Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: Абсалютнай роўнасьці не бывае


У кампаніі для абраньня прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь пачаўся чарговы этап — агітацыя за кандыдатаў на найвышэйшую дзяржаўную пасаду. Цягам амаль месяца 10 прэтэндэнтаў будуць карыстацца магчымасьцю давесьці да выбарцаў сваю праграму. Пра старт і пэрспэктывы агітацыі — у чарговым штотыднёвым аглядзе «Свабоды».

Сёньня ўсё тыя кандыдаты ў прэзыдэнты, зь якімі можна было выйсьці на сувязь, казалі пра сваю шчыльную працу. Чым займаўся 20 лістапада Віктар Цярэшчанка, няцяжка было здагадацца. Менавіта ён выцягнуў першы нумар пры лёсаваньні парадку выступаў кандыдатаў на дзяржаўным радыё:

Віктар Цярэшчанка
Яраслаў Раманчук
Уладзімер Някляеў
Віталь Рымашэўскі
Алесь Міхалевіч
«Падрыхтоўка да выступу на радыё і тэлебачаньні. Далей — фармаваньне сьпісу давераных асобаў, расстаноўка іх, а таксама валянтэраў па рэгіёнах краіны. І сустрэча з гэтымі людзьмі».

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук па радыё выступае другім. Але Віктара Цярэшчанку ён ужо апярэдзіў:

«Сёньня я ўжо запісаў свой выступ на радыё. Ён прагучыць у панядзелак з самай раніцы. Цяпер знаходжуся ў партыйным офісе. Абмяркоўваю свой відэавыступ. А заўтра з раніцы пачну падрыхтоўку да сустрэч з выбарцамі ў Берасьці».

Кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў распавёў «Свабодзе»:

«Кандыдат у прэзыдэнты сёньня вяртаецца зь Вільні з пасьпяховай міжнароднай паездкі. І адразу пасьля гэтага ідзе на гадзіну-паўтары на пікет у Менску. Пасьля гэтага ў яго будзе вячэра з даверанымі асобамі. І на заканчэньне дня — падрыхтоўка да выступу па радыё».

Сустаршыня незарэгістраванай партыі БХД Віталь Рымашэўскі вярнуўся з Парыжу, дзе ўдзельнічаў у паседжаньні Палітычнага камітэту ПАРЭ. Там абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі. Сёньня кандыдат у прэзыдэнты са сваімі аднадумцамі праводзіў пікет:

«Сёньня стаяць нашы першыя пікеты ў Менску. Адзін зь іх каля чыгуначнага вакзалу. Добра людзі падыходзяць, цікавяцца. На жаль, у нас пакуль няма агітацыйных матэрыялаў — іх не пасьпелі надрукаваць. Але стэнды стаяць. Зараз заканчваем сустрэчу нашых рэгіянальных актывістаў. Яны прыехалі з усёй Беларусі.

Карэспандэнт: «А як з вашым выступам? Вы ж, здаецца, першым у панядзелак пачынаеце па тэлебачаньні?».

«Буду рыхтавацца. Пакуль яшчэ не рыхтаваўся. Не было часу».

Лідэр грамадзкай ініцыятывы «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч сёньня спалучае працу з адпачынкам:

«Я сёньня рыхтую сваю прамову на тэлебачаньні, якая будзе ў панядзелак. Акрамя таго сёньня ўвечары будзе канцэрт рок-гурта „Gods Tower“. Гэта гурт, які даўно распаўся, але спэцыяльна для некалькіх канцэртаў аднавіўся. І таму я вельмі разьлічваю пачуць старую добрую якасную музыку. Сёньня ў Менску такі эксклюзіўны канцэрт».

Паводле паведамленьняў з рэгіёнаў, сёньня там было пераважна зацішша. Мясцовыя актывісты чакаюць агітацыйныя матэрыялы. Іх зьбіраюцца разносіць па пад’ездах, расклейваць у дазволеных месцах.

Лідзія Ярмошына
А тым часам адзін зь дзесяці кандыдатаў у прэзыдэнты, а менавіта Аляксандар Лукашэнка, штодня прадстаўлены ў афіцыйных мэдыях. Ці няма тут парушэньняў паміж ім і ўсімі астатнімі прэтэндэнтамі? На гэта пытаньне старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адказвае так:

«Кандыдат Лукашэнка, які працуе прэзыдэнтам, наагул знаходзіцца ня ў роўных умовах. Паколькі ён займае такую пасаду, яго стала будуць паказваць па тэлебачаньню. І ніхто такое палажэньне не адмяняў. І таму, я думаю, што тут кандыдаты могуць крыўдзіцца толькі на сябе. Такое жыцьцё. Абсалютнай роўнасьці не бывае. І мяне паказваюць па тэлебачаньні болей за шараговага інжынэра альбо настаўніка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG