Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўстрыі дагэтуль згадваюць тырольскія канікулы Лукашэнкі


Адпачынак Лукашэнкі ў Аўстрыі ў 2002 годзе мог аплачваць мільярдэр Марцін Шлаф. Як падаюць аўстрыйскія СМІ, гэта даў зразумець колішні кіраўнік нацыянальнага алімпійскага камітэту Аўстрыі і ўладальнік сеткі «Casinos Austria» Леа Вальнэр. Менавіта паводле ягонага запрашэньня беларускі кіраўнік і яго сьвіта ў сакавіку 2002 году наведалі адзін з найлепшых альпійскіх курортаў.

Сёньня Леа Вальнэр — адзін зь фігурантаў гучнага карупцыйнага скандалу ў аўстрыйскім НАК. Сярод матэрыялаў венскай пракуратуры — фінансавыя рахункі на суму 200 тысяч эўра за адпачынак беларускага кіраўніка. Іх аплаціла «Casinos Austria» праз «чорную касу» Алімпійскага камітэту Аўстрыі.

На пытаньне журналістаў венскага «Kurier», чым было выклікана запрашэньне ды гасьцінны прыём беларускага кіраўніка, які на Захадзе мае адыёзную рэпутацыю, Вальнэр адказаў: яму ў голаў «прыходзілі думкі адносна пэрспэктывы адкрыцьця казіно ў гэтай краіне». Вальнэр таксама намякнуў, што канікулы беларускай каманды ў Тыролі аплаціў вядомы аўстрыйскі багацей, які вядзе бізнэс ва Ўсходняй Эўропе.

Паводле інфармацыі з аўстрыйскіх прадпрымальніцкіх колаў, гэты бізнэсовец — ніхто іншы, як 57-гадовы аўстрыйскі мільярдэр Марцін Шлаф, фігурант некалькіх гучных міжнародных карупцыйных скандалаў. Сярод іншага ён вядомы тым, што набывае ва Ўсходняй Эўропе нерэнтабэльныя кампаніі, разьвівае іх, а потым перапрадае.

У сваім інтэрвію Леа Вальнэр ня стаў адмаўляцца, калі журналісты назвалі гэтае імя. Сам жа Марцін Шлаф абверг у прэсе інфармацыю адносна аплаты ім Лукашэнкавых рахункаў.

Ва ўсякім разе, пішуць аўстрыйскія СМІ, Шлаф зрабіў у Беларусі вельмі выгадныя зьдзелкі. Так, напрыклад, на адным пагадненьні па перапродажы беларускага апэратара сотавай сувязі Velcom кампаніі Telekom Austria ён зарабіў больш за 200 мільёнаў эўра.

Што тычыцца праектаў у галіне прасоўваньня на іншых рынках сеткі аўстрыйскіх казіно, дык тут негаваркі ў размовах са СМІ Шлаф дасягнуў асабліва вялікіх посьпехаў. Тыя ж створаныя пры непасрэдным удзеле Шлафа «Casinos Austria» ў Грэцыі прыносяць аўстрыйскаму прадпрымальніку надзвычайныя прыбыткі.

Апошнім часам гешэфтамі Шлафа зацікавілася і ізраільская крымінальная паліцыя. На пачатку 2000-х гэтага бізнэсоўца, які мае габрэйскае паходжаньне, западозрылі ў датычнасьці да некалькіх карупцыйных скандалаў, фігурантамі якіх былі і Авігдор Лібэрман, і Шымон Пэрэс, і Арыэль Шарон, і шмат якія іншыя высокапастаўленыя ізраільскія палітыкі.

Ізраільскія СМІ ўзгадваюць, што пры канцы 1990-х Марцін Шлаф меўся пабудаваць «новы Блізкі Ўсход», ператварыўшы Палестынскую аўтаномію ў «блізкаўсходні Лас-Вэгас», і зарабіў сотні мільёнаў даляраў на казіно ў Ерыхоне. Шлаф не адмовіўся ад амбітных блізкаўсходніх праектаў і дагэтуль — нядаўна ён падрыхтаваў для свайго сябра, кіраўніка МЗС Авігдора Лібэрмана, праект мірнай дамовы з Сырыяй, які мяркуецца рэалізаваць пад патранатам Масквы і з дапамогай шырокіх сувязяў Шлафа ў сырыйскім кіраўніцтве.

Ізраільскія СМІ пішуць таксама пра блізкія сувязі аўстрыйскага мультымільянэра з кланам Кадафі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG