Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў абяцае прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
Сёньня дэмакратычныя кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі пераважна праводзілі сустрэчы ў рэгіёнах Беларусі. Андрэй Саньнікаў наведаў Кобрын і Берасьце, Уладзімер Някляеў Воршу, Рыгор Кастусёў наведаў Слуцк, Яраслаў Раманчук Воршу, Крупкі і Коханава, Віталь Рымашэўскі наведаў Вільню, дзе ў яго быў удзел у праграме «Белсату». Чым быў адметны мінулы тыдзень перадвыбарчай кампаніі?

Рыгор Кастусёў у Слуцку
Фотарэпартаж
У Слуцку кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў выступіў на мітынгу з нагоды 90-годзьдзя Слуцкага збройнага чыну. Чаму ён наведаў гэтае мерапрыемства?

«Пагроза незалежнасьці існуе ня меншая, чым у тыя часы. У Беларусі не беларуская ўлада. Улада пастаўленая Крамлём. І Крэмль зноў шукае магчымасьць, калі не пакінуць старую, то зьмяніць на яшчэ больш ляяльную для сябе».

На гэтым тыдні пачаліся выступы альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты. З 29 лістапада па 3 сьнежня яны ў другі раз атрымаюць доступ да тэлеэфіру. Падсумоўваючы агульнае ўражаньне ад выступаў, палітоляг Аляксей Кароль адзначыў:

Аляксей Кароль
«Найбольш моцныя выступы Саньнікава, Рымашэўскага, Някляева і Статкевіча. Агульнае ўражаньне ад выступаў — яны разрозьненыя, кожны за сябе, і не вытрымліваюць агульную лінію. Гэта ёсьць вынік таго, што кандыдаты не дамовіліся ні пра агульную тактыку дзеяньняў, тым больш не дамовіліся пра ўзгадненьне сваіх выступаў».

Кіраўнік Беларусі і кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію францускай газэце «Фігаро», як перадалі беларускія тэлеканалы, заявіў, што кандыдаты ў прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў фінансуюцца Расеяй. Абодва кандыдаты адрынулі гэтыя абвінавачаньні, але ці будуць яны падаваць у суд?

Андрэй Саньнікаў: «У лукашэнкаў суд — не, пакуль што не зьбіраюся. Бо мы ведаем, што такое лукашэнкаў суд. А вось тое, што прыцягну яго да адказнасьці — гэта факт».

Адносна закідаў у фінансаваньні Расеяй спадар Саньнікаў адзначыў:

«Лукашэнка зноў пацьвердзіў, што ён ня мае ніякіх шанцаў дамаўляцца з Расеяй. І яго абвінавачваньні ў мой бок — гэта тое, што ён напалоханы тым, што ён зрабіў у нашых стасунках з Расеяй».

Уладзімер Някляеў
Кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў сказаў, што калі кіраўнік краіны будзе «разгойдваць гэтую тэму», то ён будзе думаць, што з гэтым рабіць, і раіцца зь юрыстамі:

«Бо гэта па сутнасьці абвінавачваньне ў тым, чаго няма. І сур’ёзнае абвінавачаньне, якое пагражае пазбаўленьнем рэгістрацыі. Па другое, гэта мне замінае весьці прэзыдэнцкую кампанію, бо ў нашай краіне ёсьць людзі, якія ня толькі настроеныя на супрацоўніцтва з Расеяй, але і на шчыльнае супрацоўніцтва з Эўразьвязам. І мы ў сваёй праграме прапісалі эўрапейскі вэктар ня менш падрабязна, чым вэктар, скіраваны на Ўсход. Таму гэта сур’ёзна, і мы будзем думаць, што з гэтым рабіць».

Але раней у сваіх інтэрвію спадар Някляеў казаў, што яго кампанія «Гавары праўду» фінансуецца з розных крыніц, у тым ліку з Расеі.

«Я казаў пра грошы, якія мы бярэм у беларускіх грамадзянаў, выціснутых Лукашэнкам разам зь іх бізнэсам за межы Беларусі, у тым ліку ў Расею. Вось пра што я казаў. А Лукашэнка кажа пра палітычныя грошы, пра тое, што я атрымліваю наўпрост грошы ці то ад ураду Расеі, ці то ад ФСБ. Чаго няма і быць ня можа».

У Цэнтравыбаркаме ня маюць ніякіх доказаў інфармацыі, якую распаўсюдзіў Лукашэнка на адрас Някляева і Саньнікава. Там таксама пацьвердзілі, што грамадзяне Беларусі, якія жывуць і працуюць за межамі краіны, маюць права пералічваць свае ахвяраваньні ў выбарчыя фонды кандыдатаў.

30 лістапада ЦВК на сваім пасяджэньні мае разгледзіць пытаньне пра ўдзел кандыдатаў Віталя Рымашэўскага, Міколы Статкевіча і Ўладзімера Някляева ў сустрэчы з выбарцамі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 24 лістапада. Паводле Генпракуратуры, гэтая акцыя адбылася не ў дазволеным месцы. Кандыдатам пагражаюць папярэджаньнем ці адменай рэгістрацыі. На гэтым жа пасяджэньні будзе разгледжаны зварот грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары» пра магчымасьць кругласутачнага назіраньня падчас датэрміновага галасаваньня. Паводле сустаршыні кампаніі Сяргея Калякіна, улада праводзіць спэцапэрацыю пад назвай «дэмакратычныя выбары»:

Сяргей Калякін
«Ёсьць рэчы, якія ніяк не ўплываюць на вынікі. Можна даць агітаваць, як хочаш, можна праводзіць мітынгі, сустрэчы, вось гэтае хаджэньне па Менску, якое было 24-га. Гэта ўсё не ўплывае на вынікі. На вынікі галасаваньня ўплываюць дзьве рэчы. Гэта датэрміновае галасаваньне, на якое заганяюць людзей, і потым падмена галасаваньня. І другое — гэта падлік галасоў, калі ня лічаць тое, што знаходзіцца ў скрынях. Усё астатняе — гэта антураж».

У сваім тэлевыступе Ўладзімер Някляеў заклікаў выбарцаў прыйсьці на альтэрнатыўную Ўсебеларускаму народнаму сходу сустрэчу а 18-й гадзіне 6 сьнежня на Прывакзальнай плошчы Менску, дзе ўсталяваны кругласуткавы пікет кандыдата. А таксама 19 сьнежня а 20-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу, каб «сьвяткаваць перамогу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG