Уладзімер, Вы пісалі, што і па бацькавай, і па матчынай лініі паходзіце зь сялянаў. Скажыце, калі ласка, адкуль такое захапленьне шляхтай? Не сакрэт, дарэчы, што і сёньня ў народным уяўленьні шляхта — гэта палякі, ці, прынамсі, не свае.
Вячаслаў
Наконт сваіх каранёў нічога новага дадаць не магу. Хоць адзін з нашых адмыслоўцаў у генэалёгіі і абяцаў мне — амаль задарма — скласьці шляхецкае радаслоўе, адкуль мой род, я ведаю. Адно нагадаю, што дзяды належалі да людзей заможных, таму 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя і не перажылі. А бацькі былі інтэлігентамі ў першым калене. Нехта сказаў, што, каб стаць сапраўдным інтэлігентам, трэба скончыць тры ўнівэрсытэты: адзін — дзеду, другі — бацьку і трэці — табе самому. Калі кіравацца гэтым крытэрам, да інтэлігенцыі належаць пакуль толькі мае сыны.
А цяпер пагаворым пра шляхту. Я ёю не захапляюся - аддаю належнае.
Параўнальна зь іншымі эўрапейскімі краінамі шляхецкі (дваранскі) стан у дзяржаве нашых продкаў — Вялікім Княстве Літоўскім — складаў вельмі значную частку насельніцтва. Адна з галоўных прычынаў — частыя войны і неабходнасьць мець вялікую колькасьць вайскова-служылых людзей. У ХVІІ стагодзьдзі шляхцічам быў прыкладна кожны дзясяты жыхар краіны. (Некаторыя дасьледнікі называюць нават лічбы 12-15%). У суседніх Расеі, Аўстрыі і Прусіі дваранскімі правамі карысталася ўсяго блізу 1% жыхарства, у Францыі — 2-3%.
У залежнасьці ад маёмасьці і палітычнай вагі шляхта падзялялася на арыстакратыю, сярэдніх і дробных землеўласьнікаў, якія валодалі ў лепшым разе некалькімі дзясяткамі сялянскіх «дымоў». На апошняй прыступцы стаяла дробная шляхта, што мела зямельныя надзелы без падданых. Гэта пра аднаго з такіх гаспадароў Уладзімер Караткевіч напісаў: «У той дзень ён высакародна араў сваё поле». Вывозіць на палеткі гной такі шляхціч мог, ня менш высакародна ўторкнуўшы ў яго шаблю.
Незалежна ад свайго набытку шляхта Вялікага Княства мела надзвычай шырокія вольнасьці, у тым ліку асабістую недатыкальнасьць і магчымасьць вольнага выезду за мяжу. Судзіць шляхціча мог выключна шляхецкі суд. Празь мясцовыя соймікі і агульнадзяржаўны вальны Сойм шляхта ўдзельнічала ў самакіраваньні ў паветах і ваяводзтвах, а таксама ў вызначэньні палітыкі ўсёй краіны. Менавіта шляхта выбірала вялікага князя і судзьдзяў усіх роўняў да найвышэйшага — Трыбуналу ВКЛ. Гэта ўрэшце прывяло да стварэньня своеасаблівай шляхецкай рэспублікі.
Шматлікасьць і велізарная роля шляхты ў дзяржаўным жыцьці далі гісторыкам падставы называць яе «палітычным народам». Гэты народ вызначаў шлях краіны цягам некалькіх стагоддзяў.
Вядома, шляхецкую дэмакратыю ня трэба ідэалізаваць: яна мела і адваротны бок — анархію. Карыстаючыся правам «liberum veto» (вольнае забараняю), у адпаведнасьці зь якім соймавыя пастановы прымаліся толькі ў выпадку аднадушнага галасаваньня, які-небудзь шляхціч-дэпутат гарлаў: «Veto!», і рашэньне не праходзіла. Разгляд пытаньняў нярэдка заканчваўся шабельным звонам. Каб дасягнуць патрэбнага аднагалосься, зьбітых апазыцыянэраў выкідалі ў дзьверы, але «Veto!» гучала з вокнаў, а адзін полацкі шляхціч прымудрыўся вярнуцца ў залю паседжаньняў ваяводскага сойму праз камінны дымаход.
Некаторыя аўтары (а ня толькі «народнае ўяўленьне», пра якое Вы, Вячаслаў, гаворыце) называюць шляхту былога Вялікага Княства Літоўскага польскай. Гэтаму заўсёды спрыяла ў сваіх мэтах каляніяльная расейская адміністрацыя, а потым ёйныя ідэалягічныя спадкаемцы, што дажылі дасёньня.
Напраўду нашая шляхта, хоць і карысталася ў ХІХ стагодзьдзі польскай мовай, была мясцовага паходжаньня. Яна ніколі не захоплівала гэтай зямлі, а, наадварот, бараніла яе ад ворагаў, паўставала супроць акупантаў, добра ведала беларускую мову і традыцыйную народную культуру.
Літва-Беларусь не была тут выняткам. Адыход панавальнага стану ад сваіх каранёў адбываўся і ў іншых краінах. Вярхі нарвэскага грамадзтва засвоілі дацкую культуру, чэскага — нямецкую, а расейскага — францускую. Але, калі насьпелі новыя гістарычныя ўмовы, пачалося вяртаньне эліты да нацыянальных каштоўнасьцяў. Нягледзячы на намаганьні палянізатараў і русыфікатараў наш край усё ж ня стаў ні польскім, ні расейскім. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва, праведзенага ў Расейскай імпэрыі ў 1897 годзе, 65 тысяч, або 45% дваранаў у беларускіх губэрнях (дзе шмат было тады і наежджых) назвалі роднай мовай беларускую.
А зь якога стану, скажыце, паходзілі Канстанцін Каліноўскі ды астатнія кіраўнікі паўстаньня 1863 году? А нашыя першыя клясыкі й стваральнікі новай беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Францішак Багушэвіч? А «бацькі» нацыянальнага Адраджэньня й Беларускай Народнай Рэспублікі браты Луцкевічы?..
Каб ня нашая шляхта, мы жылі б, відаць, у іншай дзяржаве.