Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым займаюцца кандыдаты да рэгістрацыі?


Як паведамілі ў Цэнтравыбаркаме, рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты можа адбыцца 17-18 лістапада. І толькі тады кандыдаты атрымаюць права пачаць агітацыю. А чым будуць займацца да рэгістрацыі некаторыя дэмакратычныя кандыдаты?

Паводле каляндарнага пляну прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, які склаў Цэнтравыбаркам, рэгістрацыя кандыдатаў павінна адбыцца ў пэрыяд з 14 да 23 лістапада. Аднак, як паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, паседжаньне Цэнтральнай камісіі ў гэтай справе можа адбыцца 17-18 лістапада. Пакуль толькі кандыдат Уладзімер Правальскі здаў неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі: дэклярацыю аб прыбытку і маёмасьці і іншыя.

9 лістапада зьбіраецца аднесьці такія дакумэнты кандыдат Яраслаў Раманчук. Аднак ён пагаджаецца, што сама працэдура рэгістрацыі кандыдатаў — зацягнутая.

"Можна было б зь людзьмі ўжо сустракацца, працаваць. Але тут калі пачнеш кампанію, адразу цябе могуць абскардзіць, што ты яшчэ незарэгістраваны і парушаеш права. І таму тут у такім падвешаным стане шукаеш такія формы, якія б не былі формай парушэньня заканадаўства, але давалі б магчымасьць працы зь людзьмі. Безумоўна, шмат працы ідзе праз інтэрнэт, дзе добрая камунікацыя з выбарцамі і сваімі прыхільнікамі".

Спадар Раманчук паведаміў, што ў пэрыяд да рэгістрацыі мае намер зрабіць, да прыкладу, візыт у Галяндыю, сустрэцца са студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні, а таксама наведаць адну з навучальных установаў у Менску. Таксама ён правядзе прэсавую канфэрэнцыю па выніках сацыяльнага разьвіцьця Беларусі за апошнія пяць гадоў і будзе працаваць над інфармацыйнымі матэрыяламі.

Кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў кажа, што справаў хапае: падрыхтоўка дакумэнтаў, партыйная дзейнасьць. Трэба будзе рыхтаваць правядзеньне сойму Партыі БНФ":

"Паводле заканадаўства, зараз не дазваляецца агітацыя, таму мы ўстрымліваемся. Падабаецца ці не падабаецца заканадаўства, але яго трэба выконваць. Хаця ня ўсе яго выконваюць. Але мы стараемся выконваць, каб не было лішняй нагоды зьняць нас з выбараў".

Паводле Віталя Рымашэўскага, у працяглы пэрыяд да рэгістрацыі дэмакратычныя кандыдаты знаходзіцца ня ў роўных умовах параўнальна з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам:

"Хіба што толькі ўчора маё прозьвішча зьявілася, здаецца, на БТ у пераліку кандыдатаў зь нейкім рэйтынгам у пару адсоткаў. А дагэтуль улады і дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі рабілі выгляд, што выбараў у нас няма, а ёсьць адзін кандыдат. Свабоднымі ўмовамі гэта назваць нельга. Таксама нерэгістрацыя партыі БХД ускладняе нам удзел у выбарчай кампаніі. На агітацыю будзе дадзена меней за месяц. Для ўмоваў Беларусі гэта вельмі мала. Улічваючы тую акалічнасьць, што Лукашэнка мае права і магчымасьць агітаваць, нэгатыўную інфармацыю выліваць на іншых кандыдатаў, гэта ня робіць выбары свабоднымі і дэмакратычнымі".

Віталь Рымашэўскі распавёў, што цяпер яго каманда займаецца падрыхтоўкай актывістаў да агітацыйнай кампаніі. Найбліжэйшым часам Віталь Рымашэўскі правядзе прэсавую канфэрэнцыю, таксама ён плянуе паездкі ў Літву, Нарвэгію і Францыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG