Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя прыпыняе размовы пра адзінага кандыдата


Сёньня апазыцыйныя кандыдаты Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў і прадстаўнік Яраслава Раманчука Анатоль Лябедзька заклікалі выбарцаў прыйсьці 24 лістапада на Кастрычніцкую плошчу Менску на сустрэчу ў рамках выбарчай кампаніі. Гэты мітынг мае стаць рэпэтыцыяй плошчы 19 сьнежня.

Апазыцыйныя ўдзельнікі выбарчай кампаніі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі прызналі, што ня маюць спадзеваў на справядлівыя выбары, бо вынікі фармаваньня ўчастковых камісіяў паказалі, што лічыць галасы будуць толькі прадстаўнікі Аляксандра Лукашэнкі. У гэтых умовах апазыцыя ўскладае надзеі на масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыяў.

Віталь Рымашэўскі
Мікола Статкевіч
Уладзімер Някляеў
Анатоль Лябедзька
Кандыдат ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі заклікаў суграмадзян на першую такую акцыю на Кастрычніцкай плошчы Менску 24 лістапада, у гадавіну рэфэрэндуму 1996 году, на якім была зьмененая Канстытуцыя. Акцыя пройдзе ў рамках дазволенай законам агітацыйнай кампаніі:

"Сёньня, у адрозьненьне ад 2006 году, беларускія лідэры павінны быць наперадзе, павінны ўмець арганізаваць, кіраваць працэсам. Павінны быць здольнымі прыняць людзей у шэраг сваіх партыяў, арганізацыяў, узначаліць масавыя пратэсты, якія прывядуць, безумоўна, рана ці позна, да зьмены існуючага рэжыму, да перамогі свабоды і дэмакратыі ў Беларусі".

Заклік Віталя Рымашэўскага падтрымалі Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў і Анатоль Лябедзька. На агульную сустрэчу не прыйшлі яшчэ тры апазыцыйныя кандыдаты — Алесь Міхалевіч, Рыгор Кастусёў і Андрэй Саньнікаў.

Мікола Статкевіч
— відаць, і ў сувязі з гэтым — заявіў: у яго няма надзеі, што апазыцыя атрымае адзінага кандыдата:

"Тут ужо паўстае пытаньне хаця б пра агульную стратэгію, пра агульныя дзеяньні і, як мінімум, спыненьне ўзаемнай публічнай барацьбы на радасьць уладзе".

Уладзімер Някляеў зазначыў, што прымаў удзел ва ўсіх працэдурах па абраньні адзінага, але большасьць вырашыла адкласьці гэтае пытаньне на час пасьля афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатаў. Спадар Някляеў у такіх умовах заклікаў калегаў спыніць размовы пра другаснае:

"Пляцоўкай усіх нашых дамоўленасьцяў можа быць толькі плошча. Усё. Разьмеркаваньне абавязкаў і адказнасьці за плошчу. Удзельнічаеш ты ў гэтым працэсе — значыць, удзельнічаеш у выпрацоўцы агульнай стратэгіі і тактыкі. Таму што, як справядліва сказалі і Рымашэўскі, і Статкевіч, на сёньняшні дзень ужо можна лічыць, што выбары ў Беларусі ня пройдуць ні свабодна, ні справядліва, яны будуць сфальсыфікаваныя. Ужо гэта пачынаецца".

На прапанову Анатоля Лябедзькі тры апазыцыйныя кандыдаты ўвогуле пагадзіліся закрыць для абмеркаваньня з прэсай тэму адзінага кандыдата да таго часу, пакуль ня будзе чаго сказаць наконт гэтага. Разам з гэтым Анатоль Лябедзька прызнаўся, што ён і ня ўпэўнены ў неабходнасьці адзінага кандыдата ад апазыцыі:

"На наш погляд, мэта як задача-максымум — гэта перамога, як задача-мінімум — гэта пачатак рэальнага перамоўнага працэсу паміж уладай і апазыцыяй пры пасярэдніцтве адказных міжнародных арганізацый. Усё астатняе — інструмэнты. У тым ліку і адзіны кандыдат. Я на сёньняшні дзень зьяўляюся пасьлядоўным прыхільнікам адзінага кандыдата, але не перакананы, што адзіны кандыдат дапаможа рэалізаваць гэтыя мэты і задачы".

Апазыцыйныя кандыдаты падрыхтавалі праект супольнай заявы, у якой цьвердзяць аб падрыхтоўцы ў Беларусі выбарчых фальсыфікацый і зьвяртаюцца да замежных структур з заклікам зрабіць больш інтэнсіўным міжнароднае назіраньне на выбарах.

На пытаньне аб тым, ці ведаюць арганізатары плошчы 19 сьнежня, куды весьці народ, Віталь Рымашэўскі зазначыў:

"Ёсьць некалькі варыянтаў…"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG