Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя тэлевыступы: Рымашэўскі і Міхалевіч у жывым эфіры


Віталь Рымашэўскі
Cёньня стартаваў маратон тэле- і радыёвыступаў кандыдатаў у прэзыдэнты. Кожны з кандыдатаў атрымае магчымасьць па два разы зьвярнуцца да выбарцаў па тэлебачаньні і столькі ж — па радыё.

У панядзелак увечары па першым нацыянальным тэлеканале з паўгадзіннымі прамовамі выступілі кандыдаты ў прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі і Алесь Міхалевіч.

Абодва кандыдаты ў прэзыдэнты выступалі ў наўпроставым эфіры — то бок без купюр, без цэнзуры. Зь невялікімі агаворкамі, зь лёгкім хваляваньнем.

Першым выступаў Віталь Рымашэўскі. Спачатку ён коратка распавёў пра сябе, сваю сям’ю, дзе нарадзіўся, дзе вучыўся. Потым прамова стала даволі рэзкай:

«Наша ўлада паважае толькі адну пазыцыю — гэта пазыцыя сілы. Абіралі прэзыдэнта — а абралі цара, які турбуецца толькі пра сваіх сыноў і пра тое, як набіць кішэні сваім чыноўнікам. Падчас гэтай кампаніі я сустракаўся з рознымі людзьмі. І я ведаю, што сёньняшняя ўлада абараняе толькі інтарэсы чыноўнікаў і сілавых структур. Карупцыя дасягнула 100%. Сёньняшняя ўлада проста ставіцца да беларусаў, як да быдла. А чаму? Таму, што сёньняшняя ўлада ад нас з вамі не залежыць. Выбары фальсыфікуюцца. Чыноўнікі, кіраўнікі гарадоў прызначаюцца. Яны залежаць ад прэзыдэнта, а не ад нас з вамі».

Потым спадар Рымашэўскі коратка выклаў сваю праграму. Канцэпцыя нацыянальнай палітыкі — арыентаваная на чалавека, на хрысьціянскія каштоўнасьці. Рымашэўскі выступае за рэформы: да прыкладу, замест 6 абласьцей зрабіць 23.

«Хрысьціянская дэмакратыя прапануе сацыяльна арыентаваную эканоміку. Беларускі бізнэс. Апошнія гады ўлада займалася толькі тым, што душыла прадпрымальнікаў. Мы гэта спынім. Заснаваць сваю справу можна будзе за адзін дзень. Мы спынім абкраданьне беларускіх грамадзянаў. Мы адменім мыта на аўтамабілі, што ўвозяцца з Эўропы. Крэдыты не павінны быць вышэй за 3%. Асновай беларускай эканомікі павінны быць высокія прыбыткі тых людзей, хто працуе. Мы адменім кантрактную сыстэму».

Выступаў спадар Рымашэўскі па-беларуску. Толькі адзін раз, разважаючы пра беларускую мову і культуру, перайшоў на расейскую мову. Завяршыў выступ ён заклікам процістаяць фальсыфікацыі выбараў, прыходзіць на выбарчыя ўчасткі толькі ў дзень галасаваньня, не дазволіць уладзе зноў падмануць сябе.

Рымашэўскі на БТ: “Абіралі прэзыдэнта — абралі цара”. Відэа


Алесь Міхалевіч
Другі кандыдат у прэзыдэнты, Алесь Міхалевіч, выступаў таксама ў жывым эфіры, але па-расейску. Пачаў ён з крытыкі сучаснай эканамічнай мадэлі, якая не эфэктыўная. Потым абраў форму адказаў на найбольш актуальныя і папулярныя пытаньні, якія яму задавалі выбарцы падчас сустрэчаў. Гаварыў пра сваё стаўленьне да малога бізнэсу, да прыватызацыі, крэдытаў, якія давядзецца вяртаць, Мытнага зьвязу. Асноўны тэзіс — менш ідэалёгіі, больш эканомікі. Распавёў, чаго чакаць вайскоўцам, міліцыянтам, сілавым структурам.

Што да стратэгіі ў міжнародных дачыненьнях, Міхалевіч за наладжваньне кантактаў і з Расеяй, і з Эўразьвязам. Асабліва адзначыў важнасьць партнэрства з Украінай і скандынаўскім краінамі. Што да ўступленьня Беларусі ў Эўразьвяз:

«Пасьля таго як у Эўрапейскі Зьвяз уступілі такія краіны як Польшча, Чэхія, Літва, Латвія, Эстонія, ужо ня кажучы пра Румынію і Баўгарыю, Эўразьвяз ня можа „пераварыць“ гэтыя краіны. І чыноўнікі Эўразьвязу вельмі баяцца, калі зь імі пачынаюць гаварыць пра ўступленьне патэнцыйных новых краінаў. Я перакананы, што ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз на працягу бліжэйшых 10 гадоў нерэалістычна. Ды й паўстае пытаньне: ці патрэбна яно?»

Шмат увагі спадар Міхалевіч надаў пытаньню мадэрнізацыі ўлады:

«Перш за ўсё я за разьдзяленьне ўладаў. Нам трэба зрабіць, каб кожная галіна ўлады ўзаемна кантралявала адна адну. Я прапаную вярнуцца да нормы, каб прэзыдэнт мог быць пры ўладзе толькі два тэрміны. Да вяртаньня Беларусі да парлямэнцкай рэспублікі стаўлюся нэгатыўна. Лічу, што ў Беларусі трэба захаваць пасаду прэзыдэнта, і каб прэзыдэнт ачольваў выканаўчую ўладу».

Спадар Міхалевіч не абяцаў ні павышэньня пэнсіяў, ні вяртаньня льготаў. Ён падкрэсьліў, што ня хоча ўдзельнічаць у спаборніцтве абяцаньняў кандыдатаў.

Пытаньні ён адабраў на розныя тэмы:

— Ці глядзелі вы сэрыял «Хросны бацька»?

— Глядзеў у інтэрнэце. Скажу шчыра: мяне гэты сэрыял ня ўразіў.

А завяршыў спадар Міхалевіч тэмай барацьбы з п’янствам. Патрэбна забарона на выраб так званых «чарнілаў» — моцных пладова-ягадных вінаў. А на добрыя вінаградныя віны прапанаваў адмяніць акцызы. На гэтай аптымістычнай ноце і завершыў свой першы выступ па тэлебачаньні кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч.

Міхалевіч: “Я не хачу ўдзельнічаць у спаборніцтве абяцаньняў кандыдатаў”. ВІДЭА


Выступы Рымашэўскага і Міхалевіча аналізуе Валер Карбалевіч


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG