Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Данькоў пра лібэралізацыю: "Раней трэба было..."


Палажэньні справаздачы Сусьветнага банку “Вядзеньне бізнэсу-2011” аб тым, што Беларусь увайшла ў дзясятку краін сьвету, якія найбольш палепшылі ўмовы для вядзеньня бізнэсу, мы папрасілі пракамэнтаваць незалежных беларускіх эканамістаў і бізнэсоўцаў.

Эканаміст Сяргей Чалы зьвяртае ўвагу на тое, што ў справаздачы экспэрты Сусьветнага банку бяруць пад увагу крокі ўраду для лібэралізацыі бізнэсу за пяць апошніх гадоў, тым самым ухваляючы ранейшыя дзеяньні ўладаў. Але, на думку спадара Чалага, за апошні год нічога істотнага для паляпшэньня бізнэс-клімату ў Беларусі не было зроблена, хіба што скасавалі ліцэнзаваньне асобных відаў дзейнасьці:

"Усё, што можна было зрабіць лёгкага для таго, каб палепшыць пазыцыі ў рэйтынгу, нашыя ўлады ўжо зрабілі. А што да асноўных двух парамэтраў, паводле якіх у нас было кепска — гэта складанасьць падатковай сыстэмы, паводле якой мы на апошніх месцах, і ўмовы для вядзеньня замежнага гандлю, — то па гэтых парамэтрах нічога новага асабліва ня зроблена".

Калі ўрад Беларусі хоча сапраўды палегчыць умовы для вядзеньня бізнэсу, Сяргей Чалы рэкамэндуе перш за ўсё спрасьціць падатковую сыстэму і зьменшыць самі падаткі.

Патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзыдэнта эканаміст Яраслаў Раманчук таксама кажа пра хібнасьць мэтадалёгіі экспэртаў Сусьветнага банку:

"У мэтадалёгіі Сусьветнага банку няма такога паказчыка, як свабода цэнаў, як абарона права ўласнасьці, што вельмі важна. У нас у сапраўднасьці за 11 месяцаў нават дырэктыву аб лібэралізацыі не прынялі, што сьведчыць пра тое, што калі Сусьветны банкі і адзначыў нейкі прагрэс, то толькі па нейкіх працэдурах, якія не акрэсьліваюць прынцыпова якасьці дзелавога клімату ў нашай краіне".

На думку Яраслава Раманчука, існуючы праект дырэктывы аб лібэралізацыі таксама не дае спадзяваньняў на прагрэс, бо ён па сутнасьці прапануе захаваньне плянавай эканомікі на найбліжэйшыя 4 гады.

Менскі прадпрымальнік Юры Данькоў, уладальнік “Данькоў-клюбу”, бачыць пэўнае паляпшэньне ва ўмовах вядзеньня бізнэсу ў Беларусі:

"Праверак стала меней, скажу шчыра. Што датычыць дакумэнтацыі і справаздачнасьці, то таксама не скажу, што цяпер бухгальтары надта скардзяцца на гэта".

Абяцанкі ўладаў пра далейшую лібэралізацыю спадар Данькоў успрымае скептычна: з 1 студзеня лібэралізуюць, а пазьней скасуюць, мяркуе ён:

"Незразумелая сытуацыя: раней былі "вашывыя камэрсанты", а раптам ім свабода — ліцэнзіяў ня трэба… Людзі ў турмы трапілі за неліцэнзійную дзейнасьць, грошы страцілі штрафнымі санкцыямі, а тут выяўляецца, што гэта ўжо ня трэба з наступнага году... Раней трэба было. А заўтра што: выбачайце, скажуць, тут нам напісалі, што кепска, давайце ўсё скасуем і вернем ранейшыя парадкі?"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG