Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агітаваць пасылаюць туды, дзе выгульваюць сабак


У Менску і рэгіёнах улады вызначылі месцы і памяшканьні для правядзеньня сустрэч кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі з выбарцамі, а таксама для перадвыбарных сходаў, якія арганізуюць выбарцы. Такім чынам, міліцыя ў сталіцы і на месцах атрымала дакумэнты, кіруючыся якімі, яна можа забараняць акцыі, пікеты, сходы.

МЕНСК І МЕНШЧЫНА


Цэнтар сталіцы "вызвалены" ад масавых мерапрыемстваў

Пляцоўка каля менскага ГУМа, дзе ў час збору подпісаў адбываліся найбольш масавыя пікеты, пэрформансы і нават міні-канцэрты, забаронена зараз для палітыкі. Менгарвыканкам вызначыў, што агітацыйныя мерапрыемствы павінны перамясьціцца далей ад цэнтру, у спальныя і працоўныя раёны.

Вось што кажа на гэта старшыня менскай гарадзкой арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў:

"Паводле здаровага сэнсу, кандыдат павінен сустракацца з выбарцамі там, дзе яму трэба — дзе больш людзей, дзе яны могуць яго пачуць, убачыць і паразмаўляць. А калі кандыдатам вызначаюць месца дзе-небудзь на сабачай пляцоўцы, дык пра што тады гаварыць?"

У пералік забароненых у Менску патрапілі агітацыйныя пляцоўкі каля вышэйшых навучальных устаноў, а таксама актавыя залі школаў і ЖЭСаў. Таму, як кажа намесьнік старшыні АГП Леў Марголін, дэмакратычныя партыі і арганізацыі рыхтуюць пратэст у Менскі гарвыканкам:

"Мы ўжо абмяркоўвалі сытуацыю па Менску. Будзе, пэўна, агульная заява кандыдатаў на прэзыдэнта. Бо пры такім становішчы, як той казаў, няма і паху ніякага дэмакратычных выбараў. Бо калі плянаваны кандыдат на прэзыдэнта Лукашэнка сустракаецца са сваімі прыхільнікамі ў Палацы Рэспублікі, то было б лягічна прапанаваць іншым кандыдатам таксама такую магчымасьць".

Таксама Леў Марголін паведамляе і пра абмежаваньні ў рэгіёнах:

"Там таксама выдзелены самыя непрыстасаваныя памяшканьні ў ваколіцах. Таму на месцах рыхтуюць кааліцыйныя заявы ў выканаўчыя камітэты ўлады".


МАГІЛЁЎШЧЫНА


На Магілёўшчыне ня ўсе раённыя адміністрацыі апублікавалі сьпісы зь месцамі для агітацыі і сустрэч з кандыдатамі ў прэзыдэнты. Там, дзе іх абнародавалі, мясцовая апазыцыя пратэстуе.

Так, бабруйскія актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі пачалі збор подпісаў пад зваротам да раённых адміністрацыяў гораду, каб тыя перагледзелі свае рашэньні і зьмянілі месцы для сустрэч з кандыдатамі ў прэзыдэнты.

"Месцы вызначылі на ўскраіне гораду. Выбарцам вельмі цяжка й нязручна спэцыяльна выяжджаць на ўскраіну гораду для сустрэч з кандыдатамі. Месцы, вызначаныя для агітацыі, ушчамляюць правы выбарцаў у параўнаньні зь месцамі для збору подпісаў. У Бабруйску наагул збор подпісаў ішоў дужа добра. Улада спалохалася, і таму вызначыла нам такія месцы", зазначае кіраўнік партыйнай арганізацыі Віктар Бузінаеў.

У бабруйскім сьпісе месцаў для агітацыі значацца актавыя залі й спортпляцоўкі. Акрамя таго, што яны аддаленыя ад людных месцаў, цьвердзяць апазыцыянэры, яны яшчэ й невялікія.

Старшыня Першамайскай выбарчай камісіі Бабруйску Віктар Гарбанёў прэтэнзіі апазыцыянэраў лічыць неабгрунтаванымі:

"Ва ўласнасьці выканкаму іншых памяшканьняў няма. Я ж не магу ім на заводзе даць. Мы ж дамовіліся, што з заводам самі паразумеюцца. У школу мы ж іх ня пусьцім, правільна? А ў Дом культуры — там крэслы такія дарагія. Дык яны арэнду браць будуць. А тут мы бясплатна даем".

Тым часам у Магілёве дагэтуль застаюцца невядомымі месцы, дзе можна будзе агітаваць. Супрацоўніца Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі гэтак тлумачыць таемнасьць:

"Вы ж разумееце, што рашэньне ёсьць. Мы яго ўжо зацьвердзілі. Аднак месцы будуць абвешчаныя толькі пасьля рэгістрацыі кандыдатаў. Так, ва ўсялякім выпадку, гаворыць заканадаўства".

Даведацца пра месцы агітацыі ўдалося ў Ленінскай выбарчай камісіі магілёўскаму праваабаронцу Аляксею Колчыну. Як ён кажа, сьпіс гэтых месцаў можа і не зьявіцца ў афіцыйнай прэсе. У камісіі яму не патлумачылі, чаму:

"Чамусьці ў адміністрацыях Магілёва ўсе рашэньні, датычныя выбараў, вельмі цяжкадаступныя. Месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў ня самыя зручныя й далёка ня самыя лепшыя. Іх толькі тры. Што тычыцца месцаў для сустрэчаў, то гэта ў асноўным актавыя залі школ".

Сярод месцаў для масавых мерапрыемстваў значыцца й вядомая апазыцыянэрам пляцоўка перад аварыйным будынкам былога Дома культуры й адпачынку на вуліцы Чалюскінцаў, 64А. Яна ўся ў засьцерагальных стужках. І гэтая пляцоўка, і яшчэ дзьве астатнія — убаку ад людных месцаў гораду.

Аварыйная пляцоўка на вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Улады не зрабілі крокаў наперад


Актывісты на Гарадзеншчыне лічаць, што пры вызначэньні месцаў для правядзеньня агітацыі падчас выбарчай кампаніі ўлады не зрабілі крокаў наперад.

Актывіст АГП Юры Істомін кажа, што ў раёнах гораду ўсяго па некалькі месцаў для сустрэч. Усе яны ня ў цэнтры гораду. Абмежаваная колькасьць залаў, у якіх можна праводзіць сустрэчы, няма дазволу на правядзеньне сустрэчаў з працоўнымі калектывамі на прадпрыемствах гораду.

"У параўнаньні зь іншымі краінамі, дзе падчас выбарчай кампаніі "кожны слуп крычыць" пра выбары, кандыдатаў, у нас такога і блізка няма", — кажа Істомін.

Праваабаронца Раман Юргель, які вядзе назіраньне за выбарчай кампаніяй, зачытвае сьпіс вызначаных для агітацыі месцаў і адразу зазначае, што стадыёны, пляцоўкі ці, да прыкладу, той самы Калоскі парк — гэта месцы, куды водзяць толькі выгульваць сабак.

Ён зьвяртае ўвагу на тое, што ў цэнтры гораду практычна нідзе ня вызначаныя месцы для агітацы:

"Памятаю, як у 1994 годзе Аляксандар Лукашэнка як кандыдат у прэзыдэнты прыяжджаў у Горадню і сустракаўся з выбарцамі на Савецкім пляцы, у самым цэнтры гораду. І ніхто яму ў гэтым не замінаў. А праз 16 гадоў яго праўленьня, ад выбараў да выбараў, абмежаваньні, каб сустрэцца з выбарцамі, толькі нарастаюць".

У раённых цэнтрах, што датычыць месцаў для правядзеньня перадвыбарчай агітацыі, нічога не зьмянілася. Да прыкладу, у Мастах дазволілі яшчэ некалькі месцаў для сустрэч кандыдатаў з выбарцамі, але гэтыя месцы, са слоў мясцовага актывіста Зьмітра Кухлея, на ўскрайку гораду.

Кухлей: "Вызначаныя месцы — ня людныя. Потым, па горадзе вызначылі толькі пяць месцаў, дзе людзі практычна ня ходзяць і таму ніякіх умоваў для правядзеньня агітацыі няма. А ў вёсках наагул гэтае пытаньне аддалі на разгляд сельсаветаў. Дагэтуль нідзе не надрукаваны сьпіс месцаў, дзе там можна праводзіць агітацыю".


ВІЦЕБШЧЫНА


"Кандыдатаў "загоняць" на дваравыя пляцоўкі"


Паводле рашэньня Віцебскага гарвыканкаму агітацыю за кандыдатаў у прэзыдэнты можна будзе весьці пераважна ў актавых залях навучальных устаноў ды на пляцоўках у жылых мікрараёнах.

Гэта пляцоўкі, якія яшчэ ў савецкія часы выкарыстоўваліся, каб праводзіць канцэрты мастацкай самадзейнасьці. І на сёньняшні дзень іх захаванасьць і прыстасаванасьць для перадвыбарчых сустрэч дужа розная. Адны ўтрымліваюцца ў парадку, пэрыядычна рамантуюцца і выкарыстоўваюцца, іншыя — у ня дужа ахайным стане.

Адна з такіх пляцовак месьціцца ў двары дома, дзе жыве віцебская актывістка Алена Фаміна:

"Ёсьць агітацыйная пляцоўка. Яна ўяўляе сабой сцэну — напалову з дахам, напалову не. І ніводнай лаўкі. Пасярэдзіне — прастора 10 на 10 мэтраў… Зараз ідзе прэзыдэнцкая кампанія, кампанія рэспубліканскага маштабу. І заганяць кандыдатаў на такія пляцоўкі дваравыя — гэта дарма, таму што не адпавядаюць яны маштабу дзяржаўнай кампаніі".

Усяго ў Віцебску вызначана 20 пляцовак для сустрэч з кандыдатамі ці іхнімі даверанымі асобамі. Аршанскія ўлады вызначылі 13 такіх пляцовак, хаця на афіцыйным сайце гарвыканкаму пастанова пра гэта так і не апублікавана. У Полацку — 8 агітпляцовак, у Наваполацку — на ўсіх наяўных пляцоўках у жылых мікрараёнах.

А вось у райцэнтры Глыбокае з амаль 20-тысячным насельніцтвам улады вызначылі ўсяго адну такую пляцоўку для сустрэч. Гэта пляцоўка каля гарадзкога Дома культуры, распавядае мясцовы актывіст Зьміцер Лупач:

"Гэтае месца можна назваць нашым мясцовым Бангалорам — нам яго звычайна давалі для пікетаў на 25 сакавіка. Яно далёка ня ў цэнтры, і там мала людзей ходзіць. Вось, напрыклад, калі паглядзець па вёсках — дык там нармальныя месцы вызначаны: каля клюбаў, каля крам. І ў Глыбокім ёсьць дзьве прыдатныя плошчы — плошча 17 верасьня каля касьцёла і плошча каля нашага "Белага дому". А на той пляцоўцы, дзе яны вызначылі, можна людзей менш як у нейкай вёсцы сустрэць!

У Мёрах ды Браславе, дзе жыхароў менш удвая —адпаведна 3 і 4 пляцоўкі. Нават у Расонах, дзе няма і 6 тысяч насельніцтва, вызначаныя 3 пляцоўкі для агітацыі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG