Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская міліцыя заклікала быць пільнымі на выбарчых участках


Газэта "Віцебскі рабочы" надрукавала зварот Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі, дзе выбарцаў папярэджваюць пра верагоднасьць тэрактаў і антыдзяржаўных заклікаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

У звароце пад рубрыкай "Зьвярніце ўвагу" напісана: "Калі вы заўважылі падазроных асобаў, якія хочуць пакінуць рэчы без нагляду, або знайшлі кінутыя буйнагабарытныя прадметы ці іншыя рэчы, ці ўбачылі плякаты антыдзяржаўнага і антысэміцкага зьместу, просім неадкладна паведаміць у міліцыю".

Выбарцам прапанавана зьвяртацца або да дзяжурнага міліцыянта, або тэлефанаваць "102". "Ананімнасьць і ўзнагароджаньне гарантаваныя, калі інфармацыя пацьвердзіцца", — гаворыцца ў звароце.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў лічыць, што гэты зварот можа прывесьці да шкодных наступстваў: згадкі пра верагодную пагрозу тэрактаў заўжды спараджаюць панічныя настроі, і супрацоўнікі міліцыі ня могуць не ўсьведамляць, што падобнымі заклікамі ствараюць на выбарчых участках атмасфэру страху і няўпэўненасьці. Заклік да выбарцаў, каб тыя былі пільныя ды паведамлялі пра праявы "антыдзяржаўных" ды "антысэміцкіх" настрояў, таксама можа справакаваць канфліктныя сытуацыі.

Увогуле ж, на думку Паўла Левінава, зварот Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі можна разглядаць і як спробу завабіць выбарцаў на датэрміновае галасаваньне: сьледам могуць зьявіцца міліцэйскія рэкамэндацыі прыходзіць галасаваць раней, а ня ў дзень выбараў, калі на ўчастку будзе шмат людзей — у тым ліку, магчыма, і "падазроных асобаў з буйнагабарытнымі прадметамі", і экстрэмістаў з "плякатамі антыдзяржаўнага зьместу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG