Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Левінаў — за байкот датэрміновага галасаваньня


Павал Левінаў
Павал Левінаў
Віцебскі праваабаронца вырабіў улёткі з заклікам не хадзіць на прэзыдэнцкія выбары датэрмінова і распаўсюдзіў іх на сваім выбарчым участку № 35 у Першамайскім раёне.

Спадар Левінаў распавёў, што падаваў заяўку на пікет — каб агітаваць за байкот датэрміновага галасаваньня. 12 сьнежня ён меркаваў правесьці такую акцыю ў сваім мікрараёне для мясцовых жыхароў, але ў адміністрацыі Першамайскага раёну яму адмовілі. Тады ён і вырашыў зьвярнуцца да выбарцаў праз улёткі, якія раскідаў па паштовых скрынях у колькасьці 960 штук.

Ва ўлётках ён зьвяртаецца да выбарцаў і распавядае парушэньні выбарчага заканадаўства. Так, паводле скаргі Паўла Левінава ў ЦВК быў выключаны са складу ўчастковай камісіі № 35 намесьнік генэральнага дырэктара "Віцебскхлебпраму" Андрэй Маркоўскі. Спадара Маркоўскага ўжо пасьпелі былі прызначыць старшынёй камісіі, калі высьветлілася, што подпісы за яго вылучэньне ў камісію зьбіраліся незаконна.

Праваабаронца заклікае не палохацца наступстваў, бо за ўхіленьне ад датэрміновага галасаваньня шмат каму пагражаюць ці то непрацягненьнем кантрактаў, ці то праблемамі на вучобе. "Ня дайце скрасьці свой голас!" — піша Павал Левінаў, маючы на ўвазе верагодныя фальсыфікацыі.

Не выключаючы магчымасьцяў рэпрэсій супраць яго самога, віцебскі праваабаронца прэвэнтыўна зьвярнуўся ў абласную пракуратуру. Ён пісьмова папярэдзіў, што яму вядома пра магчымыя правакацыі ў дачыненьні да яго. Таму ў звароце да пракурора вобласьці Павал Левінаў піша: "Я законапаслухмяны грамадзянін, выконваю дзейнае заканадаўства. Нецэнзурную лаянку не выкарыстоўваю". Апошнюю акалічнасьць ён падкрэсьлівае асобна, бо ў 2007 годзе напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы і ў 2008 годзе напярэдадні парлямэнцкіх выбараў праваабаронцу затрымлівалі нібыта за нецэнзурную лаянку і "садзілі" на некалькі сутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG