Цыганкоў: У пытаньні рэгістрацыі патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ўлада мае некалькі дастаткова супярэчлівых матывацыяў. З аднаго боку, улада павінна паказаць, што яна ўсё ж кантралюе сытуацыю і кіруе працэсам, зь іншага — яна зацікаўленая, каб было як мага больш апазыцыйных кандыдатаў. Ці будзе нейкі адсеў на гэтай стадыі, і хто застанецца за бортам?
Быкоўскі: Адсеў будзе, і прэсавая канфэрэнцыя Ярмошынай паказвае, што адсеў будзе дастаткова заўважны. Урэшце, гэта першыя выбары ў гісторыі Беларусі, калі ў выбарчыя камісіі здавалі ксэракопіі падпісных лістоў. Тое што ўзьнікалі праблемы з «маляваньнем» подпісаў, і было спрэчнае пытаньне, ці сам выбаршчык паставіў свой подпіс, — гэта было на многіх ранейшых выбарах.
Але ўпершыню зьявіліся падпісныя аркушы, якія былі цалкам ксэракапіраваныя. Такога на маёй памяці не было…
Цыганкоў: Такога нахабства?
Шмат хто сапраўды быў перакананы, што галоўнае — прынесьці паперы, а ўлады са сваіх прычынаў зарэгіструюць усіх.
Быкоўскі: Такога нахабства. Бо, хутчэй за ўсё, шмат хто сапраўды быў перакананы, што галоўнае — прынесьці паперы, а ўлады са сваіх прычынаў зарэгіструюць усіх. Але выглядае, што кагосьці адсеюць.
Цыганкоў: Як з гэтага пункту гледжаньня ўлада будзе вырашаць другую сваю задачу — пакінуць як мага болей апазыцыйных кандыдатаў, каб ім было цяжка дамовіцца пра адзінага?
Быкоўскі: Кандыдатам і без улады будзе цяжка дамовіцца пра адзінага. Шмат хто ўклаў у збор подпісаў шмат сілаў і сродкаў. Цяпер каманды кандыдатаў, якія працавалі за грошы ці за ідэю, могуць «не зразумець» свайго кандыдата, які скажа, што мы цяпер здымаемся за іншага.
Акрамя таго, ЦВК адсее тых, у каго занадта яскравыя парушэньні, ня выключана, што ня хопіць подпісаў у тых ,у каго яны былі на мяжы неабходных ста тысячаў. У выніку акажацца, што ў нас ёсьць 5-7 кандыдатаў.
Калі Лукашэнка прызнаўся, што ён хоча, каб было 75 працэнтаў за яго, то астатнія 25 працэнтаў трэба «размазаць» паміж ягонымі канкурэнтамі. І калі будзе 5 альтэрнатыўных кандыдатаў, то гэтыя 25 працэнтаў можна падзяліць так, каб ніхто зь іх не атрымаў шмат. Тады ніхто зь іх ня можа сказаць, што за ім стаіць вялікая колькасьць выбаршчыкаў, і гэта ня будзе мець нэгатыўных наступстваў для рэжыму пасьля выбараў.