Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматдзетная маці: да кватэры праз галадоўку


Натальля Шкадун
Натальля Шкадун

Шосты дзень у Магілёве галадае шматдзетная маці Натальля Шкадун. Яна дамагаецца для сваёй сям’і паляпшэньня жыльлёвых умоваў. У гарвыканкаме ведаюць пра галадоўку з публікацыяў у недзяржаўнай прэсе і заяўляюць, што прапаноўвалі не адзін варыянт вырашэньня праблемы. Ніводзін Натальлю Шкадун не задаволіў.

Як паведамілі ў гарвыканкаме, Натальлі Шкадун прапаноўвалі апошні раз дзьве кватэры ў новым магілёўскім мікрараёне “Спадарожнік”. Сацыяльнага жытла ёй ніхто не прапаноўваў:

“Гэта была трох- і аднапакаёвая кватэры ў цагляным доме на адной пляцоўцы. Гэтае жыльлё здаецца ў сьнежні месяцы. Ёй усё расказалі й па субсыдыях і льготным крэдытаваньні. Урэшце яны дамову заключылі аб будаўніцтве гэтай кватэры. У банку ім далі пералік дакумэнтаў на ільготнае крэдытаваньне. Я, шчыра кажучы, думаў, што калі й будзе адмова, то з-за першага паверху”, тлумачыць сытуацыю супрацоўнік аддзелу будаўніцтва гарвыканкаму.

Што ж насамрэч сталася прычынай адмовы ад такіх чаканых шматдзетнай сям’ёй кватэраў, пытаюся ў суразмоўніцы:

“Яна напісала "сьмецьцезборнік на пляцоўцы". Яна спаслалася на тое, што яе падманулі, бо трэба было напісаць у дамове, што ёсьць сьмецьцезборнік гэты. Будзем далей працаваць. Будзем другія варыянты прапаноўваць. Пагадзіцеся, што дадзены спосаб — гэта нейкага роду шантаж”.

Натальля Шкадун не адмаўляе таго, што ёй прапаноўвалі варыянты вырашэньня жыльлёвай праблемы. Аднак, сьцьвярджае яна, кватэры прапаноўваліся ў дамах, якія толькі пачыналі ўзводзіць зь няяснымі пэрспэктывамі завяршэньня іх будаўніцтва. Акрамя таго, тры гады таму яна ня трапіла ў сьпісы для атрыманьня льготнага крэдыту, хаця ў чарзе стаяла.

Толькі пасьля пагрозаў распачаць галадоўку сёлета у лістападзе Натальлі прапанавалі, як яна кажа, рэальныя варыянты. Сапраўды, яна абрала згаданыя чыноўнікам кватэры. Аднак потым адмовілася ад іх. Чаму?

“Кватэра знаходзіцца, яе лёджыя, непасрэдна побач з сьмецьцезборнікам — ніякага разьмежаваньня. Яны хацелі самым дрэнным варыянтам, зьняважыўшы мяне, даць сацыяльнае жытло коштам два мільёны сто за мэтар квадратны. І потым, жыць ля сьметніку я не хачу, адстаяўшы адзінаццаць гадоў у чарзе”.

Галадоўку Натальля Шкадун спыняць не зьбіраецца, хаця й скардзіцца на пагаршэньне здароўя. Працуе яна на станцыі пераліваньня крыві — у лябараторыі. Непадалёк ад дому, дзе цяпер жыве. Кажа, што ўжо цяжка хадзіць.

Натальлі Шкадун 51 год. Яна ганаровы донар, мае ордэн Маці й пасьведчаньне шматдзетнай сям’і. Яе сям’я абыходзіцца бяз адраснай сацыяльнай дапамогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG