Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША падтрымаюць пераход Беларусі на нізкаўзбагачаны ўран


Злучаныя Штаты вітаюць адмову Беларусі ад высокаўзбагачанага ўрану і гатовыя фінансаваць гэтыя крокі.

"Мы віталі і высока цэнім рашэньне Беларусі адмовіцца ад валоданьня высокаўзбагачаным уранам. Мы падтрымліваем працэс замены высокаўзбагачанага ўрану на нізкаўзбагачаны. Нізкаўзбагачаны ўран больш бясьпечны, эканамічны і танны", — заявіў Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

Ён дадаў: нізкаўзбагачаны ўран "ня можа быць выкарыстаны для стварэньня ядзернай зброі і не ўяўляе цікавасьці для тэрарыстаў".

"Мы бярэм на сябе фінансавыя выдаткі і тэхнічную дапамогу з тым, каб ён (пераход на нізкаўзбагачаны ўран — ІФ) быў завершаны як мага хутчэй ", — паабяцаў Майкл Скэнлан у інтэрфію Інтэрфаксу.

Раней агенцтва Associated Press са спасылкай на крыніцу ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША паведамляла, што Беларусь можа атрымаць ядзерны рэактар на нізкаўзбагачаным уране ўзамен за адмову ад запасаў высокаўзбагачанага ўрану, які можа выкарыстоўвацца для вырабу ядзернай зброі.

У супольнай заяве ЗША і Беларусі, прынятай 2 сьнежня па выніках сустрэчы Дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан і міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, гаворыцца, што Беларусь прыняла рашэньне аб ліквідацыі ўсіх сваіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану і мае намер ажыцьцявіць гэта да наступнага саміту па ядзернай бясьпецы ў 2012 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG