнка. І „Каласы пад сярпом тваім“, таксама па загадзе Мінкульту, да 80-годзьдзя Ўладзімера Караткевіча. Гэта таксама будзе чатырохсэрыйны мастацкі фільм, поўнамэтражны. Над сцэнарам працуе Аляксандар Качан (аўтар сцэнараў фільмаў „Павадыр“, „Масакра“). Плянуецца, скажам так, што рэжысэрам-пастаноўшчыкам гэтай стужкі будзе Мікалай Пінігін».

Мяркуецца, што «Каласы пад сярпом тваім» стануць нацыянальным праектам у кіно. На «Эўфрасіньню Полацкую», на жаль, грошай пакуль не знайшлося — надзвычай высокабюджэтнае кіно.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG